Марыя Аляксандраўна Мартысевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мартысевіч. Марыя Мартысевіч (нар. 28 сакавіка 1982, Мінск) — беларуская перакладчыца, паэтэса, эсэістка, літаратуразнавец.
Біяграфія
Скончыла філалагічны факультэт БДУ (2004), літаратурна-філасофскае аддзяленне Беларускага калегіюму. Стыпендыятка Homines Urbani (Stowarzyszenie Villa Decius, Кракаў) у 2007 г. і International Writing Program (University of Iowa, Iowa City, USA) у 2010 г. Яе артыкулы на культурніцкую тэматыку, а таксама кніжныя рэцэнзіі друкаваліся ў часопісах «Студэнцкая думка», ARCHE, «Дзеяслоў», pARTisan, Timer, у газеце «Новы час». За сваю публіцыстыку атрымала прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў (2011) і Belarus in Focus (2013). Таксама ўшанаваная перакладніцкімі прэміямі: часопіса «ПрайдзіСвет» (2011) за пераклады вершаў Веньяміна Блажэннага ды твораў з кнігі «Амбасада» (2011) і фундацыі «Za Wolność Waszą i Naszą» (2015) за пераклады вершаў Віславы Шымборскай. Атрымала прэміі «Кніга году» і Паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай (2019) за кнігу «Сарматыя».
Аўтарка кніг: «Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе» (Мн: Логвінаў, 2008), у якую ўвайшлі вершы і публіцыстычныя творы, «Амбасада: вершы свае і чужыя» (Мн: Кнігазбор, 2011), у якую ўвайшлі вершы і вершаваныя пераклады з розных моваў, у тым ліку такіх аўтараў, як Сяргей Жадан, Багдан-Ігар Антоныч, Тэнэсі Уільямс,Том Уэйтс, Баляслаў Лесьмян, паэмы «Сарматыя» (Мн: Янушкевіч, 2018).
Яе ўласныя творы перакладаліся на англійскую, літоўскую, нямецкую, рускую, славацкую, украінскую, шведскую мовы.
Сярод значных перакладаў М. Мартысевіч з розных моваў на беларускую: вершы ў рамане Маргарэт Этвуд «Пенелапіяда» («Дзеяслоў» № 36, 2008), зборнік вершаў Хінэмааны Бэйкер «Выкапні» (Тэрнопаль: Крок, 2015), чатыры апавяданні з кнігі Артура Конана Дойла «Нататкі Шэрлака Холмса» (Мн: Кнігазбор, 2015) — з англійскай; вершаваная п’еса Аляксандра Фрэдры «Дзявочыя зарокі» (у кнізе А. Фрэдра «Помста: камедыі». Мн: Логвінаў, 2013), раман Ігната Карповіча «Сонька» (Мн : Логвінаў, 2018) — з польскай; зборнік аповесцяў і апавяданняў Сяргея Лапцэвіча «Плошча Калумба» (Мн: Галіяфы, 2017) — з рускай; раман Любка Дэрэша «Культ» (ARCHE, № 4, 2008; ARCHE, № 6, 2008) — з украінскай; раман Антаніна Баяі «Зваўчэньне: раманэта пра ваўкоў, людзей і знакі» (Мн: Логвінаў, 2006), раман Яраслава Рудзіша «Неба пад Берлінам» (Мн: Логвінаў, 2008), аповесць Макса Шчура «Нататкі з творчага дому» (ARCHE, № 6, 2009), раман Багуміла Грабала «Я абслугоўваў ангельскага караля» (Мн: Логвінаў, 2013) — з чэшскай.
З 2017 года — рэдактарка кніжнай серыі «Амерыканка».
Жыве ў Мінску.
Зноскі
Спасылкі
- livejournal.com — блог М. Мартысевіч у ЖЖ
- prajdzisvet.org