wd wp Пошук:

Францішак Ксаверый Хамінскі

Францішак Ксаверый Хамінскі, Францішак-Ксаверый Гілярыевіч Хамінскі (польск.: Franciszek Ksawery Chomiński, руск.: Франц-Ксаверий Гиляриевич Хоминский; каля 1736[1] — 9 чэрвеня 1809, Вільня) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Расійскай імперыі, (намінальна) мсціслаўскі ваявода (1788—1795), мінскі губернскі маршалак (1795—1797), пісьменнік.

Біяграфія

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Хамінскіх герба «Ліс». Нарадзіўся ў сям’і Гілярыя Канстанцінавіча Хамінскага (каля 1690 — снежань 1758), харунжага ашмянскага, старосты пагервянскага, уладальніка маёнткаў Гаўе, Верхняе і Рускае Сяло, і Ганны з Копцяў (каля 1700—1800, Рускае Сяло Дзісненскага павета), дачкі Міхала Копаця, старосты ашмянскага і пісара вялікага літоўскага[2]. Меў братоў Міхаіла (1729—1803), суфрагана жамойцкага, пісара вялікага літоўскага; Іаахіма, стольніка ашмянскага; Яна-Каспера, капітана саксонскіх войскаў, Ігнація (пам. пасля 1812), дэпутата Галоўнага Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, сясцёр Анелю-Брыгіту-Агнешку, якая замужам не была; Гертруду-Барбару-Францішку, якая была ў шлюбе з Францішкам Беліковічам; Юзэфу, якая з 24.02.1754 г. была ў шлюбе з Тадэвушам Карлавічам Сулістроўскім, падчашым ашмянскім.

Навучаўся за мяжой[2].

У 1764 быў палкоўнікам у канфедэрацыі Чартарыйскіх, у 1768 — членам Барскай канфедэрацыі. Як прыбліжаны гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага ездзіў з дыпламатычнымі даручэннямі ў Заходнюю Еўропу[3]. З 1770 па 1774 знаходзіўся з дыпламатычнымі місіямі ў Францыі і Германіі[2].

Служыў у войсках ВКЛ, з 5 студзеня 1775 па люты 1784 паручнік харугвы Булавы вялікай літоўскай і з 30.10.1775 па 27.06.1788 брыгадзір-камендант 2-й (пяцігорскай) брыгады нацыянальнай кавалерыі, з 10.12.1783 па 27.06.1788 генерал-маёр, камандуючы ў 1-й дывізіі Генеральнага штаба[2]. Генерал-маёр войскаў Вялікага Княства Літоўскага (1788—1795)[3].

Займаў пасаду пінскага судовага старосты ў 1782—1794 гг[3]. У 1780 і 1782 пасол на соймах ад Пінскага павета (у 1782 соймавы суддзя), у 1784 маршалак гарадзенскага сойма[2]. З 1786 па 1787 г. маршалак Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага[2][3].

Апошні ваявода мсціслаўскі з 31.05.1788[2] па 1795 г. — пасада была намінальнай, бо тэрыторыя былога Мсціслаўскага ваяводства па выніках першага падзела Рэчы Паспалітай ужо ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі[3].

Валодаў маёнткамі Каперавічы, Ігуменава і Паставы Дзісненскага павета (усяго на 1795 г. — 121 вёска і 2679 душ прыгонных муж. полу)[2].

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай прадоўжыў палітычную кар’еру ў Расійскай імперыі. У 1795 на дваранскіх выбарах у Мінску быў выбраны першым губернскім маршалкам (прадвадзіцелем дваранства) Мінскай губерні (27.09.1795[2]—1797). У 1796, не праходзячы службы, адразу атрымаў высокі расійскі чын тайнага саветніка. У 1797 арыштаваны па падазрэнні ў змове супраць расійскага імператара Паўла I[3] пасля падачы адраса ад імя дваранства Мінскай губерні, якое «патрабавала вяртання ў кіраванні да ранейшых парадкаў Польшчы»[2].

Памёр 9 чэрвеня 1809 года ў Вільні, пахаваны на могілках Роса ў катакомбах[2].

Літаратурная дзейнасць

Аўтар класіцыстычных вершаў, публіцыстычнага «Адказу» (1792). Ёсць меркаванне, што Хамінскі напісаў за Міхала Казіміра Агінскага большасць асветніцкіх паэтычных твораў, апублікаваных пад псеўданімам Слонімскі грамадзянін у зборніках «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і «Байкі і не-байкі» (1788). Перакладаў на польскую мову творы Гарацыя, Жана Расіна, Жака Дэліля, П’ера Карнеля[3]. Характарызаваўся як «…чалавек выключнага розуму…»[2]. У паперах Аляксандра Ельскага захавалася нізка загадак, прыпісаных аўтарству Хамінскага[4].

Узнагароды

Кавалер ордэнаў Святога Станіслава (1782) і Белага Арла (1785)[3].

Сям’я

У шлюбе з Соф’яй з Тызенгаўзаў (каля 1750 — пасля 1807), дачка Казіміра, старосты дыяменцкага. Яе першы муж Антоній Тамашэвіч Тызенгаўз[pl] (1756-19.02.1816), генерал войскаў ВКЛ, харунжы віленскі (1777), староста рагачоўскі, удзельнік Вялікага Сойма (1788—1792), удзельнік паўстання Касцюшкі (1794), кавалер Ордэна Св. Станіслава.

Францішак Хамінскі нашчадства не пакінуў.

Зноскі

  1. Прыблізны год нараджэння прыводзіцца паводле спісу шляхты Дзісненскага павета ад 02.10.1796, дзе яго ўзрост — 60 гадоў
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Минские губернаторы, 2016
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 ЭнцВКЛ, 2005
  4. Miscelania tyczące się głównie spraw dysydentów, Konfederacji barskiej. — Арк. 155—156.

Літаратура

  • Мальдзіс А. Хамінскі Францішак Ксаверы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 713. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  • Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
  • ХОМИНСКИЙ Францишек-Ксаверий Гилярьевич // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be