Эдвард Адамавіч Будзька
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Будзька. Эдвард (Эдуард, Эдзюк) Адамавіч Будзька (Буцька) (пс. Акцьуб, Акцюб; 22 сакавіка 1882, Будслаў, цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць — 14 жніўня 1958, Чыкага, ЗША) — беларускі публіцыст, палітык, грамадскі дзеяч, паэт і выдавец.
Біяграфія
Раннія гады. Пачатак беларускай дзейнасці
Нарадзіўся 22 сакавіка 1882 года ў вёсцы Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні. Вучыўся ў Рыжскім політэхнічным інстытуце, але спыніў вучобу праз беднасці і слабае здароўе. Жыў у Рызе, дзе заклаў беларускае нацыянальнае згуртаванне.
З 1906 года друкаваў у газеце «Наша ніва» і ейных календарах вершы, вольныя пераклады расійскіх баек, публіцыстычныя нататкі[2]. Ён часта бываў у віленскай рэдакцыі «Нашай нівы» і быў адным з найбольш актыўных яе папулярызатараў сярод вяскоўцаў[3]. З пачаткам Першай сусветнай вайны да прыбыцця нямецкай арміі эвакуяваўся ў Санкт-Пецярбург[4]. У 1916 годзе ў Петраградзе ўдзельнічаў у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, выдавец газеты «Светач»[4]. Друкаваўся ў газеце «Дзянніца» (артыкул «Думкі да граматыкі», 1916, пад псеўданімам Акцуб)[2].
Беларуская Народная Рэспубліка
Удзельнік мінскага З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у сакавіку 1917 года, які выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расійскай федэрацыі. У часе з’езда абраны ў склад прэзідыума Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК)[5]. У сярэдзіне красавіка ўвайшоў у склад дэлегацыі БНК, якая накіравалася ў Петраград з мэтай наладжвання адносін з Часовым урадам Расіі. Дэлегацыя перадала прэм’ер-міністру Георгію Львову рэзалюцыю, у якой, між іншым, гаварылася: аб неабходнасці пераўтварэння Расіі ў дэмакратычную федэрацыю, неабходнасць увядзення ў нацыянальных школах беларускай мовы і курсаў ведаў пра Беларусь. Аднак патрабаванні не былі ўлічаны Часовым урадам Расіі[5].
Эдвард Будзька быў сябрам Петраградскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Дэлегат З’езда беларускіх арганізацый і партый, які праходзіў з 8 па 10 ліпеня 1917 года ў Мінску[2]. На другой сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, якая праходзіла 28 кастрычніка — 6 лістапада (15—24 кастрычніка) 1917 года ў Мінску, у часе якой арганізацыя была пераўтвораная ў Вялікую беларускую раду, Эдвард Будзька быў абраны ў склад выканаўчага камітэта Вялікай беларускай рады, які складаўся з 24-х чалавек. У той час ён быў сябрам Хрысціянска-дэмакратычнага саюза[6].
Удзельнік Усебеларускага з’езда (снежань 1917, Менск)[2]. У чэрвені 1918 года, па абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), Эдуард Будзька заняў пасаду сакратара Камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры Народным Сакратарыяце Беларусі. Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні беларускіх школ і ў тым жа годзе быў адным з арганізатараў Будслаўскай беларускай гімназіі. Па закрыцці гімназіі польскімі ўладамі займаўся арганізацыяй беларускай кааперацыі[7]. У 1921 годзе ўвайшоў у таемны Беларускі дзяржаўны камітэт, які ставіў сваёй мэтай стварэнне беларускай дзяржавы пад патранатам Польшчы. Арганізацыя існавала каля трох-чатырох месяцаў[8].
Міжваенны перыяд. Другая сусветная вайна. Эміграцыя
У 1921—1940 гадах жыў у Літве і Латвіі, актыўна ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху жывучы ў Коўне і Рызе, заснаваў там курсы беларусазнаўства[7]. У 1921—1922 г. кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У 1920-я гады друкаваўся ў заходнебеларускай газеце «Наша будучыня»[9]. Выступаў з артыкуламі на маральна-этычныя і рэлігійныя тэмы[2]. Вярнуўся ў Польшчу, дзе жыў некалькі гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны[3].
У час Другой сусветнай вайны, падчас нямецкай акупацыі Беларусі (1941—1944), працаваў настаўнікам у Мінску і Баранавічах[9]. Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.
Цяжка хворы выехаў з Польшчы ў Канаду[9]. Паводле іншых звестак, у канцы вайны выехаў у Германію, пасля — у ЗША[7]. Актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай эміграцыі ў ЗША[9]. Апублікаваў між іншым свае ўспаміны ў месячніку «Бацькаўшчына»[10]. Памёр 14 жніўня 1958 года ў Чыкага (ЗША).
Пахаваны на могілках Святога Адальберта ў Найлсе[en], прыгарадзе Чыкага. Там жа пахаваныя яго родныя[11].
Зноскі
- ↑ (unspecified title) Праверана 19 снежня 2021.
- 1 2 3 4 5 ЭГБ, 1994, с. 114
- 1 2 Kipel, 1988
- 1 2 Michaluk D., 2010, с. 149
- 1 2 Michaluk D., 2010, с. 164—166
- ↑ Łatyszonek O., 1995, с. 48
- 1 2 3 Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
- ↑ Łatyszonek O., 1995, с. 234—235
- 1 2 3 4 Катковіч A., Катковіч-Клентак В. Успаміны…
- ↑ Будзька Э. Пясняр…
- ↑ У Чыкага знойдзена магіла першага прэм’ер-міністра БНР Язэпа Варонкі
Літаратура
- Каханоўскі Г. Будзька Эдзюк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 114. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Будзька Э. Пясняр у жыцці Архівавана 5 ліпеня 2008. // На суд гісторыі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994;
- Катковіч A., Катковіч-Клентак В. Успаміны / Навук.рэд. Глагоўская А., Харужы В. — Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 1999. — 142 с. ISBN 83-909009-9-8.
- Kipel V., Kipel Z. Budźka Eduard // Byelorussian Statehood: Reader and Bibliography. — New York: Belarusian Institute of Arts and Sciences, 1988.
- Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917–1923. — Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995. — 273 с. — ISBN 83-903068-5-9.
- Michaluk D. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. — Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010. — 597 с. — ISBN 978-83-231-2484-9.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.
Спасылкі
Эдвард Адамавіч Будзька на Вікісховішчы |