wd wp Пошук:

Алесь Салавей

Алесь Салавей, сапр.: Альфрэд Васільевіч Радзюк, у эміграцыі Альберт Кадняк (1 мая 1922, в. Крысава, цяпер Дзяржынскі раён, Беларусь — 21 студзеня 1978, Торкі, штат Вікторыя, Аўстралія) — беларускі паэт.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Крысава Койданаўскай воласці Менскага павета БССР. Яго бацька скончыў сельскагаспадарчы інстытут і працаваў у гарадках вакол Менска. З 1934 года бацька быў загадчыкам гандлёвага аддзела Дзяржынскага райспажыўсаюза, сюды пераехала і яго сям’я. У Дзяржынску Альфрэд Радзюк вучыўся ў сярэдняй школе разам з вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам.

У жніўні 1937 года былі арыштаваны бацькі, а таксама два малодшыя браты і сястра. Бацька быў расстраляны ў Менску 10 студзеня 1938 года, маці асуджаная да 10 гадоў зняволення. Хлопец вымушаны быў уладкавацца на працу, працаваў на разгрузцы вагонаў, на торфараспрацоўках і вывазцы лесу. У 1938 годзе паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум, дзе змог працягнуць толькі два гады. Да пачатку вайны нейкі час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газеты «Чырвоная Лагойшчына». На фронт яго не ўзялі з прычыны хворага сэрца і кепскага зроку.

На пачатку вайны пераязджае ў Менск, дзе пры дапамозе Уладзіміра Дудзіцкага ўладкоўваецца ў рэдакцыю «Беларускай газэты», з 1942 года стаў падпісвацца псеўданімам Алесь Салавей. Працаваў у павятовай управе ў Іллі (Вілейская акруга), з кастрычніка 1942 па жнівень 1944 г. — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Новы шлях» (Рыга).

У 1944 годзе ў сувязі з наступам савецкіх войскаў з’ехаў з Беларусі. Апынуўся спачатку ў Беластоку, дзе адбылося знаёмства з Хведарам Ільяшэвічам, Майсеем Сяднёвым, потым у Берліне, у Празе сустракаўся з Ларысай Геніюш. У 19451949 жыў у лагеры перамешчаных асобаў Зальцбургу (Аўстрыя). Удзельнічаў у выданні газеты «Зь беларускага жыцьця» і часопіса «Пагоня», вёў вялікую перапіску з беларусамі ў Нямеччыне. У Зальцбургу Алесь Салавей ажаніўся з Зінаідай Кадняк, з якой пазнаёміўся ў Берліне.

У 1949 г. разам з сям’ёй выехаў у Аўстралію. Першыя некалькі гадоў жыў у Адэлаідзе (Паўднёвая Аўстралія), удзельнічаў у арганізацыйным сходзе тутэйшых беларусаў у лютым 1950. Пазней перабраўся ў Мельбурн (Вікторыя), дзе таксама далучыўся да грамадскага жыцця. Член Згуртавання беларусаў у Вікторыі, пазней культурны рэферэнт Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі і член беларускай секцыі радыё 3ZZ у Мельбурне (19761977). Перапісваўся з Ларысай Геніюш, якая вярнулася з ГУЛАГа пасля смерці Сталіна.

Памёр 22 студзеня 1978 году ў Мельбурне ад разрыву сэрца падчас купання ў акіяне. Пахаваны на могільніку Фоўкнэр Меморыял Парк каля Мельбурна[1].

Творчасць

Першыя вершы апублікаваў у 1937 (часопіс «Піянер Беларусі», раённая газета «Ударнік Дзяржыншчыны»). Раннія яго вершы — гэта захапленне родным краем, прыгажосцю беларускай прыроды. У перадваенны перыяд пачаў асвойваць класічныя формы верша: санеты, актавы, трыялеты, рандо.

Аўтар кнігі паэзіі «Мае песні» (вершы і паэма, Рыга, 1944), які меў падзагаловак «Зборнік лірыкі думкі». У Рызе з’явілася першая яго вялікая паэма «На хуткіх крыллях вольнага Пэгаса», напісаная санетнай страфою.

Перыяд знаходжання ў Зальцбургу быў для паэта надзвычай плённы ў паэтычных адносінах. Алесь Салавей працягваў пісаць вершы класічнай формы, а таксама вершы-мініяцюры, першыя з якіх — «Вянкі» — з’явіліся ў друку ў 1948 годзе, як і паэма «Домік у Менску», пачатая яшчэ ў 1944. У Зальцбургу была напісана і другая паэма Алеся Салаўя «Звіняць званы Сьвятой Сафіі», прысвечаная Юрку Віцьбічу, а таксама паэма «Сын» (надрукаваныя ў 1949). Тут выйшаў другі зборнік паэзіі Алеся Салаўя «Сіла гневу» (вершы, паэма, 1948), дзе сабраны вершы цэлага дзесяцігоддзя. Гэта быў апошні зборнік, выдадзены пры жыцці паэта, у ім шмат вершаў, прысвечаных Радзіме.

У сваіх зборніках Алесь Салавей шмат вершаў прысвяціў беларускай гісторыі, Усяславу Чарадзею, Ф. Скарыну, С. Буднаму, В. Цяпінскаму, М. Багдановічу, уславіў мясціны, дзе яму давялося жыць ці пабываць (Менск, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Койданава), апяваў красу беларускай прыроды і заўсёды выказваў гарачую любоў і вернасць Бацькаўшчыне, свайму народу.

Пасля пераезду ў Аўстралію А.Салавей мала займаўся літаратурнай працай. У 1952 г. ён скончыў укладанне двух новых сваіх зборнікаў «Вянкі» і «Несмяротнасць». Яны павінны былі выйсці пад адзіным загалоўкам «Нятускная краса». Але гэты збор твораў Алеся Салаўя выйшаў ўжо па смерці паэта намаганнямі Антона Адамовіча і Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк — Мельбурн, 1982).

Творы

Кнігі, брашуры

  • Звіняць званы Святой Сафіі. — Зальцбург: выдавецтва «Нові Дні», 1946. — 7 с.[2]
  • Нятускная краса: Збор твораў = Unfading Beauty: Collected Poems. — Нью-Ёрк — Мэльбурн: БІНІМ, 1982. — XVI, 372 с. — (Belarusian Poets and WRiters Series; № 2).
  • Сіла гневу. Лірыка (1937—1947). — [Osterhofen, Whiteruthenian Magazine], «Sakavik», 1948. — 96 с.

Артыкулы

  • Вецер буй-вецер // Полымя Рэвалюцыі. — 1938. — № 2. — С. 117.
  • На сенажаці // Ударнік Дзяржыншчыны. — 1937. — Чэрвень. — С.
  • Як пасьпее, пажаўцее… // Чырвоная Змена. — 1938. — № 111. — С. 3.

Зноскі

  1. Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.
  2. Паэма прысвечаная Ю. Віцьбічу

Літаратура

  • Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / Уклад. Л. Юрэвіч. — Нью-Ёрк, 1999. — С. 319—327.
  • Сачанка Б. Спяцца сны аб Беларусі…: Літ.-крытыч. арт., інтэрв’ю. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 332 с. ISBN 5-340-00002-6
  • Савік Л. С. Салавей Алесь // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 94. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
  • Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч) // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 642. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Беларускамоўныя паэты Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be