wd wp Пошук:

Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ліхадзіеўскі. Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі (9 мая 1911, вёска Баславічы (цяпер Барок), Слуцкі раён, Мінская вобласць — 13 лютага 1979, Ташкент, Узбекістан) — беларускі паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнаўца.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (1926—1930), у Беларускім дзяржаўным універсітэце (1930—1931), у Беларускім вышэйшым педагагічным інстытуце (1931—1933). Скончыў Томскі педагагічны інстытут (1939). Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1933 г. быў рэпрэсіраваны і высланы на 3 гады на поўдзень Казахстана ў Сарыагачскі раён. Настаўнічаў у сярэдніх школах. У 1939 г. паступіў у аспірантуру Ташкенцкага педінстытута. Працаваў выкладчыкам гэтага інстытута, быў дэканам факультэта, а з 1963 г. загадваў кафедрай замежнай літаратуры Рэспубліканскага педагагічнага інстытута рускай мовы і літаратуры. Рэабілітаваны ў 1956 г. Доктар філалагічных навук, прафесар. Узнагароджаны медалямі.

Творчасць

Першы верш надрукаваў у 1925 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Пісаў на беларускай, рускай і ўзбекскай мовах. Выйшлі зборнікі паэзіі «Чырванеюць вішні» (1931), «Рокаты дальняй прыстані» (1931), «Крыкавыя знічкі на снезе» (1932), «Мы — маладая гвардыя» (1932), кніжкі вершаў і перакладаў «Брэстанка жывых трывог» (выбраныя вершы і пераклады, 1962), «Поиски сердолика» (вершы, пераклады, Ташкент, 1973), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981).

Вядомы і як крытык і літаратуразнавец. Аўтар кніг «Анатоль Франс: Краткий очерк творческого пути» (Ташкент, 1954), «Анатоль Франс: Очерк творчества» (Ташкент, 1962), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Родасть встреч» (Ташкент, 1977).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы французскіх, нямецкіх, узбекскіх паэтаў.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Сябры літаратурнага аб’яднання Маладняк Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі з нямецкай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з узбекскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі з французскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be