Тарас на Парнасе
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Тарас.
«Тарас на Парнасе» (у раннім рукапісе загаловак, магчыма, аўтарскі — Узлезшы на Парнас, што вiдзеў там Тарас, у спісах і публікацыях ёсць і іншыя варыянты назвы) — сатырычна-гумарыстычная ананімная паэма Канстанціна Вераніцына, помнік беларускай літаратуры ХІХ ст.
Аўтарства
Паэма напісана, найбольш верагодна, у 1850-я г. Доўга распаўсюджвалася ў рукапісах, упершыню апублікавана ў газеце «Минский листок» (№ 37 за 16.5.1889).
Праблема аўтарства складаная. Выказваліся думкі, што паэма належыць пяру В. Дуніна-Марцінкевіча ці А. Вярыгі-Дарэўскага, але творчая манера гэтых пісьменнікаў далёкая ад манеры аўтара паэмы «Тарас на Парнасе». Меркавалі, што паэму напісаў В. Равінскі, з якім звязваецца і аўтарства паэмы «Энеіда навыварат», або беглы дзекабрыст, які жыў у Клімавіцкім павеце на Магілёўшчыне пад імем Яўхіма Крупенькі. Большасць даследчыкаў аддае перавагу меркаванню этнографа Е. Раманава, што аўтар паэмы — адзін са студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута[1]. Былі падставы думаць, што паэма напісана якім-небудзь пецярбургскім літаратарам-беларусам.
Перспектывы для даследчыкаў адкрыў спіс паэмы з паметай: «К. Вераніцын, 15.4.1855, Гарадок».[2] Канстанцін Вераніцын (1834—1904) вучыўся ў Віцебскай гімназіі, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі і Горы-Горацкім інстытуце. Магчыма, у напісанні паэмы ўдзельнічаў яго гімназічны таварыш Ялегі Пранціш Вуль[3].
Паэма адыграла вялікую ролю ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы, развіцці беларускай літаратуры; перакладзена на многія мовы свету.
Сюжэт
Сюжэт твора — прыгоды палясоўшчыка Тараса, які, выправіўся ў пушчу, а трапіў на Парнас — месца, дзе жылі багі і паэты. Вобразы старажытных багоў і герояў у паэме зніжаны, аўтар скептычна ставіцца да эстэтыкі класіцызму. 3 сімпатыяй і майстэрствам створаны вобраз Тараса — адзін з першых рэалістычных вобразаў чалавека з народа ў беларускай літаратуры. У паэме даецца яскравая, напоўненая мноствам рэалій карціна побыту беларускіх сялян. Сатырычныя выпады скіраваны супраць псеўданароднай эстэтыкі, славянафільскай ідэалізацыі патрыярхальнага побыту, сентыменталізму. Паэма сцвярджала неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства.
Літаратар Альгерд Бахарэвіч дапускае, што радкі, якія служаць ключом да разумення паэмы, знаходзяцца ў чацвёртай страфе:
Ён заўважае, што ў час, калі стваралася паэма, толькі адгрымела опіумная вайна паміж Кітаем і Англіяй, чуткі пра якую, несумненна, дайшлі і да К. Вераніцына. І Тарас, відавочна, бачыць опіумны мак (Papaver somniferum). «Стаяў я доўга і дзівіўся, разявіў зяпу і глядзеў», — распавядае Тарас пра свой стан, выкліканы ўздзеяннем апіятаў. Потым з’яўляецца галюцынацыя, «кудравы крылаты хлапчына», які тлумачыць галоўнаму герою, што ён апынуўся на дарозе з таго свету на Парнас[4].
У аснове мовы твора ўсходнебеларускія гаворкі, якімі аўтар віртуозна валодае. Адчуваецца цесная сувязь з фальклорам, народным гумарыстычным апавяданнем.
Публікацыі
- Энеіда навыварат; Тарас на Парнасе. — Мн., 1982;
- Тарас на Парнасе: Нар. паэма. — Мн., 1998;
- Вераніцын К. Тарас на Парнасе. Паэмы / Уклад. з тэкст. падрыхт. і камент. Ю. Пацюпы, прадм. Я. Янушкевіча. — Мн.: Маст. літаратура, 2009. — 79 с.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Кісялёў…
- ↑ Скалабан…
- ↑ Хаўстовіч…
- ↑ Бахарэвіч А. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.
Літаратура
- Кісялёў Г. Пошукі імя: да пытання аўтарства «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе» / Г. В. Кісялёў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1978. — 288 с.
- Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. — Мн., 1968.
- Праскаловіч В. Канстанцін Вераніцын // Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі / пад рэд. В. Рагойшы. — Мн.: Нац. ін-т адукацыі, 2011. ISBN 978-985-465-898-8
- Рублевская Л. Константин, который сходил на Парнас // Беларусь сегодня № 147, 2014.
- Скалабан В. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX ст. // Шляхам гадоў. — Мн., 1990. (Вып. 1).
- Хаўстовіч М. Вераніцын ці Вуль? // XIX стагоддзе: Навук.-літ. альманах. — Мн., 2000. Кн. 2.