Эдуард Людвігавіч Самуйлёнак
Эдуард Людвігавіч Самуйлёнак (5 жніўня 1907, Санкт-Пецярбург — 12 лютага 1939) — беларускі празаік, драматург.
Біяграфія
Нарадзіўся ў рабочай сям’і. Вучыўся ў Петраградскай польскай гімназіі. Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў вёсцы Бандзелі Верхнядзвінскага раёна, куды маці пасля мабілізацыі мужа ў Чырвоную Армію (1918) пераехала на сталае жыхарства. Хадзіў пільшчыкам па вёсках, займаўся самаадукацыяй. Уваходзіў у нефармальнае аб’яднанне ТАВІЗ. Загадваў хатай-чытальняй, быў сакратаром камсамольскай ячэйкі Росіцкага сельсавета. У 1929—1930 служыў у Чырвонай Арміі. Працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная Полаччына» (1930—1933), «Літаратура і мастацтва» (1934—1939).
У 1934 ён пераехаў у Мінск, дзе цалкам заняўся літаратурнай працай. З ініцыятывы Максіма Горкага ў маі 1935 разам з Віталём Вольскім, Міколам Хведаровічам і Барысам Мікулічам паехаў у Грузію для абмену творчым вопытам і ўстанаўлення культурных сувязей паміж братнімі рэспублікамі, вынікам чаго з’явіліся нарысы «Сакрэт Кварцхелія», «Аджарыс — Цхалі», «Радзіма марганца» і першая кніга рамана «Будучыня» (1936—1938).
Памёр 12 лютага 1939 года. Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939).
Творчасць
Дэбютаваў вершам у 1928 г. (газета «Чырвоная Полаччына»). Першае апавяданне «Апошні заказ» апублікаваў у 1929 г. таксама ў «Чырвонай Полаччыне». Выйшлі аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1934), зборнікі апавяданняў «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937), «Паляўнічае шчасце» (1950), «Апавяданні» (1958, 1967), раман «Будучыня» (1938), апавяданне «Пагібель воўка» (1939), «Апавяданні і аповесць» (1977), кнігі Выбраных твораў (1940, 1948), «Выбраных апавяданняў» (1946), Збор твораў у 2 тамах (1952).
Аўтар п’ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», апублікавана і пастаўлена ў 1935), «Пагібель воўка» (апублікавана і пастаўлена ў 1939).
Зноскі
- 1 2 3 Самуйлёнок Эдуард Людвигович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
Літаратура
- Жураўлёў В. П. Самуйлёнак Эдуард Людвігавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 142. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Самуйлёнак Эдуард Людвікавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Да 110-годдзя з дня нараджэння Эдуарда Самуйлёнка // Нацыянальны адукацыйны партал
- Юрэвіч Л. Таямніцы Эдуарда Самуйлёнка // Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Эдуард Людвігавіч Самуйлёнак на Вікісховішчы |