wd wp Пошук:

Францішак Грышкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грышкевіч. Не блытаць з Францішак Грынкевіч. Францішак Грышкевіч (1904/1906, г. Сухаволя, Сакольскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча — 1946, Мінск, НКДБ) — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык, педагог.

Біяграфія

Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1926). Нелегальна перайшоў польска-чэшскую мяжу, паступіў на літаратурны факультэт Карлава ўніверсітэта(Прага), які скончыў у 1931 г. са ступенню доктара філасофіі. Дэбютаваў у друку ў 1924 г. Публікаваўся ў газетах «Беларуская крыніца», «Сялянская ніва», часопісах «Студэнцкая думка», «Родныя гоні», «Іскры Скарыны», «Крыгалом», «Беларускі летапіс», «Przagląd Wileński». Перакладаў з чэшскай, нямецкай, сербахарвацкай, украінскай, славенскай моў. У Празе актыўна супрацоўнічаў з часопісам «Slovanský přehled», рэцэнзаваў у ім мінскія выданні.

Вярнуўся ў Вільню. Служыў у польскім войску. Потым быў без працы. Пасля ўступлення савецкіх войск у Вільню супрацоўнічаў з новай уладай; пісаў для газет «Prawda Wileńska»(польск.) бел.; у 1940 годзе загадваў беларускімі школамі Віленскай школьнай акругі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі (1941—1944). Удзельнічаў у 2-м Усебеларускім кангрэсе (чэрвень 1944), за што, пасля ўступлення ў Вільню Чырвонай Арміі, быў арыштаваны ў ліпні 1944 г. Прывезены ў Мінск, дзе, паводле ўскосных сведчанняў, скончыў жыццё самагубствам.

Творчасць

Друкаваўся з 1924 г. Найлепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некаторых матывы песімізму (зборнік «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст беларускай літаратуры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кнігі паэзіі і прозы В. Адважнага, Н. Арсенневай, М. Багдановіча, М. Зарэцкага, Х. Ільяшэвіча, Я. Коласа, Р. Мурашкі, К. Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных артыкулаў «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы І. В. Гётэ, О. Жупанчыча, І. Франко і інш.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be