Юлія Пятроўна Цімафеева
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цімафеева.
Ю́лія Пятро́ўна Цімафе́ева (нар. 12 студзеня 1982, в. Спярыжжа, Гомельская вобласць) — беларуская паэтэса і перакладчыца[2].
Біяграфія
Скончыла факультэт англійскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладчыцкую майстэрню. Адна з заснавальнікаў і рэдактараў інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў[2] і Беларускага ПЭН-цэнтра. Адна з арганізатараў і куратараў Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Вяла тэлеперадачу пра культуру «Рэмарка» на тэлеканале Белсат.
Жыве ў Мінску. Жонка пісьменніка Альгерда Бахарэвіча.
Творчасць
Аўтарка зборніка ўласнай і перакладной паэзіі «Кніга памылак» (2014)[2].
Перакладала з англійскай мовы паэзію Чарльза Букоўскі, Мэцью Дзікмана, Стывена Крэйна, Элізабет Лоўэл, Сільвіі Плат, Уолта Уітмана, з партугальскай мовы — Альберту Каэйру, з іспанскай — Актавіа Паса, Мухамеда Эбну; прозу з англійскай — Э. Ч. Асонду, Макса Бірбама, Германа Чарлза Босмана, Шарлоты Перкінс Гілман, Дэйвіда Герберта Лоўрэнса, Джойс Кэрал Оўтс, Эдгара Алана По, Кейт Шапэн і інш.[2] З нарвежскай мовы пераклала кнігі Стыяна Холе «Лета Гармана», Маі Лундэ «Снежная сястра».
Пераклады прозы і паэзіі публікаваліся ў часопісах «pARTisan», «Паміж», «ARCHE», «Дзеяслоў», газеце «Літаратурная Беларусь». Пераклады апавяданняў «Залаты жук» і «Калодзеж і ківач» Эдгара Алана По выйшлі ў томе яго выбраных твораў (2011) з сумеснай серыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і часопіса «ПрайдзіСвет».[2]
Удзельнічала ў міжнародным літаратурным фестывалі ў Біржаі (Літва), фестывалі «Вершы на асфальце» ў Мінску, выступала на міжнародным кніжным кірмашы ў Гётэбаргу (Швецыя), міжнародным жаночым слэме ў Мінску (2012).
У 2016 годзе выйшла другая кніга паэзіі «Цырк», якая трапіла ў кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай.
Паасобны вершы Юліі Цімафеевай перакладаліся на англійскую, нямецкую, чэшскую, славенскую, шведскую і іншыя мовы. У 2018 годзе люблінскае выдавецтва «Warsztaty Kultury» выдала першую паэтычную кнігу Цімафеевай па-польску «Cyrk i inne wiersze» ў перакладзе Богдана Задуры. У 2019 годзе зборнік Юлі Цімафеевай «Zirkus» выйшаў у берлінскім выдавецтве ў перакладзе Томаса Вайлера і Ціны Вюншман.
У 2020 годзе выдала трэцюю кнігу вершаў — зборнік «ROT» (выдавецтва «Янушкевіч», Мінск; выдавецтва «Вясна» (Прага).
Прызнанне
- 3-е месца на Міжнародным жаночым слэме ў Мінску (2012)[2]
- Пераможца конкурсу Саюза беларускіх пісьменнікаў для маладых аўтараў «Экслібрыс» (2012) у намінацыі проза[2]
- Шорт-ліст прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча (2014) у намінацыі паэзія са зборнікам паэзіі «Кніга памылак»[2]
- Лаўрэат прэміі часопіса «ПрайдзіСвет» (2015) у намінацыі паэзія за падборку перакладаў у зборніку «Кніга памылак»[3]
- Прэмія «Дэбют» у катэгорыі мастацкі пераклад за кнігу Чарльза Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (разам з Ганнай Комар і Наталляй Бінкевіч)[4]
- Шорт-ліст прэміі імя Наталлі Арсенневай (2020) за кнігу паэзіі «ROT»
- Прэмія імя Карласа Шэрмана (2021) у намінацыі «пераклад паэзіі» за зборнік Стывена Крэйна «Выбраныя вершы».
Зноскі
- ↑ (unspecified title) Праверана 4 снежня 2021.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Саюз беларускіх пісьменнікаў Цімафеева Юлія Пятроўна. Асабістыя старонкі сяброў СБП(нявызн.). lit-bel.org.dyskurs.be. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
- ↑ «ПрайдзіСьвет» прэміяваў пераклады Марыны Шоды і Юліі Цімафеевай(бел. (тар.)) (нявызн.)?. svaboda.org (30 верасня 2015). Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
- ↑ Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча(нявызн.). pen-centre.by. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.
Спасылкі
- Саюз беларускіх пісьменнікаў Цімафеева Юлія Пятроўна. Асабістыя старонкі сяброў СБП(нявызн.). lit-bel.org.dyskurs.be. Архівавана з першакрыніцы 11-02-2019. Праверана 11-02-2019.