Адам Станкевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Станкевіч.
Адам Станкевіч [24 снежня 1891 (5 студзеня 1892)[3], в. Арляняты, Ашмянскі павет, цяпер Смаргонскі раён — 29 лістапада 1949, Тайшэцкі раён, Іркуцкай вобласці] — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар.
Біяграфічны нарыс
Вучыўся ў Ашмянскім гарадскім вучылішчы, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Падчас вучобы ў Петраградзе старшыня беларускага гуртка, супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман». Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя, 1917). Адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства (24—25.5.1917) у Мінску, дзе выступіў з рэфератам пра беларускі рух і яго адносіны да царквы на Беларусі. У 1917 годзе адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў у Дзісенскім, Браслаўскім паветах, Драгічыне, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх царкоўных улад. Кандыдат кананічнага права (1918). 3 1919 выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У жніўні 1919 — верасні 1922 г. рэдактар-выдавец газеты «Крыніца». Уваходзіў у камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1922—1928 гг. пасол (дэпутат) польскага сейма, намеснік старшыні Беларускага пасольскага клуба (да яго расколу ў 1925 г.); адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».
Пражываў у Вільні ў доме па вуліцы Полацкай, 9 (Polocko g. 9)[4].
Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У 1924—1926 гг. узначальваў Таварыства беларускай школы (ТБШ), быў старшынёй і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1928—1939 гг. рэдактар і выдавец часопіса «Хрысціянская думка». Адзін з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф. Скарыны (1926—1940), у якой выдадзена не менш за 146 назваў беларускіх рэлігійных і свецкіх кніг, Беларускага каталіцкага выдавецтва. На IV з’ездзе БХД (снежань 1931 г.) абраны членам ЦК партыі. Адстойваў асновы дэмакратычнага ладу, выступаў за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, легальныя формы барацьбы, адмоўна ставіўся да сацыялістычнай рэвалюцыі. Як прыхільнік незалежніцкіх поглядаў, прытрымліваўся тэорыі самабытнасці развіцця беларускай нацыі і абуджаў нацыянальную свядомасць беларусаў на аснове хрысціянскай этыкі і дэмакратычных прынцыпаў. Выступаў супраць сацыяльна-класавага падыходу ў дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), рэвалюцыйнага характару праграмы Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), згодніцтва паланафільскіх груповак. Асуджаў тэрор і ганенні заходне-беларускага насельніцтва з боку польскіх улад. У 1933 гэ звольнены з Віленскай беларускай гімназіі, працаваў у гандлёвай школе імя С. Сташыца ў Вільні. Як прыхільнік беларусізацыі каталіцкай царквы, вёў богаслужэнні на беларускай мове ў касцёле Св. Мікалая ў Вільні. У 1938 годзе высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939 г. вярнуўся ў Вільню і стаў дырэктарам беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Пасля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве арганізаваў там Беларускі цэнтр, аднавіў выданне газеты «Крыніца».
У гады нацысцкай акупацыі абмяжоўваўся рэлігійнай працай у касцёле Св. Міхала, дапамагаў ратаваць ад рабавання экспанаты Віленскага беларускага музея. Выдаў «Вучнёўскі малітаўнічак» і «Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу».
7 снежня 1944 быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС (неўзабаве адпушчаны). 13 красавіка 1949 арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць), дзе памёр.
Смерць і пахаванне
Віктар Сікора, які пахаваў кс. Адама Станкевіча, пакінуў успаміны пра тыя падзеі:
«Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэта — гэта пахаваньне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы і кажуць: „Ксёндз у нас памірае. Як бы вады знайсьці?“ А ў нас там вады не было. Рабілі сьвідравіны, але да 84-мэтровай глыбіні яе не знайшлі ды не змаглі прабіцца глыбей — далей была скала… А рэчка знаходзілася аж у 7 кілямэтрах ад лягеру. Зьбіралі дажджавую ваду, а зімой даводзілася нам зьбіраць сьнег і тапіць яго. Ужо пазьней нам далі машыну, і мы вазілі лёд зь невялічкай рэчкі, нарыхтоўвалі яго, перасыпалі пілавіньнем… Дык вось, просяць літоўцы вады. — А адкуль ён? — пытаюся я. — Зь Вільні, — адказваюць. Я прынёс сьнегу, растапіў яго, і яны панесьлі ваду. Пасьля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: — А вы ня скажаце прозьвішча ксяндза, не Станкевіч? — Станкевічус Адомас, — адказваюць яны. Распытаў я, у якім бараку ён ляжыць і пабег туды, а Станкевіч быў ужо мёртвы… Яго было цяжка пазнаць… У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. „Працаваў“ там адмысловы „мясьнік“, які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць „мясьнік“ з „кішнёй“, што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю…»[5].
Адам Станкевіч пахаваны 10.12.1949 года на могілках Азярлага каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага раёна.[6]
Навуковая і асветніцкая дзейнасць
Першыя артыкулы Адама Станкевіча апублікаваны ў газеце «Наша ніва» ў 1913 г. Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. Традыцыю дзяржаўнасці Беларусі вёў ад Полацкага, Смаленскага, Турава-Пінскага княстваў і ВКЛ. Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. Высока цаніў гуманістычную скіраванасць, дэмакратычны характар дзейнасці Ф. Скарыны («Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525—1925)» (1925). Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі» (1933), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1934), нацыянальнай асветы — у працы «Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.» (1928), беларускага нацыянальнага адраджэння ў ХІХ — 1-й пал. ХХ ст. — «Беларускі хрысціянскі рух» (1939) гісторыю хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі — «Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)» (1940). Перакладаў з лацінскай, літоўскай і іншых моў. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы. У 1944 годзе пачаў пісаць кнігу «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)», дзе сцвярджаў, што гісторыя беларускага народа — гзта рэалізацыя яго нацыянальнай ідэі, рух да «гарманічнай нацыянальнай цэласнасці». 3 запланаваных 5 частак да арышту напісаў толькі 2. Асабістыя архіўныя матэрыялы Адама Станкевіча захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі.
Памяць
Мемарыяльная дошка ў гонар Адамам Станкевічам ўстаноўлена на будынку Віленскай беларускай гімназіі[4].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 (unspecified title) Праверана 19 снежня 2021.
- ↑ (unspecified title) Праверана 28 мая 2021.
- ↑ Выпіска з метрычнай кнігі пра нараджэнне і хрышчэнне Адама Станкевіча
- 1 2 Беларускія старонкі Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі (сярэдзіна XIX — першая палова XX ст.)
- ↑ Апошні шлях Адама Станкевіча // «Наша ніва» № 34(155), 13-19 снежн. 1999.
- ↑ Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том II
Творы
Кнігі
На лацініцы
- Doktar Francišak Skaryna — pieršy drukar biełaruski (1525 — 1925) / Ad. Stankiewič. — Wilnia: «Krynica», 1925. — 59, [1] s.
- Rodnaja mowa u światyniach. — Wilnia: Adbitka z «Chryścijanskaj Dumki», 1929. — 192 s.
На кірыліцы
- Вітаўт Вялікі і беларусы: Рэферат, чытанны на урачыстай акадэміі ў Вiльнi ў салi «Apollo» 27 кастрычніка 1930 г., у дзень 500-лецця смерцi Вiтаўта, Вялiкага князя Лiтоўска-Беларускага / А. Станкевіч. — Вільня: Выданьне Беларускага нацыянальнага камітэта, 1930. — 31 с., [1] л. партр.
- З Богам да Беларусі. Збор твораў / Укл., навуковая рэдактура, камэнт., прадм. Алесь Пашкевіч, Андрэй Вашкевіч. — Вільня: İнстытут беларусістыкі, 2008. — 1098 с.
Артыкулы
- Беларусы як нацыянальная меншасць у Польшчы // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 2. — С.;
- Вітаўт Вялікі і беларусы // Спадчына. — 1990. — № 4. — С.;
- Доктар Франціш Скарына і яго культурная праца: З нагоды 450-лецьця яго нараджэньня // Калосьсе. — 1936. — Кн. 2. — С. 99 — 100.
- Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: з яго жыцця і працы // Спадчына. — 1989. — № 2. — С.;
- Расказы з гісторыі Беларусі для школы і народу // Хрысьціянская думка. — 1993. — № 1—3;
- Родная мова ў сьвятынях // Спадчына. — 1992. — № 1. — С.;
- Хрысьціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы // Хрысьціянская думка. — 1992. — № 1. — С.;
- У кн.: Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). — Варшава, 1998;
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 149. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 403. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Станкевіч Адам // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. — Т. 5. Пестрак — Сяўрук. — С. 41. — 480 с.; іл.. — ISBN 5-85700-168-4.
- Адам Станкевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 68. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і бел. нац. дзейнасці (10.1.1915 — 10.1.1940). — Вільня, 1940.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. — Мн.; Мюнхен, 1999. — С. 183—184, 403—409.
- Конан У. Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў XX ст. Мн., 2000;
- Войцік Г., Луцкевіч Л. Адам Cтанкевiч. Сэрыя «Партрэты Віленчукоў». — Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2002.
- Сідарэвіч А. 3 Айчынай і Богам у сэрцы: Адам Станкевіч, 1891—1949 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў бел. гісторыі ў кантэксце часу. — Мн., 1994;
- Вабішчэвіч А. М. «…беларусы…маюць законы толькі на паперы…» // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 2;
- Багдановіч І. Ксёндз Адам Станкевіч — знаны і нязнаны// Наша вера (Мінск). — 2012. — № 1 (59).
- Цехановіч З. Спадчына Адама Станкевіча// Наша вера (Мінск). — 2009. — № 4 (50).
- Vytautas Žeimantas. Adomas Stankevičius — kunigas, rašytojas, baltarusių atgimimo veikėjas // XXI amžius, 2009 lapk. 13, 8-9 pusl. (на літоўск.)
Спасылкі
Адам Станкевіч у Вікікрыніцах | |
Адам Станкевіч на Вікісховішчы |
- Адам Станкевіч. Шлях да Беларусі – шлях да Бога
- Рукапісы не гараць. Адам Станкевіч// TUT.BY, 6 студзеня 2012 Архівавана 5 снежня 2020.
- АДАМ СТАНКЕВІЧ. Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік Архівавана 7 мая 2008., у тым ліку ў PDF-фармаце
- Адам Станкевіч — лідар беларускага каталіцкага адраджэння
- АДАМ СТАНКЕВІЧ. біяграфічны нарыс Уладзіміра Арлова Архівавана 6 студзеня 2006.
- Імёны Свабоды: Адам Станкевіч(недаступная спасылка)
- «Ворагі Савецкага Саюза ніколі не былі маімі сябрамі…»: палітычная і грамадская аўтабіяграфія Архівавана 25 жніўня 2011.