Юрась Барысевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Барысевіч. Юрась Барысевіч, Юрый Мікалаевіч Барысевіч (нар. 13 красавіка 1966, Мінск) — беларускі эсэіст, перакладчык і мастак.
Біяграфія
Скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (1990), аспірантуру па выяўленчаму мастацтву пры Нацыянальнай Акадэміі навук.
Працаваў перакладчыкам, карэспандэнтам БелТА, рэдактарам у НВА «Інтэграл», газеце «Культура», Мінскім інстытуце кіравання, часопісах «Мастацтва» (з 1996 — загадчык аддзела, у 1998-? — адказны сакратар) і «The Green Cross Optimist».
Член БАЖ і Саюза беларускіх пісьменнікаў, удзельнік мастацкіх суполак «Другі фронт мастацтваў», «Schmerzwerk», «pARTisan». Адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў («камісараў») авангарднай суполкі «Бум-Бам-Літ». Займаецца даследчыцкай і перакладчыцкай працай, жывапісам і перформансам.
Творчасць
Літаратура
Аўтар кніг пра сучаснае мастацтва і літаратуру 1990-х «Цела і тэкст» (1998) і «Аванпост», зборніка філасофскіх тэкстаў «Alter Nemo» (2003), эсэ пра балет, жывапіс, тэатр, кінематограф, камп’ютарную графіку, тэкстаў у зборніках «Анталогія беларускага інтэлектуалізму», «Лінія фронту / Frontlinie», «Тазік беларускі», «Медыі і камунікацыі», літаратурным аўдыёальбоме «Тазікі». Некаторыя тэксты перакладаліся на польскую, славенскую, англійскую, украінскую, латышскую, нямецкую мовы. Перакладае мастацкія тэксты з французскай, англійскай, польскай і нямецкай. Пераклаў на французскую мову санеты Янкі Купалы. Прадстаўляў Беларусь на міжнародным літаратурным фестывалі Vilenica (Славенія, 2005).
Мастацтва
Юрась Барысевіч — удзельнік мастацкіх выстаў «Панарама» (Мінск, 1988), «Art-прагноз» (галерэя «У Пушкіна», Віцебск, 1996), «Востры рэцыдыў дэкадансу» (Познань, Польшча, 1997), «Час. Прастора. Асоба» і «Новыя імёны» (Нацыянальная мастацкая галерэя, Мінск, 1998; 2000), «Насценныя афрыкозы» (Дом літаратара, 1999), «Скрозь шкло» (Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 1999), Lit-Art (Нацыянальны мастацкі музей, 2000), «Новае мастацтва Беларусі» (Цэнтр сучаснага мастацтва, Варшава, Польшча, 2000), pARTisan-art (Клермон-Феран, Францыя, 2003), «Блазны» (Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, 2003), «Апошні позірк» (Мінскі інстытут кіравання, 2004), «Універсум» (галерэя «Універсітэт культуры», 2005), Terytoria (Гарадскі цэнтр культуры, Люблін, Польшча, 2006). Чытаў лекцыі па сучасным беларускім мастацтве ў Варшаўскім універсітэце, Любліне і Беластоку.
Міжнародныя фестывалі мастацтва перформансу, у якіх браў удзел Барысевіч: «Нутраная Амерыка» (вёска Амерыка ў Магілёўскай вобл., 1996), «Дзень муміфікатара» (Мінск, Гомель, Брэст, 2000), «1948» (Рыга, Латвія, 2001), «Інтэракцыі» (Пётркаў-Трыбунальскі, Польшча, 2001), «Нефармат» (Мінск, 2002, 2004, 2005), «Навінкі» (Мінск, Нацыянальная мастацкая галерэя і Дзяржаўны музей сучаснага выяўленчага мастацтва, 1999, 2001—2007), Performance Art Meeting (Люблін, Польшча, 2005), Roznice (Плоцк-Варшава, Польшча, 2006), «Дні містецтва перформансу у Киеві» (2006).
Прызнанне
- Лаўрэат прэміі Саюзу беларускіх пісьменнікаў за лепшае эсэ на тэму «Вобраз ХХІ стагоддзя» («Развітанне з Адамам»).
- У складзе суполкі Бум-Бам-Літ адзначаны прэміяй Саюзу беларускіх мастакоў «За неардынарную падачу сваёй творчасці».
Зноскі
Літаратура
- Барысевіч Юрась // Выдавецтва «Галіяфы»: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com;
- Купала Я. Санеты. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2002.