Яўген Аляксандравіч Папакуль
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Папакуль.
Яўген Аляксандравіч Папакуль (нар. 1988, Наваполацк) — беларускі філолаг, літаратуразнавец, перакладчык, кандыдат філалагічных навук.
Біяграфічныя звесткі
Скончыў ў 2011 годзе гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Англійская мова. Нямецкая мова». У 2013 годзе там жа абараніў магістарскую дысертацыю па спецыяльнасці «Літаратура народаў краін замежжа». Пасля навучаўся ў аспірантуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Літаратура народаў краін замежжа (англійская)». Навучаўся на курсах шведскай мовы ў вышэйшых народных школах у Фрэнста і Малунгу (2011 і 2015 гады, Швецыя). У 2016 годзе скончыў курсы выкладчыкаў шведскай мовы, літаратуры і культуры ў Вышэйшай народнай школе Більстромска (Швецыя).
Дысертацыю на саісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук па спецыяльнасцям «Літаратура народаў краін замежжа (англійская)» абараніў 26 студзеня 2018 года ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Тэма кандыдацкай дысертацыі: «Спецыфіка шатландскіх і англійскіх балад пра звышнатуральнае ў кантэксце рэгіянальнай літаратурнай традыцыі». Навуковы кіраўнік — Аляксандр Аляксандравіч Гугнін.
У цяперашні час працуе на пасадзе дацэнта кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў гуманітарнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Навуковая дзейнасць
Асноўныя навуковыя працы прысвечаны даследаванню шатландскіх і англійскіх балад пра звышнатуральнае, шатландска-скандынаўскім літаратурным узаемасувязям, сюжэтна-тэматычным паралелям, жанрава-стылявому адзінству, канцэпцыі «памежнасці» у гэтых літаратурах і інш.
Упершыню ў айчынным літаратуразнаўстве правёў комплексны супастаўляльны аналіз шатландскіх, англійскіх і скандынаўскіх народных балад пра звышнатуральнае і прадставіў іх агульную класіфікацыю на аснове разнастайнасці тэматыкі, сюжэтаў, матываў і канфліктаў. Выявіў шматлікія паралелі ў сюжэтных лініях, тэматыцы, а таксама ў структурных і мастацка-выяўленчых асаблівасцях балад, што дало права аднесці шатландскія і скандынаўскія народныя балады пра звышнатуральнае да адзінай рэгіянальнай літаратурнай традыцыі. Увёў у навуковы ўжытак тэрмін «дыялог-подкуп» як адметную асаблівасць структуры шатландскіх і шведскіх балад. Вялікую ўвагу ў сваіх даследаваннях надае адлюстраванню ў літаратуры XI-XIII стагоддзяў гістарычных кантактаў паміж народамі Брытанскіх астравоў і Скандынавіі. Упершыню пераклаў асобныя прыклады скандынаўскіх балад са шведскай мовы на беларускую.
У цяперашні час актыўна працуе над перакладамі са старажытных моў (старажытнаісландскай і норн), асаблівую ўвагу надае эдычнай літаратуры. У 2021 годзе ў выдавецтве «Галіяфы» выдаў першы том «Паэтычнай Эды» («Песні пра багоў») і поўны пераклад «Эды» Сноры Стурлусана. У 2022 годзе ў выдавецтве «Тэхналогія» выдаў другі том «Паэтычнай Эды» («Песні пра герояў»).
Бібліяграфія
Выбраныя навуковыя артыкулы
- Скандинавские мифологически-фантастические баллады: историко-культурный аспект / Е. А. Папакуль // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2014. — № 2. — С. 10-14.
- Отражение взаимодействий между Британскими островами и Скандинавией в исландской литературе XI—XIII веков / Е. А. Папакуль // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2015. — № 1. — С. 7-11.
- Баллады о возвращающихся мертвецах в шведской и англо-шотландской традиции / Е. А. Папакуль // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2015. — № 2. — С. 10-14.
- Баллады об эльфах в Швеции и Шотландии / Е. А. Папакуль // Веснік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. — 2015. — № 5. — С.
123—131.
- Магическая сила рун в шведских народных балладах / Е. А. Папакуль // Веснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2016. — № 2. — С. 10-15.
- Эда. Песні пра багоў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Яўгена Папакуля. — Мінск : Галіяфы, 2021. — 312 с.
- Эда Сноры Стурлусана Архівавана 3 кастрычніка 2021. / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Яўгена Папакуля. — Мінск : Галіяфы, 2021. — 298 с.
- Эда. Песні пра герояў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Яўгена Папакуля. - Мінск : Тэхналогія, 2022. - 380 с.
Спасылкі
- Біяграфія на сайце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Архівавана 8 жніўня 2020.
- Профіль аўтара на ELIBRARY.RU
- Профіль аўтара ў Google Scholar