wd wp Пошук:

Хведар Ільяшэвіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ільяшэвіч.

Хведар Ільяшэвіч, або Ілляшэвіч (17 лютага 1910, Вільня — 7 лістапада 1948, Ватэнштэт, Германія; Псеўданімы: Баец; М. Дальны; М. Д.; Святаслаў Залужны; Л. Іскра; Каласок; Лявон; Малады; Рабочы; Чырвоная кветка; крыптанімы: І-ч; Хв. І-ч; Х. І.[1]) — беларускі паэт, празаік, крытык, гісторык, грамадскі і культурны дзеяч.

Біяграфія

У сям’і бацькоў, апроч Хведара, быў старэйшы сын Мікалай і дачка Ніна. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію, тамсама вучыўся і брат Мікола, потым выкладаў у гімназіі беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім культурным жыцці, друкаваўся ў беларускіх часопісах. Як сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады, хадзіў па вёсках, распаўсюджваў ідэі беларускасці, літаратуру. Па палітычных матывах двойчы арыштаваны польскімі ўладамі[1]. У 1927 годзе звольнены з гімназіі, зняволены ў Лукішскую турму.

Пасля вызвалення з турмы зноў актыўны ў беларускай дзейнасці. Адначасова вучыўся на гістарычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, у 1936 годзе абараніў дысертацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)», атрымаў ступень магістра філасофіі. Ажаніўся, з жонкай Надзеяй жыў у Вільні, дзе ў іх нарадзілася двое дзяцей.

Не прыняў савецкай улады пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе, ведаючы лёс А. Салагуба, У. Жылкі, Ф. Аляхновіча, асабіста знаёмых і рэпрэсаваных пасля 1939 года А. Луцкевіча, У. Самойлы, М. Краўцова, Н. Арсенневай, Р. Шырмы. Сам не быў рэпрэсіраваны, да 1941 года працаваў у Віленскай беларускай гімназіі. Потым з сям’ёй пераехаў і жыў у Тапалянах каля Беластока.

Падчас вайны дзеяч Беларускага камітэта, з вясны 1943 года старшыня Беларускага нацыянальнага аб’яднання ў Беластоку, адзін з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне. Рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога», тамсама публікаваліся яго артыкулы пра М. Забэйду-Суміцкага, Ф. Аляхновіча, У. Жылку і іншых беларускіх дзеячоў культуры. Падпісваў свае артыкулы псеўданімам М. Д. У кастрычніку 1943 года прыцягнуў да супрацоўніцтва з «Новай дарогай» прыбылага з Магілёўшчыны Масея Сяднёва. Летам 1943 года ў Беластоку выкладаў на трохтыднёвых педагагічных курсах для беларускіх настаўнікаў.

У ліпені 1944 года выехаў у Берлін, сям’я заставалася ў Беластоку. Працаваў у рэдакцыі «Раніцы». Займаўся выдавецкай дзейнасцю. Уваходзіў у кіраўніцтва падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, быў сябрам замежнага сектара ЦК БНП[2]. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе. Жонку, Надзею Ільяшэвіч, якая аказалася на тэрыторыі Польшчы занятай Чырвонай арміяй, некалькі разоў дапытвалі савецкія службы бяспекі. Пазней яна з дзецьмі пераехала ў Шчэцін, дзе і цяпер жыве дачка Ільяшэвіча — Марыля Марліч.

Пасля капітуляцыі Германіі жыў у англійскай зоне акупацыі ў лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце, настаўнічаў у мясцовай беларускай гімназіі, апекаваў беларускі скаўтынг. У 1946 годзе ў Рэгенсбургу рэдагаваў часопіс «Шляхам жыцьця» (1946—1948), бюлетэнь «Апошнія весткі» (разам з Міколам Шылам)[1]. Пазней рэдагаваў і іншыя беларускія выданні.

Загінуў у аўтакатастрофе ў лагеры ў Ватэнштэце. Пахаваны ў Галендорфе[de] паблізу Браўншвайга.

Творчасць

Вершы друкаваліся ў «Студэнцкай думцы», «Беларускай ніве», «Крыніцы». Да 1939 года выдаў тры зборнікі паэзіі — «Веснапесьні» (1922), «Зорным шляхам» (1932) і «Захварбаваныя вершы» (1936), а таксама кнігу пра літаратурную творчасць Ядвігіна Ш., шматлікія апавяданні, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады.

Аўтар кніг «Навагоднія запросіны» (1946), «У Купальскую ноч» (1946), «Песні выгнання» (1947), «Апавяданні» (1948).

У 1981 годзе выйшла кніга «Недапетая песня. Жыццё і творчая спадчына Хведара Ільяшэвіча»[3]. У 2000 годзе, дзякуючы Міхасю Казлоўскаму, выйшаў збронік выбраных твораў. У 2021 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» у серыі «Спадчына: агледзіны» выйшаў зборнік выбраных твораў, таксама ў зборніку апублікаваны ўспаміны блізкіх пра Ільяшэвіча, яго перапіска з Юркам Віцьбічам і Вольгай Таполяй.

У 1944 годзе ў Беластоку планаваў выдаць некалькі кніг лепшых твораў беларускай літаратуры ў серыі «Беларуская народная бібліятэчка», а таксама беларускіх перакладаў сусветнай класікі ў серыі «Бібліятэка перакладу». Выдаў у 1944 годзе ў Берліне 7 кніжак серыі «Народная бібліятэчка» (6 з іх на газетнай паперы) — Юркі Віцьбіча «Нацыянальныя сьвятыні» і «Вяліскія паўстанцы», Уладзіміра Глыбіннага «Смаленшчына — адвечная беларуская зямля», Арцёма Музыкі «Прыгоды Панаса і Тараса», Лявона Радзіміча (у складзе апавяданняў «Адам і Ева», «Чабор»), Міколы Шчаглова «Беларуская музычная культура», зборнік «Дудар» (у складзе апавяданняў В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, А. Савіцкай, Ядвігіна Ш., А. Падгорнага, С. Палескага).

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 3 Маракоў, 2003
  2. Ёрш, 1998
  3. Юрэвіч, 2012

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be