Янка Нёманскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пятровіч. Янка Нёманскі, сапр.: Іван Андрэевіч Пятровіч (31 сакавіка (12 красавіка) 1890, в. Шчорсы Навагрудскага пав., цяпер Навагрудскі раён — 30 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы: Нёманскі, Нёманский; Крыптанімы: І. П., И. П., Я. Н-скі) — беларускі празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч.
Біяграфія
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1909); у 1915—1916, 1918 г. вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Петраградскага ўніверсітэта. У 1916 г. мабілізаваны ў армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў. У 1918 г. загадчык выдавецкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. У 1918—1919 г. разам з Ц. Гартным выдаваў газету «Дзянніца», дзе з 1918 г. пачаў друкаваць публіцыстычныя творы. У 1919—1921 г. у Чырвонай Арміі.
З 1922 г. у Мінску; працаваў у планава-эканамічных органах. Намеснік старшыні Дзяржплана БССР. У 1927—1932 г. член праўлення літаратурнага аб’яднання «Полымя». Член Інбелкульта. Акадэмік БелАН з 1928 г. У 1929—1931 г. неадменны сакратар БелАН. З 1931 г. загадчык аддзела эканомікі НДІ прамысловасці. З 1931 па 1932 — дырэктар Інстытута эканомікі БелАН. У 1933—1936 г. узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі.
Пражываў у Трэцім Доме Саветаў па вул. Горкага, д. 21/52, кв. 25. Арыштаваны 26 красавіка 1937 года ва ўласнай кватэры. Асуджаны тройкай НКУС 29 кастрычніка 1937 у 10.00 як «член нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 16 сакавіка 1957 г[1].
Сям’я
4 лістапада 1937 у Мінску па адрасе: вул. 11 ліпеня, д. 18/7, кв. 2 арыштавана старшы эканаміст Наркамата лясной гаспадаркі БССР, маці траіх дзяцей Глафіра Дзмітрыеўна Пятровіч (н. 26.4.1892 у г. Нараўчат Пензенскай губерні, цяпер райцэнтр Пензенскай вобл., Расія; атрымала вышэйшую адукацыю), жонка Янкі Нёманскага. 28.11.1937 асобай нарадай пры НКУС асуджана як «член сям’і расстралянага ворага народа» і «саўдзельніца ягоных контррэвалюцыйных злачынстваў» да 8 гадоў ППК. 24.1.1938 прыбыла з Оршы ў Акмолінскае аддзяленне Карагандзінскага канцлагера НКУС Казахскай ССР. Вызвалена 25.11.1945. Пасля вызвалення жыла ў Віцебску ў дачкі Лідзіі. Неаднаразова звярталася ў АН БССР і КДБ з прашэннем прызначыць ёй пенсію за беспадстаўна рэпрэсаванага мужа, але адказу не дачакалася. Рэабілітавана трыбуналам БВА 6.3.1956. Асабовая справа П. № 6643-с знаходзіцца ў архіве КДБ Беларусі[1].
15.11.1937 у Мінску арыштаваны навучэнец Мінскага дарожна-механічнага тэхнікума Андрэй Іванавіч Пятровіч (н. 10.7.1922 у Ноўгарадзе, Расія), сын Янкі Нёманскага і Глафіры Пятровіч. 28.11.1937 «тройкай» НКУС асуджаны як «член сям’і ворага народа» да 5 гадоў ППК. Этапаваны ў Паўночна-Уральскі канцлагер НКУС Свярдлоўскай вобл. Загінуў у зняволенні ў 15 гадоў. Рэабілітаваны 9.5.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа П. № 6594-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].
Творчасць
Дэбютаваў апавяданнем «Над Кроманню» у 1922 г. (часопіс «Полымя»). На працягу 1928—1930 г. пісаў раман «Драпежнікі», які застаўся няскончаным (рукапіс 2-й часткі быў спалены супрацоўнікамі НКУС пасля арышту).
Бібліяграфія
- На зломе: Апавяданні. Мн., 1925;
- Творы. Мн., 1984.
Зноскі
- 1 2 3 НЁМАНСКІ Янка // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск: З. Колас, 2007. — 439 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6783-38-6.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 324.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 6. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2. — C. 84.
- Нёманскі Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995. — Т. 4. — С. 387.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Строева Т. Адзін з пачынальнікаў // ЛіМ. 1980, 4 крас.
- Хомчанка В. Абавязак памяці // ЛіМ. 1985, 15 ліст.
- Савік Л. Янка Нёманскі // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / НАН Беларусі, Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў, Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. — Мінск, 1999. — Т. 2. — С. 615–631.
- Платонаў Р. Лёсы. — Мн., 1998.
Спасылкі
Янка Нёманскі ў Вікікрыніцах | |
Янка Нёманскі на Вікісховішчы |
- Янка Нёманскі: Прычынай чалавечай трагедыі ў Беларусі з’яўляецца адсутнасць сваёй інтэлігенцыі
- Петрович Иван Андреевич (Янка Нёманский) // Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий / сост. и авт. предисл. Н. В. Токарев; под ред. А. С. Махнача. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1992. — С. 84-86. — 120 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-343-01246-9.
- Іван Андрэевіч Пятровіч у базе дадзеных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Біябібліяграфічны паказальнік у рэпазіторыі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Расстраляныя літаратары. Янка Нёманскі, акадэмік зь лірычнай душой, забіты за «шкодніцтва» // Радыё Свабода, 23 кастрычніка 2017