Эрнст Тэадор Амадэй Гофман
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гофман.
Эрнст Тэ́адор Ві́льгельм Амадэ́й Го́фман (ням.: Ernst Theodor Amadeus Hoffmann; 24 студзеня 1776, Кёнігсберг, цяпер Калінінград — 25 жніўня 1822, Берлін) — нямецкі літаратар, кампазітар, мастак рамантычнага кірунку. Псеўданім як кампазітара Іаган Крэйслер.
Біяграфічныя звесткі
Вывучаў права ў Кёнігсбергскім універсітэце. Арганізаваў філарманічнае таварыства, сімфанічны аркестр у Варшаве (1804-07). У 1807-13 дырыжор і кампазітар у тэатрах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна.
Творчасць
Э. Гофман аўтар адной з першых рамантычных опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інструментальных і харавых твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809-14 аб’яднаны ў кнігу «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1-4, 1814-15).
У цэнтры творчасці Э. Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асноўная ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйслера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Э. Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва.
Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815-16) і «Начных алавяданнях» (т. 1-2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феадальна-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. XIX ст. Сярод лепшых твораў Э. Гофмана зборнік навел «Серапіёнавы браты» (т. 1-4, 1819-21).
Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1-2, 1820-22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825 годзе.
Уплыў на еўрапейскую культуру
Тэмы і вобразы твораў Э. Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р. Шумана («Крэйслерыяна»), Р. Вагнера («Лятучы галандзец»), П. Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А. Адана («Жызэль[ru]»), Л. Дэліба («Капелія»), П. Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Э. Гофман — герой опер Ж. Афенбаха («Казкі Гофмана[ru]») і Г. Лачэці («Гофман»). «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я. Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р. Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).
Беларускія пераклады
- Дон Жуан; Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. / пер. В. Сёмуха // Крыніца. 1996. № 20 (4).
Эрнст Тэадор Амадэй Гофман на Вікісховішчы |
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118552465 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 26 красавіка 2014.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Гофман Эрнст Теодор Амадей // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1972. — Т. 7 : Гоголь — Дебит. — С. 189–190. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ J. G. R. Hoffmann, Ernst Theodor Wilhelm // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 13.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.