Юрый Паўлавіч Вінічук
Юрый Паўлавіч Вінічук (укр.: Юрій Павлович Винничук; 18 сакавіка 1952, Івана-Франкоўск) — украінскі лінгвіст, журналіст, пісьменнік, перакладчык, рэдактар і ўкладальнік анталогіі гатычнай літаратуры.
Біяграфія
Бацька быў урачом Івана-франкоўскай абласной бальніцы, а маці — інжынерам-эканамістам. Адукацыю атрымаў у Прыкарпацкім універсітэце імя Васіля Стэфаніка, дзе вучыўся на філалагічным факультэце. У 1974 годзе пераехаў у Львоў, працаваў грузчыкам, мастаком-афарміцелем. У 1987—1991 гадах працаваў рэжысёрам Львоўскага эстраднага тэатра «Не журыся!», пісаў сцэнарыі і песні да п’ес.
У 1991—1994 гадах працаваў рэдактарам аддзелу містыкі і сенсацый газеты «Post-Поступ», у 1995—1998 — галоўным рэдактарам газеты «Гульвіса», у 1998—1999 — рэдактарам аддзела газеты «Поступ». З 1997 года — член Асацыяцыі ўкраінскіх пісьменнікаў.
Творы Юрыя Вінічука перакладаліся ў Англіі, Аргенціне, Беларусі, Германіі, Польшчы, Канадзе, Сербіі, ЗША, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Беларусі. Юрый Вінічук сам з’яўляецца перакладчыкам з кельцкай, англійскай, чэшскай і іншых славянскіх моў. Пераклаў на ўкраінскую мову раман Багуміла Грабала «Вар’яты».
Юрый Вінічук займеў тытул «Галіцкі рыцар» (1999), пераможца конкурсу Бі-Бі-Сі за найлепшую ўкраінскую кнігу (2005) — эратычны раман «Вясновыя гульні ў восеньскіх садах». Паводле яго казак знятыя 3 фільмы і 2 мультфільмы.
Аўтар зборніка вершаў «Адлюстраванне» (1990), празаічных зборнікаў «Сполах» (1990), «Вокны застылага часу» (2001), «Месца для Дракона» (2002), аповесцяў «Шчыра запрашаем у Шчураград» (1992), «Дзевы ночы» (1992, 1995, 2003), «Жыццё гарэмнае» (1996), раману «Мальва Ланда» (2000).
Юрый Вінічук даследчык і міфалагізатар Львова: «Легенды Львова» (6 выданняў, з 1999 па 2003), «Кавярні Львова» (2000, 2001), «Таямніцы львоўскай кавы» (2001). Укладальнік анталогій украінскай фантастыкі XIX стагоддзя «Вогненны змей» (1989), украінскай літаратурнай казкі XIX стагоддзя (1993), серыі кніг «Юрый Вінічук прэзентуе» (з 2002 года 8 кніг), «Казачная скарбніца» (з 2002 г. 3 кнігі).
Юрый Вінічук вядомы як літаратурны містыфікатар. Адной з самых знакамітых яго містыфікацый з’яўляецца «Плач над Градам Кія», напісаны нібыта ірландскім манахам Рыангабарам у Сярэднявеччы. Гэты твор увайшоў у гісторыю ўкраінскай літаратуры, хрэстаматыі і энцыклапедыі, часта ўзгадваецца ў прэсе, нягледзячы на тое, што Ю. Вінічук даўно прызнаўся ва ўласным аўтарстве гэтага твора.
Пераклад на беларускую
- Вінічук, Ю. Летапіс ад смаўжа [навэла] // Дзеяслоў. – 2005. – №13.[3]
- Вінічук, Ю. Кроў-Любоў. Дзень анёла. Жоўтая хустка [апавяданні] // Прайдзісвет. 2009. №3.[4][5][6]
- Вінічук, Ю. Кроў-Любоў. Дзень анёла. Жоўтая хустка // Зборнік містычнага апавядання. Укладанне Ганны Янкуты; Худ. Мария Мухина. Мінск: Кнігазбор, 2013. 444 с. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; Бібліятэка часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum», кніга 2). ISBN 978-985-7057-99-3
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #103537422 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 жніўня 2015.
- ↑ Літаратура бліжняга замежжа: “Сучасная ўкраінская літаратура”. Н.М. Пазняк; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны. Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. 60 с.
- ↑ Юрый Вінічук «Жоўтая хустка» // Пераклад з украінскай Уладзь Лянкевіч. prajdzisvet.org, 2013
- ↑ Юрый Вінічук «Кроў-любоў» // Пераклад з украінскай Таццяна Урублеўская. prajdzisvet.org, 2013
- ↑ Юрый Вінічук «Манная каша» // Пераклад з украінскай Таццяна Урублеўская. prajdzisvet.org, 2013
Спасылкі
- Пераклады на беларускую мову
- Юрый Вінічук на Goodreads