Вікенцій Равінскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Равінскі. Вікенцій Паўлавіч Равінскі (1786, Духаўшчынскі павет, Смаленская губерня, цяпер Духаўшчынскі раён, Смаленская вобласць, Расія — 1855) — беларускі паэт, драматург. Найбольш верагодны аўтар паэмы «Энеіда навыварат».
Біяграфічныя звесткі
Паходзіў са шляхецкага роду. Служыў у расійскім войску. Удзельнік войнаў 3-й (1805 г.) і 4-й кааліцый (1806—1807 гг.), вайны 1812 г., паходу ў Заходнюю Еўропу. Асабліва вызначыўся ў бітве пры Шэнграбене (1805), дзе «храбра адкрываў сам сабе шлях праз варожыя калоны»[3], за што атрымаў ордэн Ганны 3-га класа. У 1816 г. пайшоў у адстаўку ў чыне палкоўніка і вярнуўся на радзіму. У шлюбе з Праскоўяй Рымскай-Корсакавай меў 4 сыноў і 6 дачок.
З 1826 г. на цывільнай службе ў Арэнбургскай губерні. Жыў ва Уфе, Пензе (1828—1832 гг.), Кастраме (1832—1833 гг.). Пасля вярнуўся на радзіму.
Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды. Валодаў французскай і нямецкай мовамі, цікавіўся гісторыяй і літаратурай. Поглядамі быў блізкі да дзекабрыстаў.
Пахаваны ў вёсцы Спас-Вуглы, па некаторых звестках, у царкве.
Творчасць
Літаратуразнаўцы вырашаюць на карысць В. Равінскага пытанне аўтарства паэмы «Энеіда навыварат». Паэма (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—1825 на вёсцы ці ў 1827—1828, калі ён чакаў новага прызначэння і стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. А. Кіркор пісаў, што аўтар паэмы «выдатна ведаў народ, яго паданні, норавы, звычаі і валодаў мовай, як нямногія. Яго гумар, уменне перадаваць народныя сцэны знамянуюць геніяльныя здольнасці»[4]. У 1890 г. яго ўнук Канстанцін Равінскі апублікаваў больш поўную версію твора ў «Смоленском вестнике».
Аўтар сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейвалася самадурства паноў і апісваліся камічныя эпізоды з памешчыцкага жыцця (тэксты вядомыя з адзінага рукапісу ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы[5]), а таксама вершаванай камедыі «Шлюб паняволі» і нататкаў па гісторыі (рукапісы не выяўлены).
Зноскі
- ↑ Vìkencìj Ravìnskì // NUKAT — 2002.
- ↑ Vìkencìj Paŭlavič Ravìnskì // MAK
- ↑ ЦДГА Расіі ў Санкт-Пецярбургу, ф. 1343, воп. 28, спр. 19, л. 21
- ↑ Живописная Россия. Спб.; М., 1882. Т. 3. С. 326
- ↑ Антон Францішак Брыль. Русскоязычные произведения Викентия Ровинского в рукописном отделе Российской государственной библиотеки. // Асоба і Час, №9, 2020.
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 5. Пестрак — Сяўрук. — С. 114. — 480 с.; іл.. — ISBN 5-85700-168-4.
- Раві́нскі Вікенцій Паўлавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 612. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды» — Мн., 1971.
- Кісялёў Г. Слядамі «Энеіды» // Полымя. 1996. № 10.
- Кісялёў Г. В. Равінскі Вікенцій Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Кісялёў Г. В. Равінскі Вікенцій Паўлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 37—38. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Киселёв, Г. В. Разыскивается классик…: историко-литературная дилогия. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. — 414, [2] с. — С. 171—222. — ISBN 5-340-00076-1.
Cпасылкі
- Гісторыя Беларусі. Асобы. Вікенці Равінскі Архівавана 28 жніўня 2009.