Янка Пачопка
Янка Пачопка, сапраўднае Іван Пятровіч Пачопка (26 кастрычніка 1890, в. Летнікі, Дзісенскі павет Віленскай губ. — 26 мая 1977, в. Малінаўка Глыбоцкага р-на; Псеўданімы і крыптанімы: I.Р.; Башкір; Iв. П-ка; Праваслаўны; Шкiрба; Я. П.; Янка Башкiр; Я. Шкiр-ба) — беларускі свецкі праваслаўны і культурны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху пачатку XX ст., рэдактар і выдавец, пісьменнік, перакладчык, фалькларыст, аграном.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і лесніка Пятра Пачопкі. Скончыў Варанецкую сельскагаспадарчую школу (1914), затым 3-х месячныя курсы па жывёлагадоўлі і малочнай гаспадарцы пры Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Служыў чыноўнікам Дэпартамента земляробства Віленскай губерні. У 1920-я гады выдаў у Вільні шэраг кніг сельскагаспадарчай тэматыкі. У 1925 года рэдагаваў і выдаваў у Варшаве рэлігійны двухтыднёвік «Праваслаўны Беларус»[1], з чэрвеня 1925 года — штомесячнік-дадатак, дзе публікаваліся царкоўныя казанні на беларускай мове[2]. У 1930-я гады жыў на ўласнай гаспадарцы. У 1939—1958 гадах працаваў аграномам.
Быў блізкім сябрам Язэпа Драздовіча.[2] Мастак стварыў некалькі партрэтаў Я. Пачопкі, а таксама рыхтаваў ілюстрацыі да яго кніг, у т.л. у 1923 годзе ўсе ілюстрацыі да кнігі «Пчолы і як вадзіць іх у рамавых вуллях». Многія работы і некаторыя асабістыя рэчы Я. Драздовіча доўгі час захоўваліся ў сям’і Я. Пачопкі. Таксама сябраваў з Міхасём Машарам, з якім ўсе трое ўтваралі своеасаблівае творчае трыо. Часта сустракаліся ў хаце Янкі Пачопкі ў 1930-ых г.г., у Летніках. Ладзілі там паэтычныя вечары і культурныя мерапрыемствы[3].
Меў траіх дзяцей — сына і дзвюх дачок. Дзядзька сяброўкі Саюза беларускіх патрыётаў Людмілы Краснадубскай.
Пахаваны ў в. Малінаўка Глыбоцкага раёна[2].
Творчасць
Дэбютаваў перакладам з рускай у «Нашай Нівай» у 1912 годзе. Першы верш Я. Пачопкі «Дудар» апублікаваны ў «Нашай ніве» ў 1913 годзе[2].
|
Першае апавяданне «Злы лёс» выйшла ў газеце «Савецкая Беларусь» у 1921 годзе. Між іншым аўтар камедыі «Гурток» (1926). У міжваеннае дваццацігоддзе шырока друкаваўся на старонках заходнебеларускіх дзіцячых часопісаў («Заранка», «Praleski»)[2]. Супрацоўнічаў з заходнебеларускімі перыядычнымі выданнямі («Маланка», «Калосьсе», «Сялянская Ніва», «Chryścijanskaja Dumka»[1]).
Збіраў народныя казкі і паданні, на аснове якіх напісаў кнігу «Народныя казкі і апавяданні Дзісненшчыны», але з яе ў 1927 годзе была надрукавана толькі адна казка «Дурнішча: Народная казка з Дзісненшчыны».
У 1920-я гады ў Вільні выйшлі кнігі Я. Пачопкі на сельскагаспадарчую тэматыку «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць» (1923), «Пчолы і як вадзіць іх у рамавых вуллях» (1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928).
Рукапісны сшытак вершаў Я. Пачопкі захоўваўся ў яго старэйшай дачкі, Ліны Іванаўны Павульскай, якая перадала яго на сталае захаванне Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры.
Зноскі
- 1 2 Календарыюм…
- 1 2 3 4 5 6 Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя…
- ↑ http://shtobylo.by/yanka-pachopka/ Архівавана 13 лютага 2020.
- ↑
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 12. — Мн., 2001. — С. 245.
- Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. — Мн., 1994.
- Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. — Мінск-Мюнхен, 1999.
- Календарыюм // «Czasopis» № 10/2005
- Кожан К. А. Янка Пачопка — паэт і аграном // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мн., 2004. — С. 144
- ЭГБ. Т.5.
- Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мн., 1989.