wd wp Пошук:

Уладзімір Барысавіч Карпаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Карпаў. Уладзімір Барысавіч Карпаў (26 лютага 1912, г. Хвалынск, цяпер Саратаўская вобласць, Расія — 6 жніўня 1977) — беларускі пісьменнік, крытык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і земскага ўрача. Падчас голаду на Паволжы (1921) пераехаў разам з маці на Гомельшчыну ў вёску Ёлча (цяпер Брагінскі раён). З 1929 г. працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў Рэчыцы, затым настаўнічаў на Брагіншчыне, у Сіроцінскім раёне. Скончыў завочна Мінскі педагагічны інстытут (1941). У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху, быў намеснікам камандзіра спецгрупы Мінскага абкома КПБ, старшым разведчыкам глыбокага тылу. Пасля вызвалення Мінска выкладаў мову і літаратуру, загадваў навучальнай часткай сярэдняй школы № 42, працаваў у газеце «Советская Белоруссия», у 1945 г. быў адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947—1960 г. загадваў аддзелам прозы і крытыкі ў часопісе «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1946).

Выступаў у друку з рэцэнзіямі і артыкуламі з 1945 г. Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952) і «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1948 г. пачаў выступаць як празаік. Выйшлі аповесць «Без нейтральнай паласы» (1950), раманы «За годам год» (1957), «Вясеннія ліўні» (1961), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1971, усе чатыры раманы склалі цыкл «На перавале стагоддзя»), кніга апавяданняў і ўспамінаў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Мы раскажам пра Мінск» (1964), аўтар тэксту да фотаальбома «Мінск» (1965). Склаў кнігі «Горад і годы» (1967) і «Сквозь огонь и смерть» (1970). У 1983—1985 г. выйшаў Збор твораў у 5 тамах.

Узнагароды

  • ордэн Чырвонай Зоркі,
  • Працоўнага Чырвонага Сцяга,
  • медаль за баявыя заслугі і іншымі медалямі.

Памяць

Імем У. Б. Карпава названа вуліца ў Мінску.

Зноскі

  1. Карпов Владимир Борисович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Карпаў Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be