wd wp Пошук:

Міхай Вёрэшмарці

Мі́хай Вё́рэшмарці (венг.: Vörösmarty Mihály; 1 снежня 1800, г. Капальнашньек, Венгрыя — 19 лістапада 1855) — венгерскі паэт, драматург, крытык. Прадстаўнік венгерскага рамантызму. Зрабіў значны ўклад у стварэнне нацыянальнага венгерскага тэатра.

Біяграфія

Міхай Вёрэшмарці нарадзіўся ў дваранскай каталіцкай сям’і. Яго бацька служыў кіраўніком у Надашдзі. Міхай выхоўваўся ў цыстэрцыянцаў у Секешфехервары і ў піяраў у Пешце. Смерць бацькі ў 1811 годзе прывяла вялікую сям’ю да галечы. Міхаю ўдалося забяспечыць сваё жыццё і акадэмічную адукацыю працай настаўнікам у сям’і Персель. Малады паэт быў закаханы ў Этэльку Персель, якая займала высокае становішча ў грамадстве, і менавіта гэтаму неўзаемнаму каханню венгерская літаратура абавязана шматлікімі шэдэўрамі любоўнай лірыкі Вёрэшмарці. Скончыў філасофскі і юрыдычны факультэты Будапешцкага ўніверсітэта[4].

У заснаванай 17 лістапада 1830 года Венгерскай акадэміі навук Вёрэшмарці атрымаў месца на філалагічным аддзяленні, а затым змяніў на пасадзе дырэктара Карая Кішфалудзі з гадавым дараваннем у 500 форынтаў. Вёрэшмарці быў адным з заснавальнікаў Таварыства Кішфалудзі і стаяў у вытокаў літаратурных часопісаў «Athenäum» і «Figyelmezö». У 1843 годзе ажаніўся.

У 1848 годзе разам з Янашам Аранем і Шандарам Петэфі Вёрэшмарці ўзяўся за пераклад сачыненняў Шэкспіра і працаваў над «Юліем Цэзарам» і «Каралём Лірам».

У 1849 годзе Вёрэшмарці стаў суддзёй Вярхоўнага суда. Вітаў венгерскую рэвалюцыю 1848 года, яе паражэнне прывяло да душэўных пакут і цяжкай хваробы[4]. Некаторы час ён правёў у выгнанні і вярнуўся ў Венгрыю ў 1850 годзе ўжо старым. У глыбокай меланхоліі Вёрэшмарці знаходзіўся рэштку жыцця.

Міхай Вёрэшмарці памёр 19 лістапада 1855 года ў Пешце ў тым жа доме, дзе памёр дваццаццю гадамі раней Карай Кішфалудзі. Пахаванне паэта 21 лістапада 1855 года на могілках Керэпешы стала днём нацыянальнай жалобы. Ферэнц Дэак арганізаваў збор сродкаў на карысць асірацелых дзяцей Вёрэшмарці, якія засталіся без сродкаў да існавання.

Творчасць

Яго першая эпічная паэма «Уцёкі Залана» (1825) праз усхваленне гераізму і баявога духу продкаў абуджала нацыянальна-патрыятычныя пачуцці. У паэмах «Чароўная даліна», «Паўднёвы востраў» (абедзве 1826), «Руіны» (1830) адчувальны адыход у свет чыстай фантазіі, чароўнай казкі. У эпічнай паэме «Два суседскія замкі» (1831) феадальная мінуўшчына. Аўтар драм «Крывавае вяселле» (1833), «Цылеі і Хунядзі» (1844), камедыі «Тайны вуалі» (1834). Захапленне фальклорам узбагаціла яго творы (драматычная казка «Чонгар і Цюпазе», 1830, балада «Прыгожая Ілонка», 1833). Вершы 1830-х гг. прасякнуты грамадзянскімі і патрыятычнымі матывамі, 1840-х гг. — філасофскім роздумам. Зрабіў уплыў на фарміраванне венгерскай літаратурнай мовы[4].

Пераклады

Верш «Стары цыган» (1854) пераклаў на беларускую мову А. Зарыцкі[4].

Памяць

Самы вядомы верш Вёрэшмарці «Заклік» было пакладзена на музыку і часта выконваецца ў канцы ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды нацыянальных свят Венгрыі. Імя Міхая Вёрэшмарці носіць цэнтральная плошча Будапешта, плошча Вёрэшмарці.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Mihály Vörösmarty // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Вёрёшмарти Михай // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. 1 2 3 4 Вёрэшмарці Міхай. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі XIX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі Венгрыі Катэгорыя·Паэты XIX стагоддзя Катэгорыя·Паэты Венгрыі Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі XIX стагоддзя Катэгорыя·Перакладчыкі Венгрыі Катэгорыя·Перакладчыкі з англійскай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на венгерскую мову Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be