wd wp Пошук:

Ян Пятроўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пятроўскі. Ян Пятроўскі (7 студзеня 1905, Слуцк, Мінская губерня — 19 студзеня 2001) — пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч міжваеннай Заходняй Беларусі і ў эміграцыі, публіцыст, выдавец, рэдактар, пісьменнік і перакладчык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў беларускай мяшчанскай сям’і Дзям’яна і Юстыны Пятроўскіх. Крыніцы даюць розныя даты нараджэння, паводле гісторыка Наталлі Гардзіенкі, нарадзіўся 7 студзеня 1905 года.

У 1919 разам з маці і сёстрамі са Слуцка выехаў у Вільню, дзе і застаўся. З 1920-х звязаны з беларускім культурна-грамадскім рухам Заходняй Беларусі. Падтрымліваў кантакты з вучнёўскай моладдзю Віленскай беларускай гімназіі. Прыхільнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Быў знаёмы з многімі дзеячамі заходнебеларускай культуры. У 1927—1928 гг. хацеў выехаць у БССР, аднак перадумаў. Служыў у Войску Польскім, дзе пазнаёміўся з сябрамі метадысцкай царквы. У канцы 1920-х стаў сябрам пратэстанцкага брацтва. У 1930—1931 гг. вучыўся ў біблейскай школе метадыстаў у Кларысаве, потым быў пастарам у Варшаве. З 1932 года жыў і быў прапаведнікам у Дзярэчыне. У 1935 ініцыяваў выданне, а затым быў выдаўцом і рэдактарам беларускамоўнага пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопіса «Светач Хрыстусовае навукі». Аўтар брашуры «Нядзельная школа, яе сутнасць і гісторыя» (1937).

Падчас 2-й сусветнай вайны ў 1941 годзе выехаў у Германію, браў удзел у працы Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне. Працаваў у арганізацыі «Вінета», кіраваў групай беларускіх перакладчыкаў, якая дзейнічала ў Берліне пры выдавецтве Міністэрства прапаганды Трэцяга Рэйха. Апрацаваў у 1942 годзе з А. Калошам і В. Камароўскім «Нямецка-беларускі слоўнік» (27 тыс. слоў), які аднак не быў выдадзены. У 1944 годзе ў Берліне выдаў Нямецка-беларуска-расейска-польскі слоўнік, пра выхад якога паведамлялася ў газеце «Раніца». № 185—186. Паводле а. А. Надсана, Ян Пятроўскі быў мабілізаваны ў фольксштурм, бо жонка была «асобай нямецкай дзяржаўнай прыналежнасці».

У канцы 2-й сусветнай вайны выехаў у Аўстрыю, у 1945—1953 гг. жыў у Лінцы (Аўстрыя), займаўся прапаведніцкай дзейнасцю і выдаваў рэлігійную літаратуру на польскай, беларускай і рускай мовах. З 1953 г. жыў у ЗША. На эміграцыі ўзнавіў выданне евангельска-баптысцкага часопіса «Светач Хрыстовае навукі». У 1976 годзе разам з жонкай Аліцыяй ў Гейнсвілі (штат Фларыда) заснаваў Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд для дапамогі беларусаведным даследаванням і публікацыі матэрыялаў на беларускія тэмы. Адзін з пачынальнікаў беларускага евангельска-баптысцкага руху ў ЗША.

З жонкай Аліцыяй (памерла ў 1992) мелі двух сыноў – Джорджа і Гэры[1].

Пераклаў на беларускую мову і выдаў 7 тамоў выбраных твораў старажытнагрэчаскага філосафа Платона. Падрыхтаваў і выдаў класічны «Грэцка-беларускі слоўнік». Таксама аўтар беларускіх перакладаў Марка Аўрэлія, Карла Вільгельма фон Гумбальта. Аўтар «Мемуараў» (т. 1-3, Гейнсвіл, 1983—1997).

Памёр 19 студзеня 2001 года у Гейнсвілі (Фларыда, ЗША).

Зноскі

  1. Alice Piotrowski // Gainesville Sun. — Mar 17, 1992. — С. 9.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з грэчаскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be