Юрый Крыжаніч
Юрый Крыжаніч (харв.: Juraj Križanić; каля 1617 — 12 верасня 1683) — харвацкі багаслоў, філосаф, пісьменнік, лінгвіст-паліглот, гісторык, этнограф, публіцыст і энцыклапедыст, святар-місіянер, прыхільнік уніі каталіцкайі і праваслаўнай цэркваў і адзінства славянскіх народаў. Прыехаў у Маскву ў 1659. У 1661 годзе быў звінавачаны ў падтрымцы ўніятаў і адпраўлены на высылку ў Табольск, дзе прабыў 16 гадоў. У Табольску Крыжаніч напісаў свае асноўныя працы: «Палітыка», «Аб боскім правідзе», «Тлумачэнне гістарычных прароцтваў», «Аб святым хрышчэнні», «Граматычныя пошукі аб рускай мове (ідэя агульнаславянскай мовы)».
Жыццё
Крыжаніч нарадзіўся ў 1617 ці ў 1618 годзе ў мястэчку Обрх каля горада Біхач, у сям’і небагатага землеўласніка. Ва ўзросце 15 гадоў, пасля смерці бацькі, Юрый стаў рыхтавацца да прыняцця святарскага звання. Ён вучыўся спачатку на радзіме, ў Заграбскай каталіцкай семінарыі, дзе рыхтавалі святароў харвацкай грэкакаталіцкай царквы. Потым — у Венскай семінарыі, а пасля перайшоў у Балонню, дзе акрамя багаслоўскіх навук займаўся юрыдычнымі. Быў святаром-місіянерам, працаваў у ватыканскай кангрэгацыі прапагады веры. Шмат падарожнічаў па Еўропе (Вена, Варшава і г. д.). Дасканала валодаючы, акрамя сваёй роднай мовы, нямецкай, лацінскай і італьянскай, ён у 1640 годзе пасяліўся ў Рыме, дзе паступіў у грэчаскі Калегіум святога Афанасія, які быў спецыяльна створаны Ватыканам дзеля прапаганды уніі сярод паслядоўнікаў грэчаскай веры. У 1642 годзе абараніў доктарскую дысертацыю ў Рыме. У гэты час Крыжаніч быў пасвечаны ў сан заграбскага каноніка. Вывучаў грэчаскую мову набыў вялікія веды ў візантыйскай літаратуры і стаў зацятым прыхільнікам уніі. Яго мэтай было сабраць усе найважнейшыя творы «схізматыкаў», г. зн. праваслаўных тэолагаў, якія пісалі супраць дагматаў папізма. Вынікам гэтага было некалькі твораў на лацінскай мове, і асабліва «Усеагульная бібліятэка схізматыкаў». Гэта мерапыемства прывяло да яго знаёмства з рускай мовай, так як яму трэба было ведаць і творы, напісаныя супраць уніі па-руску. Пакінуўшы калегіум, Юрый заставаўся ў Рыме да 1656 года, з’яўляючыся членам ілірыйскага таварыства Св. Іераніма. Наведаў Канстанцінопаль, дзе яшчэ глыбей пазнаёміўся з грэчаскай літаратурай. Калі апынуўся ў Вене ў 1658 годзе, Крыжаніч сустрэўся там з маскоўскім пасланнікам Якавам Ліхаровым. Рускія паслы набіралі іншаземцаў, жадаючых паступіць на службу да цара. Крыжаніч сам прыйшоў да іх з прапановай сваёй службы цару. Прыехаўшы ў Маскву ў 1659 годзе, Крыжаніч не змог знайсці ўзаемапаразумення з расійскімі ўладамі. Яго погляды на адзіную, незалежную ад зямных спрэчак Хрыстовую царкву былі недапушчальнымі як для абаронцаў праваслаўя, так і для каталікоў. 20 студзеня 1661 года Крыжаніча саслалі ў Табольск. Пры гэтым яму давалі грошы сем рублёў з палцінай у месяц. Крыжаніч прабыў у высылцы 16 гадоў, але не страціў прысутнасці духа і напісаў там самыя выдатныя свае творы. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча, 5 сакавіка 1676 года Крыжаніч атрымаў царскае дараванне і дазвол вярнуцца ў Маскву, а потым і з’ехаць з Расіі. З 1676 жыў у Польшчы, дзе ўступіў у ордэн Езуітаў. Загінуў 12 верасня 1683 пад Венай падчас бітвы з асманамі пры ўдзеле ў ваенным паходзе Яна сабескага.
«Руски језик» Крыжаніча
У 1661 годзе Крыжаніч прыязжае ў Табольск. Менавіта там ён больш за ўсё думае аб шляхах аб’яднаня славян. Крыжаніч прыходзіць да думкі, што адзінства дзяржаўнае, рэлігійнае і культурнае павінна быць дапоўнена адзінствам моўным. Але да таго часу стараславянская мова безнадзейна састарэла. Які ж сродак зносін павінен быць асноўным у агульнаславянскай дзяржаве? І тут харвацкі манах зразумеў тое, што ў наш час не могуць зразумець шмат хто з навкукоўцаў і палітыкаў. Ён зразумеў, што выбраць мовай міжнацыянальных зносін адну з нацыянальных моў — значыць даць неабгрунтаваныя прывілей аднаму народу і ўшчаміць тым самым іншыя. Такім чынам Крыжаніч прыйшоў да высновы аб стварэнні агульнаславянскай мовы. Для гэтага быў сабраны велізарны матэрыял звестак, заставалася толькі сістэматызаваць яго, што і зрабіў Крыжаніч у сваёй працы «Граматично изказанје об руском језику». У сваёй працы ён прымяніў сапраўдны навуковы падыход. Перш за ўсё, Крыжаніч імкнуўся стварыць менавіта славянскую мову, без іншаземных запазычванняў. Выбіраючы словы і граматычныя канструкцыі, ён надаваў ім такую форму, якая б была блізкай да ўсіх славянскіх моў. Аснову лексікі складалі агульныя словы для ўсіх моў гэтай групы. Калі ж не было агульнага слова, яно запазычвалася з якой-небудзь канкрэтнай мовы. Пры гэтым крытэрыям для выбара была ступень распаўсюджанасці гэтага слова. 60 % слоў былі агульнаславянскага паходжання, 10 % — рускія і царкоўнаславянскія, 9 % — сербскахарвацкія, 2,5 % — польскія, потым балгарскія, украінскія і г. д. Атрымалася быццам бы «сярэднястатыстычная» славянская мова. Гэтая мова была вельмі гібкай і дазваляла лёгка ствараць новыя словы з наяўных элементаў. Алфавіт выкарыстоўваўся лацінскі, хаця Крыжаніч дапускаў выкарыстанне кірыліцы. У «Граматичном изказании» быў дадзены бліскучы параўнальны аналіз славянскіх моў. Гэта была прешая ў Еўропе праца па параўнальнаму мовазнаўству. Марачы аб усталяванні адзінства паміж усімі славянскімі народамі, Крыжаніч жадаў стварыць для іх адзіную славянскую мову. У Сібіры ён з гэтай мэтай напісаў «Граматично изказанjе об руском језику» (1666), дзе зрабіў папярэджанне, што ён мае на ўвазе не адну са славянскіх моў, а мову ўсіх славян, таму прапанаваная ім мова не супадае ні з адной з вядомых. Ствараючы штучную мову, у якой пераважаюць элементы рускай, сербскай і харвацкай моў, Крыжаніч у сваёй граматыцы імкнуўся пазбегнуць абы-якога б іншамоўнага ўплыва. З-за гэтага ён, высока ацэньваючы граматыку Мялеція Сматрыцкага, папракаў яго за тое, што ён «нашего языка на греческіе і латінскіе узорі претварайт». Пры ўсёй штунасці, граматыка Крыжаніча ўяўляе сабою першую спробу параўнальнага вывучэння розных славянскіх моў: на такім параўнанні заснаваны ўсе высновы граматыкі. Штучная мова, якая скампанавана Крыжанічам аб’яднаннем усялякіх лексічных і граматычных элементаў розных славянскіх моў, была скарыстана ім самім у яго літаратурнай дзейнасці. Разлічваючы на практычныя вынікі сваіх праектаў, Крыжаніч вельмі абцяжарыў для сучаснікаў карыстанне сваймі творамі, калі замест даступнай, нават у Маскве, лацінскай мовы, пераходзіў на гэту вынайдзеную ім сербска-харвацка-рускую гутарку.
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Swartz A. Juraj Križanić // Open Library — 2007. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Juraj Krizanic // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Juraj Križanić // Hrvatski biografski leksikon — 1983.
- ↑ (unspecified title) Праверана 8 ліпеня 2019.
Спасылкі
- Біяграфія
- План заваёвы Крыма, складзены вучоным славянінам Юрыем Крыжанічам(недаступная спасылка) сайт «Руніверс»
- Трактат «Палітыка» у бібліятэцы Якава Кротава
- Запіс аб місіі ў Маскву на Vostlit.info