Іван Канстанцінавіч Стадольнік
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Стадольнік. Іван Канстанцінавіч Стадольнік (12 верасня 1940, в. Янкі, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць — 4 мая 2021) — беларускі празаік, паэт. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1980) і Беларускага саюза журналістаў (1975).
Біяграфія
Бацька Канстанцін Сцяпанавіч загінуў у 1945 годзе на фронце пры штурме Кёнігсберга. Маці Вольга Паўлаўна жыла ў роднай вёсцы, працавала ў калгасе. У 1947 годзе Іван Стадольнік пайшоў у першы клас Янкоўскай пачатковай школы.
Пасля заканчэння Докшыцкай сярэдняй школы (1959) працаваў у калгасе імя Суворава Докшыцкага раёна, качагарам на цаліне на станцыі Купрыянаўка Рузаеўскага раёна Какчатаўскай вобласці. Вярнуўшыся адтуль, зноў працаваў у калгасе, потым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі Докшыцкага раёна. У 1960 годзе паступіў на зубаўрачэбнае аддзяленне Полацкага медвучылішча, якое скончыў у 1963 годзе. Да 1967 года быў зубным урачом і в. а. галоўнага ўрача Мосарскай сельскай бальніцы Глыбоцкага раёна. Адначасова вучыўся завочна на факультэце журналістыкі БДУ (1965—1971).
У 1967—1971 гадах — адказны сакратар, а з 1971 года — загадчык аддзела сельскай гаспадаркі полацкай аб’яднанай газеты «Сцяг камунізму». З 1980 года — рэдактар аддзела літаратуры, з 1984 года — адказны сакратар часопіса «Вожык», з 1991 года — часопіса «Тэатральная Беларусь».
Памёр 4 мая 2021 года[1].
Творчасць
Вершы пачаў пісаць у школьныя гады. Першы верш «З Новым годам» надрукаваны 1 студзеня 1960 года ў докшыцкай раённай газеце «Ленінская трыбуна». Пазней, з 1962 года, вершы І. Стадольніка друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Рэспубліка», «Чырвоная змена», «Віцебскі рабочы», «Піянер Беларусі», часопісах «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларусь», «Бярозка» і інш., у зборніках «Слова аб роднай прыродзе», «Вяснянка», «Беларуская байка». У 1967 годзе у часопісе «Вожык» змешчана першая гумарэска І. Стадольніка «Прататып», а ў 1971 годзе на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» першае апавяданне.
Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Як тут не смяяцца» (1985), апавяданняў «Хачу табе шчасця» (1979), «Агонь крывёю не заліць» (2016), «Небяспечная знаходка» (2018), аповесці і апавяданняў «Лістапад на пачатку лета» (1987), камедыі-фарса «Залатое вяселле» (1995), . Асобныя гумарэскі пісьменніка перакладаліся на літоўскую, рускую, украінскую, армянскую і іншыя мовы. Песні на вершы І. Стадольніка напісалі Дз. Лукас, М. Пятрэнка. Аўтар шматлікіх вершаваных подпісаў пад агітплакатамі.
Зноскі
Літаратура
- Жыгуноў, А. «Сёмае неба» Івана Стадольніка / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. — 2015. — 20 чэрв. — С. 3.
- Палачанін, Ф. А. Іван Стадольнік // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. — Мінск : Беларусь, 2009. — С. 130—131.
- Пашкоў, Г. Ідзе, жыццём асветлены… / Г. Пашкоў // Літаратура і мастацтва. — 2010. — 24 снеж. — С. 5.
- Салтук, А. І як тут не смяяцца! / А. Салтук // Вiцебскі рабочы. — 2005. — 10 верас. — С. 4.
- Стадольнік Іван Канстанцінавіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 639—640.
- Хілько, В. Чароўная сіла малой радзімы / В. Хілько // Родныя вытокі (Докшыцы). — 2015. — 16 верас. — С. 2.
- Саламевіч І. У. Стадольнік Іван Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 128. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Стадольнік Іван Канстанцінавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»