Іосіф Уладзіміравіч Скурко
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Скурко. Іосіф Уладзіміравіч Скурко́[1] (24 лютага 1938 — 2 ліпеня 1989) — беларускі паэт, драматург, перакладчык. Псеўданімы Язэп, Бяроста[2].
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Пількаўшчына Пастаўскага павета Віленскага ваяводства (зараз у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці Беларусі). 1956 годзе скончыў сярэднюю школу № 2 у Паставах і застаўся ў ёй працаваць піянерважатым[2]. У 1957 годзе бы прызваны на службу ў Савецкую Армію[2]. Пасля звальнення са службы ў 1960 годзе паступіў на вучобу на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1965 годзе. У 1965—1967 гадах працаваў у Цэнтральным камітэце ЛКСМБ. У 1967—1971 гадах — дырэктар Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у 1971—1974 гадах — рэферэнт у апараце Савета Міністраў БССР. З 1974 года І. У. Скурко ў у Дзяржаўным камітэце БССР па тэлебачанні і радыё — палітычны аглядальнік, каментатар, загадчык адзела, намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання[2].
Творчасць
Вершы пачаў пісаць у час вучобы ў школе[2]. Друкаваўся з 1962 года[1] (верш «Нас, вёска родная, страчай» у «Настаўніцкай газеце»)[2]. Вершы друкаваліся ў зборніках «Дзень паэзіі-71, 75, 78», «Універсітэт паэтычны», «Адданасць», «Люблю будзённы дзень», «Заўсёды з Леніным», часопісах «Беларусь», «Полымя», «Маладосць», «Работніца і сялянка», «Бярозка», газетах «Звязда», «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Вячэрні Мінск», «Сельская газета». Першы зборнік паэта «Бацькоўскі парог» выйшаў у 1973 годзе. У 1990 годзе быў выдадзены зборнік «Весніцы». Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «Драўгістэ — Дружба», знятага на кінастудыі «Беларусьфільм». Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Б. Бокава, Б. Кежуна, А. Твардоўскага, К. Шавялёвай, М. Нагнібеды, К. Галчынскага. Многія творы І. У. Скурко пакладзены кампазітарамі на музыку і сталі папулярнымі песнямі. Сярод найбольш вядомых — «Святло тваіх вачэй» (музыка У. Будніка), «Свіцязянка», (музыка К. Цесакова), «Бацькоўскі парог», «Верасы» (музыка І. Лучанка)[2].
Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1986 года[2].
Зноскі
- 1 2 БелЭн, 2002
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Скурко Іосіф Уладзіміравіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
Літаратура
- Саламевіч І. У. Скурко Іосіф Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 483. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
- Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. — Мінск, 1995. — Т. 5. — С. 375.
Спасылкі
- Скурко Іосіф Уладзіміравіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»