wd wp Пошук:

Эліза Ажэшка

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Ажэшка.

Элі́за Ажэ́шка (у дзявоцтве Паўло́ўская; польск.: Eliza Orzeszkowa; Pawłowska; 6 чэрвеня 1841, Мількаўшчына — 18 мая 1910, Гродна) — польская пісьменніца беларускага паходжання.

Біяграфія

Здымак 1870-х гг., зроблены ў Гродне ў фотамайстэрні Садоўскага

Эльжбета Паўлоўская, малодшая дачка багатага памешчыка і адваката Бенедыкта Паўлоўскага і яго другой жонкі Францыскi (у дзявоцтве Каменскай). Нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў сямейным маёнтку Мількаўшчына, каля Гродна. З дзесяці гадоў выхоўвалася ў манастырскім пансіёне ў Варшаве, дзе жыла да 1857 года. Тут пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, у далейшым — Канапніцкай, вядомай польскай паэтэсай і пісьменніцай.

Пасля заканчэння выхавання ў 1858 годзе была хутка выдадзена замуж за Пятра Ажэшку, пачала жыць у Людвінове ў Кобрынскім павеце (цяпер — вёска ў Драгічынскім раёне), дзе ў 1862 годзе стварыла, разам з малодшым братам мужа, школу для дваццаці вясковых дзяцей[4]. Брала актыўны ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў, з мэтай правядзення грамадска-эканамічных рэформ вёскі. Грамадскія прыхільнасці сталі адной з прычын разладу з мужам, Эліза Ажэшка без мужа выехала ў Варшаву.

На час Паўстання 1863—1864 гадоў вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам, у траўні—чэрвені 1863 года хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Па гэтай прычыне восенню 1863 года Пётр Ажэшка быў арыштаваны расійскімі ўладамі, а ў сакавіку 1865 сасланы ў Пермскую губерню. Пасля паўстання Эліжа Ажэшка была вымушана прадаць Людвінова і вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школку для вясковых дзяцей. З таго часу датуюцца яе першыя захаваныя літаратурныя творы. Першым надрукаваным творам, які з’явіўся ў 1866 годзе, было апавяданне «Малюнак з галодных гадоў».

Тым часам вярнуўся з Пярмі Пётр Ажэшка. Эліза Ажэшка не магла знайсці паразумення з мужам, пачала працэс аб скасаванні шлюбу і дабілася гэтага ў 1869 годзе. У 1870 годзе Ажэшка прадала Мількаўшчыну і пераехала на сталае жыхарства ў Гродна. Пасля дваццаці гадоў сяброўства з Станіславам Нагорскім, пасля смерці яго жонкі, узяла з ім шлюб (1894).

Дзве яе найлепшыя аповесці «Над Нёманам» і «Хам» з’явіліся ў 1886—1888 гадах. Сваю багатую бібліятэку перадала Віленскаму таварыству сяброў навук, суарганізатарам і першым ганаровым членам якога была. Сябравала з удзельнікам Паўстання 1863—1864 гадоў Людамірам Абрэмбскім і яго сынам Максімільянам, дапамагала апошняму збудаваць дом у Гродне (цяпер па адрасе вул. Ажэшка № 19).

Памерла ў Гродне, пахаваная на Фарных могілках.

Творчасць

Беларускі пераклад апавядання «Гэдалі», 1907. Выданне лацінкай

Літаратурную дзейнасць Эліза Ажэшка пачала ў 1866 годзе (апавяданне «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х гадоў зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869—1870, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманістычных пазіцый адстойвала інтарэсы працоўных (зборнік апавяданняў «3 розных сфер», т. 1-3, 1879—1882). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай беларускай вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў напісала нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888—1891). У 1890-я гады ў яе творах вастрыня сацыяльнай праблематыкі саступае месца псіхалагічнай заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зборнік апвяданняў «Меланхолікі», 1896). Апошні зборнік навел «Gloria vicis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863—1864 гадоў.

Самыя раннія беларускія пераклады твораў Элізы Ажэшка выходзілі яшчэ ў пачатку ХХ ст., напрыклад, апавяданне «Гэдалі» (Вільня, «Наша ніва», 1907, перакладчык не пазначаны, выходзіла кірыліцай і лацінкай). Пазней на беларускую мову творы Элізы Ажэшка перакладалі Янка Брыль, Анатоль Бутэвіч, Я. Бягомская, Галіна Тычка.

Беларускія пераклады

  • Аповесці, апавяданні, нарысы / Прадм. В. Гапавай. — Мн., 2000.
  • Выбраныя творы. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2000.
  • Раман «Над Нёманам» — пераклад Анатоля Бутэвіча (выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2003).
  • Эсэ «Gloria victis» — пераклад Анатоля Бутэвіча (часопіс «Дзеяслоў» № 4, 2008) з яго ж артыкулам пра паўстанцкія матывы ў творчасці Э. Ажэшка.
  • Над Нёманам. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2020. У выданне ўключаны таксама навелістычны цыкл «Gloria Victis».

Ацэнкі, ушанаванне памяці

Казімер Пахвальскі. Партрэт Элізы Ажэшкавай, 1879

У 1904 годзе Ажэшка была намінавана на Нобелеўскую прэмію. Яе кандыдатуру прапанаваў Аляксандр Брукнер, прафесар Берлінскага ўніверсітэта. Члены Нобелеўскага камітэта, азнаёміўшыся з яе творамі, высока ацанілі яе пісьменніцкі талент; у адным з дакументаў напісана: «Наколькі ў тэкстах Сянкевіча б’ецца шляхетнае польскае сэрца, настолькі ў творчасці Элізы Ажэшка б’ецца сэрца чалавека». Але большасць членаў камітэта прагаласавала за Генрыка Сянкевіча, а невялікая колькасць прапанавала падзяліць прэмію. У 1909 годзе Ажэшку зноў намінавалі на Нобелеўскую прэмію, але гэтым разам узнагарода дасталася шведцы Сельме Лагерлёф.

На пахаванні пісьменніцы адзін з прамоўцаў, Ёзаф Катарбіньскі, зазначыў: «Яна была жывой мудрасцю і чуйным сэрцам цэлай эпохі». У доме ў Гродне, дзе пісьменніца правяла апошнія гады жыцця, створаны Дом-музей Элізы Ажэшка, яе імем названая адна з цэнтральных вуліц горада, на якой пісьменніцы пастаўлены помнік.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Eliza Orzeszkowa // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Ожешко Элиза // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. В. Гапава (2000)

Літаратура

  • Эліза Ажэшка: жыццё і творчасць: [пераклад з рускай мовы] / Валянціна Гапава. — Мінск: Беларусь, 1969. — 230, [2] с., [1] л. партр.
  • Творчасць Элізы Ажэшкі і беларуская культура: Зборнік навуковых прац. Гродна, 2002.
  • Tworczosc Elizy Orzeszkowej / Red.: Krzysztof Stepnik. — Lublin: Wyd-wo Uniw. Marii Curie-Sklodowskiej, 2001. — 277 s. — (Obrazy kultury polskiej).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменніцы Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be