Антон Антонавіч Грыневіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грыневіч.
Антон Антонавіч Грыневіч (3 мая 1877, хутар Іванаўшчына, Лепельскі павет (цяпер Полацкі раён, Беларусь) — 8 снежня 1937[1]) — збіральнік беларускага музычнага меласу (фальклору), выдавец, педагог.
Біяграфія
Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча. Калежскі сакратар у Санкт-Пецярбургу, заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910). Удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1910—1912 гадах выдаў два тамы кніжкі «Беларускія песьні з нотамі». Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкому (1918), Беларускага народнага дому.
У Вільні з 1920 года. Падтрымліваў Беларускую драматычную майстэрню. У час быцця ў Вільні быў арыштаваны дэфензівай, адбыў год зняволення ў варшаўскай турме. Пазней быў звольнены з Віленскай беларускай гімназіі за недобранадзейнасць, ізноў паддадзены следству. Уцёк у БССР.
У Мінску з 1925. Сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту (1925—1928), потым у Акадэміі навук БССР (1929—1930). Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.
Член выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Выдаў сваім коштам зборнік «Беларускія песні з нотамі»[2] (1910), зборнік «Беларускія народныя песні з нотамі» (разам з А. Зязюлем, 1912), зборнікі паэзіі Я. Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Я. Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.
У Вільні выдаў «Народны спеўнік» (1920), «Школьны спеўнік»[3] (1920), «Навука спеву»[4] (1923), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925). У Вільні рыхтаваў «Канцэртны спеўнік»[5], «Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя спевы». Планаваў выданне вялікага музыка-этнаграфічнага зборніка беларускіх песень, запісаных ім у 1906—1920 гг. З 1925 года жыў у БССР. Падрыхтаваў да друку ў БССР зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні», зборнік фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Збіраў фальклор на Палессі і ў Падзвінні.
Аўтар артыкулаў у беларускім перыядычным друку. У часопісе «Наш край» апублікаваў артыкул «Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (1925).
Арыштаваны ў 1933 годзе, памёр у лагеры.
У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.
Ацэнкі
Фалькларыстычную і музычна-прапагандысцкую дзейнасць Грыневіча высока ацанілі З. Бядуля[6], кампазітар і знавец беларускага меласу М. В. Анцаў.
Зноскі
- ↑ Паводле БелСЭ.
- ↑ Песні, апублікаваныя ў зборніку, збіраў цягам 4 гадоў сам Грыневіч.
- ↑ Музычны дапаможнік, цалкам заснаваны на нацыянальным песенным матэрыяле.
- ↑ Падручнік для беларускіх пачатковых і сярэдніх школ.
- ↑ Народныя песні, гарманізаваныя для хору А. Грачанінавым.
- ↑ У артыкуле «Беларуская народная мелодыя».
Літаратура
- Крыловіч Н. П. Улюбёны ў песню // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669, №1, 1980 — С. 14—15.
- Ліс А. С. Грыневіч Антон Антонавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т. 4. Графік — Зуйка / Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — С. 56. — 608 с.: іл., карты.
- Ліс А. С. Грыневіч Антон Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 483. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.
- Ліс А. С. Грыневіч Антон Антонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 163. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
Спасылкі
Антон Антонавіч Грыневіч у Вікікрыніцах | |
Антон Антонавіч Грыневіч на Вікісховішчы |
- Грыневіч Антон Антонавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»