Алесь Розна
Але́сь Ро́зна, сапраўднае імя Абра́м Іса́кавіч (1913, Мінск, Расійская імперыя — 1942, Унжлаг, Горкаўская вобласць РСФСР) — беларускі паэт, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1913 годзе ў рабочай сям’і. Бацька памёр вельмі рана, маці выхоўвала пяцёх дзяцей (чатырох сыноў і дачку)[1].
Пасля сярэдняй школы Алесь Розна працаваў наборшчыкам у друкарні. Скончыў Лепельскі педагагічны тэхнікум[2], Мінскі педагагічны інстытут (1932—1935), працаваў у рэдакцыі «Чырвонай змены».
Арыштаваны 28 кастрычніка 1936 года па адрасе: Менск, вул. Чырвонаармейская, д. 27, кв. 2. 2 кастрычніка 1937 года асуджаны НКУС за «ўдзел у контрарэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў папраўчай калоніі. Сасланы ў Унжлаг(руск.) бел. (станцыя Сухабязводная Горкаўскай чыгункі), дзе і памёр.
Рэабілітаваны прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955 года.
Творчасць
Першыя вершы апублікаваў у 1927 годзе ў часопісе «Беларускі піянер». Друкаваўся ў газетах «Савецкая Беларусь», «Звязда», «Чырвоны сейбіт», «Чырвоная змена», часопісах «Полымя» і «Чырвоная Беларусь».
Пераклаў на беларускую мову творы Генрыха Гейнэ, Адама Міцкевіча, з Сяргеем Грахоўскім — некалькі вершаў Аляксандра Пушкіна.
Зноскі
- ↑ Маладосць, 2013, с. 103
- ↑ Маладосць, 2013, с. 98
Літаратура
- Таццяна Грахоўская. Сяргей Грахоўскі і Алесь Розна: сябры — равеснікі — паэты // Маладосць. — ліпень 2013. — № 7 (716). — С. 97—103.
Спасылкі
- РОЗНА Алесь // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- РОЗНА Алесь // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.