Уку Мазінг
У́ку Ма́зінг (эст.: Uku Masing), пры нараджэнні Хуга Альберт Мазінг (эст.: Hugo Albert Masing; 11 жніўня 1909, хутар Ліпа Райкюльскай воласці, Хар’юскі павет Эстляндскай губерні, Расійская імперыя — 25 красавіка 1985, Тарту, Эстонская ССР) — эстонскі філосаф, перакладчык, тэолаг, фалькларыст, філолаг.
Пачынальнік эстонскай аналітычнай філасофіі. Пісаў таксама вершы, у асноўным на рэлігійныя тэмы. Быў прызнаным даследчыкам фальклору, пісаў для міжнароднага даведніку Энцыклапедыя казак. Лаўрэат узнагароды Праведнікі народаў свету інстытуту Яд Вашэм (1969) за ўратаванне яўрэяў падчас Халакосту ў Эстоніі, прафесар Тартускага ўніверсітэта.
Біяграфія
Хуга Мазінг нарадзіўся 11 жніўня 1909 года на хутары Ліпа (цяпер вёска ў воласці Райкюла Раплаўскага павета Эстоніі) ў евангельскай сям’і. Паказаў выдатныя вынікі ў вывучэнні моў і да сканчэння сярэдняе школы размаўляў на чатырох мовах. У 1926 годзе пачаў вывучаць тэалогію ў Тартускім універсітэце. У 1930 скончыў універсітэт са ступенню магістра багаслоўя па Старым Запавеце і семіталогіі. Працягнуў навучанне ў Цюбінгене і Берліне.
З 1933 года пачаў выкладчыцкую практыку ў Тартускім універсітэце, выкладаў тэалогію і семіцкія мовы.
18 студзеня 1937 года змяніў уласнае імя Хуга Альберт на Уку. У 1939 годзе ажаніўся з Эхай Туулемаа.
У перыяд нямецкай акупацыі Эстоніі сям’я Мазінгаў хавала ва ўласнай хаце яўрэйскага студэнта Ісідара Левіна, будучага доктара філалагічных навук і прафесара фалькларыстыкі. За гэты ўчынак Уку і Эха Мазінгі былі ўганараваны званнем Праведнікаў народаў свету[4].
Пасля вайны савецкія ўлады зачынілі факультэт тэалогіі ў Тарту, і Уку Мазінг працаваў у розных месцах, перакладаў паэзію. Браў таксама ўдзел у расследаванні нацысцкіх злачынстваў, у прыватнасці, у канцлагеры Клоага.
Памёр 25 красавіка 1985 года ў Тарту.
Дзейнасць
Публікавацца з вершамі, перакладамі і эсэ пачаў падчас навучання ва ўніверсітэце.
У 1938 годзе далучыўся да ўплывовай суполкі эстонскіх паэтаў «Чараўнікі», заснаванай Антсам Орасам, куды ўваходзілі Хэйці Тальвік, Бэці Альвер, Паўль Війдынг, Бернард Кангра, Аўгуст Санг і Керсты Мерылаас.
Аўтар прац па фальклоры народаў свету. Большую частку напісаных за савецкім часам твораў распаўсюджваў самвыдатам.
Уку Мазінг валодаў 65 мовамі і перакладаў з 20 з іх, у прыватнасці з старажытнага іўрыту, санскрыту, грэчаскай, арабскай, шумерскай і іншых.
Ён напісаў столькі твораў, што нявыдадзеныя рукапісы ацэньваюцца ў 10 000 старонак. Вывучэннем, захаваннем і распаўсюджваннем яго даробку займаецца адмыслова створаная Калегія па спадчыне Уку Мазінга.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Uku Masing // Eesti biograafiline andmebaas ISIK Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Uku Masing // Store norske leksikon — 1978.
- ↑ Martin Gilbert. The Righteous: The Unsung Heroes of the Holocaust. — Henry Holt and Company, 2003. — С. 31. — ISBN 9780805062601.
Спасылкі
- Архіўная копія(англ.) (недаступная спасылка). Estonian Ministry of Foreign Affairs. Архівавана з першакрыніцы 16 ліпеня 2012. Праверана 21 студзеня 2022.
- Masing Family(англ.) . Yad Vashem. Праверана 3 лістапада 2012.