wd wp Пошук:

Іосіф Аляксандравіч Бродскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бродскі. Іосіф Аляксандравіч Бродскі (руск.: Ио́сиф Алекса́ндрович Бро́дский, англ.: Iosif або Joseph Brodsky; 24 мая 1940, Ленінград — 28 студзеня 1996, Нью-Ёрк) — расійскі і амерыканскі паэт , эсэіст, драматург , перакладчык. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 1987 годзе.

Біяграфія

Бацькі Бродскага былі яўрэямі. Бацька, Аляксандр Іванавіч Бродскі(1903—1984), быў ваенным фотакарэспандэнтам, вярнуўся з вайны ў 1948 годзе і ўладкаваўся на працу ў фоталабараторыю Цэнтральнага ваенна-марскога музея. У 1950 годзе быў дэмабілізаваны, пасля гэтага працаваў фатографам і журналістам у некалькіх ленінградскіх газетах. Маці, Марыя Маісееўна Вольперт(1905—1983), працавала бухгалтарам.

Раннее дзяцінства Іосіфа прыйшлося на гады вайны, блакады, пасляваеннай галечы і прайшло без бацькі. У 1942 годзе пасля блакаднай зімы Марыя Маісееўна з Іосіфам з’ехала ў Чарапавец, вярнуліся ў Ленінград у 1944 годзе. З 1947 па 1955 год змяніў некалькі школаў (у тым ліку, падаў дакументы ў Нахімаўскае марское вучылішча, але не быў прыняты).

Эстэтычныя погляды Бродскага фарміраваліся ў Ленінградзе 1940-1950-х гадоў. Неакласічная архітэктура, моцна пацярпеўшая падчас бамбардзіровак, бясконцыя перспектывы пецярбургскіх ускраін, вада, мноства адлюстраванняў, — матывы, звязаныя з гэтымі ўражаннямі яго дзяцінства і юнацтва, нязменна прысутнічаюць у яго творчасці. У 1955 годзе, у няпоўныя шаснаццаць год, скончыўшы сем класаў і пачаўшы восьмы, Бродскі кінуў школу і паступіў вучнем фрэзероўшчыка на завод «Арсенал». Гэта рашэнне было звязана як з праблемамі ў школе, так і з жаданнем Бродскага фінансава падтрымаць сям’ю. Безвынікова спрабаваў паступіць у школу падводнікаў. У 16 год захапляўся ідэяй стаць доктарам, месяц працаваў памочнікам празектара ў моргу пры абласным шпіталі, анатаміраваў трупы, але ў выніку адмовіўся ад медыцынскай кар’еры. Акрамя таго, на працягу пяці гадоў пасля сыходу са школы Бродскі працаваў апальшчыкам у кацельні, матросам на маяку. З 1957 па 1961 прымаў удзел у шэрагу геалагічных экспедыцый.

У той жа час ён вельмі шмат чытаў — у першую чаргу паэзію, філасофскую і рэлігіёзную літаратуру, пачаў вывучаць англійскую і польскую мовы.

14 лютага 1960 года адбыўся першы буйны публічны выступ на «турніры паэтаў» у ленінградскім Палацы культуры імя Горкага. Чытанне верша «Яўрэйскія могілкі» выклікала скандал.

Падчас паездкі ў Самарканд у снежні 1960 года Бродскі і яго сябра, былы лётчык Алег Шахматаў, разглядалі варыянт захопу самалёту, каб трапіць за мяжу, але ў выніку на гэта яны не рашыліся.

У жніўні 1961 года ў Камарове (курортны раён Санкт-Пецярбурга) адбылося знаёмства Бродскага з Ганнай Ахматавай.

У 1962 годзе 22-гадовы Бродскі сустрэў маладую мастачку Марыяну Басманаву. З таго часу Марыяне Басманавай, схаванай пад ініцыяламі «М. Б.», прысвячаліся шматлікія творы паэта.8 кастрычніка 1967 года ў Марыяны Басманавай і Іосіфа Бродскага нарадзіўся сын, Андрэй Восіповіч Басманаў.

Пераследванні, суд і ссылка

29 лістапада 1963 года ў газеце «Вечерний Ленинград» з’явіўся артыкул «Окололитературный трутень», падпісаны Лернерам, Мядзведзевым і Іоніным. Аўтары артыкула таўравалі Бродскага за «паразітычны лад жыцця». Потым апублікавана падборка чытацкіх лістоў, якія патрабавалі пакараць «дармаеда».

Было відавочна, што артыкул з’яўляецца сігналам да пераследванняў і, магчыма, арышту Бродскага. Тым не менш, па словах Бродскага, больш, чым паклёп, наступны арышт, суд і прысуд, яго думкі займаў у той час разрыў з Марынай Басманавай. На гэты ж перыяд прыходзіцца спроба самагубства.

У 1964 годзе быў асуджаны за дармаедства. 14 лютага ў камеры ў яго здарыўся першы сардэчны прыступ. З таго часу Бродскі ўвесь час пакутаваў ад стэнакардыі, якая заўсёды нагадвала яму аб магчымай блізкай смерці.

У перыпынку паміж судовымі паседжаннямі Бродскі быў прымусова заключаны ў псіхіятрычны шпіталь з мэтай псіхіятрычнай экспертызы.

13 сакавіка 1964 года на другім паседжанні суда Бродскі быў асуджаны на пяць год прымусовых работ і напраўлены ў Архангельскую вобласць. Але пад ціскам міжнароднай грамадскасці быў вызвалены пасля 18 месяцаў.

У 1972 быў высланы з СССР у Вену. Затым пераехаў у ЗША, дзе атрымаў амерыканскае грамадзянства і прыняў пост «запрошанага паэта» (poet-in-residence) у Мічыганскім універсітэце, дзе Бродскі выкладаў, з перапынкамі да 1980 года. З таго моманту Бродскі, які скончыў у СССР няпоўныя 8 класаў сярэдняй школы, вядзе жыццё ўніверсітэцкага выкладчыка, займаючы на працягу наступных 24 гадоў прафесарскія пасады агулам у шасці амерыканскіх і брытанскіх універсітэтах, у тым ліку ў Калумбійскім і Нью-Ёрскім універсітэце. Ён выкладаў гісторыю рускай літаратуры, рускую і сусветную паэзію, тэорыю верша, выступаў з лекцыямі і чытаннем вершаў.

Бацькі Бродскага дванаццаць разоў падавалі заяву з просьбай дазволіць ім пабачыць сына, але нават пасля таго, калі Бродскі ў 1978 годзе перанёс аперацыю на адкрытым сэрцы і меў патрэбу ў даглядзе, яго бацькам было адмоўлена ў выязной візе. Сына яны больш не ўбачылі. У Савецкі Саюз і ў Расію Бродскі больш не вяртаўся.

У 1990 годзе Іосіф Бродскі ажаніўся з Марыяй Сацані, італьянскай арыстакраткай, рускай па мацярынскай лініі. У 1993 годзе ў іх нарадзілася дачка Ганна.

Памёр ад інфаркту ў сне. Пахаваны на могілках вострава Сан-Мікеле ў Венецыі (Італія).

Творчасць

Вершы пачаў пісаць пад канец 1950х. Да таго ж часу адносяцца і яго першыя пераклады (песні Бітлз). Творы распаўсюджваюцца ў самвыдаце. Цвятаева і Баратынскі, а крыху пазней — Мандэльштам, Пастарнак, Ахматава і Адэн, аказалі, па словах самога Бродскага, вялікі ўплыў на яго.

Падчас жыцця ў ЗША піша вершы і эсэ па-англійску, займаецца перакладамі на рускую.

Найбольш вядомымі творамі Бродскага з’яўляюцца зборнікі вершаў «Остановка в пустыне», «Конец прекрасной эпохи», «Часть речи», «Новые стансы к Августе», «Урания», «Пейзаж с наводнением», п’еса «Мрамор», зборнікі эсэ «Less than one», «On Grief and Reason».

У сваіх вершах паказаў складаны творчы і духоўны свет паэта. Яго паэзія — у своеасаблівым творчым вымярэнні і ў той жа час яна цвёрда стаіць на рэальнай зямлі[8].

Прэміі і ўзнагароды

У 1986 англамоўная кніга Бродскага «Less than one» («Менш за адзінку») была прызнана найлепшай літаратурна-крытычным творам у ЗША. У 1987 Бродскі атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў галіне літаратуры, якая была дадзеная яму за «ўсеабдымную творчасць, насычаную чысцінёй думкі і яркасцю паэзіі». Ён з’яўляўся таксама лаўрэатам стыпендыі Макартура, Нацыянальнай кніжнай прэміі. Быў прызнаны як паэт-лаўрэат ЗША, як ганаровы грамадзянін горада Санкт-Пецярбурга.

Беларускія пераклады

Бродскага перакладалі Алесь Чобат[9], Вадзім Болбас, Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Вера Бурлак, Марыя Мартысевіч, Алеся Алейнік.

У кастрычніку 2022 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкім беларускамоўнае выданне «Балады пра маленькi буксiр»[10].

  • Бродскі, І. Туга і спакой:. Раннія вершы / Пераклады і прадмова В. Болбаса. — Гомель, 2015. — 100 с.
  • Бродскі, І. Калядная зорка / Перакл. А. Хадановіча // Наша ніва. — 2004. — № 48.
  • Бродскі, І. А. Балада пра маленькі буксір / Іосіф Бродскі ; пер. з рус. Алесі Алейнік. — Мінск : А. М. Янушкевіч, 2022. — 40 с. : іл.  ISBN 978-985-7283-05-7.

Зноскі

  1. 1 2 Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118660136 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118660136 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. Josef Brodsky // Find a Grave — 1996. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #118660136 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  6. https://www.poets.org/poetsorg/poet/joseph-brodsky
  7. 1 2 https://www.macfound.org/fellows/74/ Праверана 19 сакавіка 2020.
  8. БЭ ў 18 т. Т. 3. С. 257
  9. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
  10. У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кнігі Уладзіміра Арлова і нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага (нявызн.). Новы Час (25 кастрычніка 2022). Праверана 23 лістапада 2022.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі ЗША XX стагоддзя Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Паэты ЗША Катэгорыя·Паэты Расіі XX стагоддзя Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты Санкт-Пецярбурга Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі ЗША Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на англійскую мову Катэгорыя·Перакладчыкі паэзіі на рускую мову Катэгорыя·Перакладчыкі прозы і драматургіі на рускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be