Янка Доўгі
Янка Доўгі (1905, в. Адамава, цяпер Пасінскі раён, Латвія — не раней за 1938) — беларускі публіцыст, перакладчык, паэт.
Біяграфія
Нарадзіўся 1905 года ў в. Адамава[1] на Люцыншчыне, верагодна ў канцы 1900-х гадоў. Меў таленавітую малодшую сястру Вікторыю, якая актыўна друкавалася на старонках вучнёўскага часапіса «Школьная праца». Вучыўся ў Люцынскай беларускай гімназіі. Некалькі вершаў былі змешчаны ўжо ў зборніку вучнёўскіх работ «Ластаўка», што выйшаў пад рэдакцыяй К. Езавітава ў Люцыне ў 1924 г. Пасля закрыцця Люцынскай гімназіі латвійскімі ўладамі разам са сваімі аднакласнікамі перайшоў вучыцца ў Дзвінскую беларускую дзяржаўную гімназію, якую скончыў у 1926 годзе. У тым жа годзе разам са сваімі сябрамі стаў навучэнцам Беларускіх настаўніцкіх курсаў. Пасля іх паспяховага завяршэння вырашыў з Аляксандрам Вайноўскім і Валянцінай Казлоўскай наведаць Менск, дзе і засталіся. Янка Доўгі паступіў на педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[2].
У 1929 г. у шостым нумары часопіса «Узвышша» друкуецца перакладзенае ім на беларускую мову апавяданне Л. Паэгле «Хто адседзіць», а ў наступным нумары вялікі літаратуразнаўчы нарыс «Латышскі паэт Ян Райніс». Заканчэнне ўніверсітэта супала з кардынальнымі зменамі ў краіне: нядаўна прайшлі гучныя арышты па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», потым «Беларускага нацыянальнага цэнтра», былі арыштаваны многія яго знаёмыя і сябры з літаратурнага згуртавання «Узвышша», а само аб’яднанне было зачынена. У гэты час Янка Доўгі прыйшоў працаваць у Латышскі сектар Камісіі па вывучэнню Заходняй Беларусі Беларускай акадэміі навук, дзе ён стварыў правакацыйна-адыёзную кнігу «Беларускі нацыянал-фашызм у Латвіі», усе факты ў якой падагнаны пад адну схему абвінавачвання «беларускіх буржуазных нацыяналістаў у здрадлівай дзейнасці на карысць разведак замежных краін». Але ў кнізе таксама можна знайсці рэдкія дакументы і факты, хоць адпаведна і інтэрпрэтаваныя[2].
У канцы 1937 ці ў пачатку 1938 г. ён быў арыштаваны разам са сваімі сябрамі па Дзвінскай беларускай гімназіі, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць латвійскай разведкі[2]. 17 сакавіка 1938 года быў арыштаваны ў Акцюбінску, дзе працаваў выкладчыкам, па 58 артыкуле пункт 1 КК РСФСР, прысуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 24.07.1989 года Акцюбінскай аблпракуратурай[1].
Зноскі
- 1 2 Долгий Иван Иосифович (1905)
- 1 2 3 Крывіцкія руны : вып. II. беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад.. прад.м., камент. М. Казлоўскага. С. Панізьніка. — Мн.: Кнігазбор, 2017. — 452 с. — ISBN 978-985-7180-05-9.
Літаратура
- Крывіцкія руны : вып. II. беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад.. прад.м., камент. М. Казлоўскага. С. Панізьніка. — Мн.: Кнігазбор, 2017. — 452 с. — ISBN 978-985-7180-05-9.