Тадэвуш Бароўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бароўскі.
Тадэ́вуш Баро́ўскі (польск.: Tadeusz Borowski; 12 лістапада 1922, Жытомір, УССР — 3 ліпеня 1951, Варшава) — польскі паэт, празаік і публіцыст з пакалення калумбаў.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Савецкай Украіне, быў другім сынам Станіслава і Тэафіліі Бароўскіх. У 1926 годзе бацьку Тадэвуша арыштавалі (а да гэтага яго кніжная крама была нацыяналізавана) і саслалі ў Карэлію, у ГУЛАГ. А праз чатыры гады ў Сібір, на бераг Енісея, была выслана і маці будучага пісьменніка. Два браты-Бароўскія засталіся адны. Старэйшы, Юліюш, трапіў у інтэрнат, малодшым, Тадэвушам, апекавалася цётка. У 1932 годзе Станіслаў Бароўскі быў выменяны на арыштаваных у Польшчы камуністаў і пераехаў у Польшчу, туды ж, з дапамогай польскага Чырвонага Крыжа, паехалі і яго дзеці. Бацька сустрэўся з сынамі пры самай польскай мяжы, у Баранавічах. Годам пазней вярнулася маці, і сям’я Бароўскіх асела ў Варшаве. У 1939 годзе дом Бароўскіх згарэў падчас аблогі Варшавы. У 1940 годзе Тадэвуш скончыў падпольную гімназію (гэтыя, а таксама многія іншыя падзеі апісаныя ў «Экзамене на Гандлёвай»), пасля вучыўся ў падпольным Варшаўскім універсітэце на аддзяленні паланістыкі, дзе пазнаёміўся за сваёй будучай жонкай Марыяй Рунда. У гэты час ён працаваў вартаўніком на будаўнічай фірме і падпрацоўваў у часопісе «Дарога» (Droga).
Дэбютаваў Тадэвуш Бароўскі ў 1942 годзе зборнікам вершаў «Паўсюль, дзе зямля», надрукаваным на ручным гектографе ў падпольнай тыпаграфіі. У 1943 годзе падчас адной з аблаваў знікла Марыя, каханая Тадэвуша. Бароўскі кінуўся яе шукаць і на адной з канспірацыйных кватэраў трапіў у засаду. Яго арыштавалі і завезлі ў вязню Павяк, а праз некаторы час — у Асвенцым. Праз некалькі месяцаў ён моцна захварэў і трапіў у асвенцымскі лазарэт, дзе, паправіўшыся, змог з дапамогай сяброў застацца. Ён спрабуе наладзіць сувязь з нявестай, якая ўтрымліваецца непадалёк, але ў значна горшых умовах, перадае ёй лекі. Хутка ён пакідае лазарэт і ўладкоўваецца ў лагерныя страхары, каб мець мажлівасць часцей бачыцца з Марыяй. У жніўні 1944 яго перавозяць у канцлагер углыб Германіі, спачатку пад Штутгарт, пасля ў Дахау.
У Асвенцыме Бароўскі не перастае пісаць. На Каляды 1943 ён стварае цыкл калядак пра любоў, якія спяваюць зняволеныя. Сябры ў Варшаве надрукавалі яго лагерныя вершы асобным зборнікам «Паэтычны аркуш № 2», але сам аўтар гэту маленькую падборку вершаў, хутчэй за ўсё, не бачыў — адзіны ацалелы асобнік быў знойдзены пасля яго смерці. 1 мая 1945 лагер Дахау быў вызвалены Сёмай амерыканскай арміяй, і Бароўскі апынуўся ў лагеры для перамешчаных асоб пад Мюнхенам. Хутка ён пераязджае ў Мюнхен і атрымлівае працу ў Бюро пошукаў родных пры камітэце польскага Чырвонага Крыжа. Тадэвуш спрабуе знайсці сваю нявесту і праз некалькі месяцаў знаходзіць яе, моцна хворую, у Швецыі, але сустрэцца ў іх не атрымліваецца. У гэты час ён піша шмат вершаў, а таксама разам з Крысцінам Альшэўскім і Янушам Нэль-Сядлецкім — дакументальную кнігу «Мы былі ў Асвенцыме».
Толькі ў чэрвені 1946 Бароўскі вяртаецца ў Варшаву. Там ён урэшце сустракаецца з нявестай, і яны жэняцца. Бароўскі рэзка закідвае паэзію і бярэцца за прозу. У 1948 годзе выходзіць зборнік яго апавяданняў «Развітанне з Марыяй». Кніга выклікала ў многіх крытыкаў і чытачоў шок і неразуменне. Аднаго з герояў апавяданняў Бароўскага — чалавека някепскага па прыродзе, але які навучыўся любымі шляхамі выжываць у лагерах, пачалі атаясамліваць з аўтарам. У тым жа годзе выйшла яшчэ адна кніга — цыкл кароткіх навелаў «Каменны свет».
У 1948—1949 пачынаецца новы перыяд у жыцці пісьменніка. Лозунгі сацыялістычнага рэалізму не знаходзяць водгуку ў творчасці Бароўскага, але неразуменне яго твораў вымушае пісьменніка засумнявацца ў правільнасці свайго літаратурнага метаду і саміх ідэй. У 1949 годзе Бароўскі едзе ў Германію; у гэты час ён лічыць, што сацыялізм — найлепшы спосаб перастварэння свету, у якім былі магчымыя ўсе перажытыя ім жахі. Назад у Польшчу ён вяртаецца прыхільнікам сацыялізму і сацыялістычнага рэалізму. У 1950 годзе асноўная яго ўвага аддадзеная палітыцы і публіцыстыцы — уласная творчасць адыходзіць на другі план. Яго самазабойства праз некалькі пасля нараджэння дачкі — 2 ліпеня 1951 года, калі Бароўскі атруціўся газам і памёр на наступны дзень, — дагэтуль застаецца неразгаданай таямніцай.
Значэнне творчасці
Бароўскі лічыцца адным з самых значных польскіх празаікаў паваеннаяга дзесяцігоддзя, творчасць якога значна паўплывала на наступныя пакаленні пісьменнікаў. Яго член Тадэвуш Дрэўноўскі напісаў пра яго некалькі кніг, сярод якіх біяграфія «Уцёкі з каменнага свету», а таксама выдаў яго эпісталярную спадчыну.
У 1970 быў зняты польскі фільм «Краявід пасля бітвы», заснаваны на творах Бароўскага. Кнігі Бароўскага згадваюцца ў рамане нямецкага пісьменніка Бернхарда Шлінка «Чытач» (Der Vorleser, 1995), дзе апавядаецца пра былога вартаўніка канцэнтрацыйнага лагера, які скончыў жыццё самагубствам, прачытаўшы ўспаміны сваіх былых вязняў (сярод якіх называецца і Бароўскі). Нобелеўскі лаўрэат 2002 года Імрэ Кертэс казаў, што ўсе яго творы напісаныя пад уплывам прозы Бароўскага.
Творы
Паэзія
- Паўсюль, дзе зямля (Gdziekolwiek ziemia), 1942
- Паэтычны аркуш №2 (Arkusz poetycki № 2), 1944
- Песня (Pieśń)
Апавяданні
- Мы былі ў Асвенцыме (Byliśmy w Oświęcimiu), 1946, з К. Альшэўскім і Я. Нэль-Сядлецкім
- Адзін салдат. Школьныя аповесці (Pewien żołnierz. Opowieści szkolne), 1947
- Развітанне з Марыяй (Pożegnanie z Marią), 1948
- Экзамен на Гандлёвай (Matura na Targowej)
- Хлопец з Бібліяй (Chłopiec z Biblią)
- У нас у Аўшвіцы (U nas w Auschwitzu)
- Прашу да газу (Proszę państwa do gazu)
- Смерць паўстанца (Śmierć powstańca)
- Бітва пад Грунвальдам (Bitwa pod Grunwaldem)
- Каменны свет (Kamienny świat), 1948
- Апавяданні з кніг і газет (Opowiadania z książek i gazet)
- Размовы (Rozmowy)
Пра Бароўскага
Тадэвуш Дрэўноўскі. Уцёкі з каменнага свету (біяграфія Бароўскага)
Спасылкі
Зноскі
- ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 13 жніўня 2015.
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ http://www.signandsight.com/features/1206.html
- ↑ http://hunza1.tripod.com/borowski/intro.html
- ↑ http://www.fold3.com/page/286019621_natzweilerstruthof/
- ↑ Bibliothèque nationale de France Record #12029694v // BnF catalogue général — Paris: BnF. Праверана 2 жніўня 2017.
- ↑ https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Borowski-Tadeusz;3879730.html
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #121079708 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
- ↑ http://quod.lib.umich.edu/m/mqr/act2080.0037.112/--representing-the-holocaust-the-case-for-history?rgn=main;view=fulltext
- ↑ http://litimag.oxfordjournals.org/content/3/3/340.full.pdf
- ↑ http://www.nytimes.com/movie/review?res=9C0DE5DC1430E632A25753C1A9649C946990D6CF
- ↑ http://www.britannica.com/EBchecked/topic/74446/Tadeusz-Borowski
Літаратура
- Бароўскі, Тадэвуш (Borowski, Tadeusz) Архівавана 2 лістапада 2012. // Часопіс «ПрайдзіСвет»: Асоба: Аўтары — Эл.рэсурс prajdzisvet.org