Вальтэр Скот
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Скот (значэнні). Сэр Вальтэр Скот (англ.: Walter Scott; 15 верасня 1771, Эдынбург, Шатландыя — 21 верасня 1832) — шатландскі празаік і паэт.
Сусветна вядомы сваімі гістарычнымі раманамі — «Айвенга», «Квентын Дорвард» і іншымі. Першы англамоўны пісьменнік, які набыў папулярнасць за мяжой і шырока чытаўся і перакладаўся ўжо пры жыцці, класік англійскага і шатландскага рамантызму. Валодаў фенаменальнай памяццю.
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся Вальтэр Скот 15 жніўня 1771 г. у Эдынбургу ў сям’і заможнага шатландскага юрыста, нашчадка старадаўняга дваранскага роду[9] Вальтэра Скота і Ганны Рэзерфорд, дачкі прафесара медыцыны Эдынбургскага ўніверсітэта. З адзінаццаці яго братоў і сёстраў засталося ў жывых толькі пяцёра, не лічачы будучага пісьменніка. Перахварэў на дзіцячы паралюш, што стала прычынай пажыццёвага кульгання на правую нагу.
Ужо ў раннім узросце будучы пісьменнік вылучаўся жывым розумам і фенаменальнай памяццю. У гэты час Вальтэр жыў у Сэндзінаў, на ферме дзеда, дзе пранікся духам шатландскай гісторыі, паэзіяй народных балад і легенд[9].
У 1778 годзе вяртаецца ў Эдынбург. З 1779 года вучыцца ў эдынбургскай школе, у 1785 годзе паступае ў Эдынбургскі каледж. У каледжы захапіўся альпінізмам, адужэў фізічна, і набыў папулярнасць сярод аднагодкаў як выдатны апавядальнік. Шмат чытаў, у тым ліку антычных аўтараў, захапляўся раманамі і паэзіяй, асоба вылучаў традыцыйныя балады і паданні Шатландыі. Разам са сваімі сябрамі заснаваў у каледжы «Паэтычную суполку», вывучаў нямецкую мову і чытаў нямецкіх рамантыкаў[9].
Здаўшы ў 1792 г. у іспыты на званне адваката, В. Скот становіцца юрыстам. Аднак юрыдычная кар’ера яго мала цікавіла. Малады чалавек у гэты час захапляецца літаратурай і шатландскім фальклорам. У канцы 1790-х гг. ён публікуе зробленыя ім пераклады паэмы Бюргера «Ленора», гістарычнай драмы Гётэ «Гец фон Берліхінген». Першы арыгінальны твор Скота «Іванава ноч» апублікаваны ў 1797 г. Шатландскія песні і балады, сабраныя пісьменнікам, выдадзены ў зборніку «Песні Шатландскай мяжы» (1802—1803)[9].
У перыяд 1805—1813 гг. выходзяць рамантычныя паэмы Скота «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810), «Рокбі» (1813), «Уладар астравоў» (1815) і іншыя. Гэтыя творы прынеслі яму славу знакамітага паэта[9].
У 1814 г. В. Скот выпадкова натрапіў на ўрыўкі рукапісу, пачатага ім яшчэ ў 1805 г. Гэта была першая спроба празаічнага твора. Пісьменнік вярнуўся да рукапісу і на працягу трох тыдняў скончыў свой першы гістарычны раман — «Уэверлі». Кнігу ён выдаў ананімна, часткова — баючыся сапсаваць сваю трывалую рэпутацыю вядомага паэта, часткова — імкнучыся выклікаць да рамана павышаную цікавасць.
«Уэверлі» паклаў пачатак доўгай чарадзе гістарычных раманаў, якія выходзілі не менш як адзін на год. Усяго з 1814 па 1832 г. Вальтэрам Скотам напісана звыш дваццаці пяці гістарычных раманаў з мінулага Англіі, Шатландыі, Францыі і іншых краін: «Гай Мэнерынг, або Астролаг» (1815), «Антыквар» (1816), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1817), «Эдынбургская турма» (1818), «Манастыр» (1820), «Кенілварт» (1821), «Пірат» (1821), «Певерыл Пік» (1823), «Квенцін Дорвард» (1823), «Вудстак» (1826), «Ганна Геерштэйн» (1829) і інш.
Слава Скота расла з кожным годам, ён станавіўся прызнаным нацыянальным пісьменнікам. Памяркоўныя палітычныя погляды, а таксама сувязі з блізкімі да каралеўскага двара кругамі спрыялі добразычлівай увазе да яго каралеўскай сям’і. Жадаючы падкрэсліць яго выдатныя літаратурныя заслугі, прынц-рэгент дамогся для яго тытула баранета.
У 1827 г. выйшла 9 тамоў напісанай Вальтэрам Скотам біяграфіі Напалеона Банапарта. У сувязі з працай над гэтым творам пісьменнік здзейсніў паездку ў Англію і Францыю, дзе яго прымалі з вялікімі ўшанаваннямі. Вярнуўшыся на радзіму, ён выдае кнігу «Дзядулевы казкі», займаецца выданнем збору сваіх сачыненняў (да 1929 г. выйшла 8 тамоў).
У пачатку 1830 г. здароўе пісьменніка рэзка пагоршылася. Пакінуўшы службу ў судзе і перайшоўшы на пенсію, ён атрымаў магчымасць увесь год праводзіць у сваім маёнтку ў Эбатсфардзе. У 1831 г., прыслухаўшыся да парады лекараў, В. Скот ажыццявіў вялікае марское вандраванне. На зваротным шляху, у Лондане, яго хапіў моцны ўдар. У безнадзейным стане яго пераправілі ў Эбатсфард, дзе ён памёр 21 верасня 1832 г. Пахаваны пісьменнік у руінах Драйбургскага абацтва.
Творчасць
Сярод яго раманаў многія творы прысвечаны нядаўняму шатландскаму мінуламу, перыяду грамадзянскай вайны — ад пурытанскай рэвалюцыі XVI ст. да разгрому горных кланаў у сярэдзіне XVIII ст. і крыху больш позняму часу: «Уэверлі» (Waverley, or Sixty years since, 1814), «Гай Манерынг» (Gay Mannering, 1815), «Сэрца Мідлотыяна» (The Heart of Midlothian, 1818), «Шатландскія пурытане» (Old mortality, 1816), «Ламермурская нявеста» (The bride of Lammermoor, 1819), «Роб Рой» (Rob Roy, 1817), «Кляштар» (The Monastery, 1820), «Абат» (The Abbot, 1820), «Сэнт-Ронанская крыніца» (St. Ronan’s Well, 1823), «Антыквар» (The Antiquary, 1816). У гэтых раманах Вальтэр Скот апісвае шатландскае жыццё, многія яго героі гавораць на народнай мове. Хаця пісьменнік па-свойму робіць крок да стварэння больш жывых вобразаў, чым тыя, якімі поўніліся тагачасныя сентыментальныя раманы: многія героі Скота — умоўна ідэалізаваныя персанажы, пазбаўленыя жыццёвасці.
Другая група твораў прысвечана гісторыі Англіі і кантынетальных краінаў (пераважна Сярэднявеччу і XVI ст.). Сюды ўваходзяць такія творы, як «Айвенга» (Ivanhoe, 1819), «Квентын Дорвард» (Quentin Durward, 1823), «Кенілворт» (Kenilworth, 1821), «Анна Геерштэйнская» (Anne of Geierstein, 1829) і г.д. Гэтыя творы здзіўлялі сучаснікаў вонкавым гістарызмам, веданнем дэталяў і духу эпохі. Аднак раманы пісьменніка пабудаваныя не толькі на гэтым вонкавым гістарызме, але і на пэўнай гістарычнай канцэпцыі; многія ідэі Вальтэра Скота пасля паўплывалі на наступных гісторыкаў (напрыклад, на Агюста Т’еры) — фактычна, ён быў папярэднікам значных навуковых адкрыццяў, а таму намаляваная ім карціна мінулых часоў не магла не ўразіць яго чытачоў.
В. Скот — аўтар шэрагу паэтычных твораў, у тым ліку гатычных і рамантычных балад. Многія з іх, напрыклад, балада «Шэры манах», была заснаваная на шатландскім паданні (засталася няскончанай).
Ушанаванне памяці
Партрэт Вальтэра Скота змяшчаўся на многіх шатландскіх банкнотах, у тым ліку тых, што былі выпушчаныя ў 2007 годзе Шатландскім банкам.
Беларускія пераклады
- Айвенга: раман: [для сярэд. і ст. шк. узросту] / пер. Л. В. Забалоцкая. — Мінск: Полымя, 1997 — 511 с. — (Школьная бібліятэка). ISBN 985-07-0172-2
- Шэры манах / пер. Андрэй Стэфановіч, 2009. — prajdzisvet.org
Зноскі
- 1 2 3 4 Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Walter Scott
- ↑ Скотт Вальтер // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- 1 2 Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ http://link.springer.com/content/pdf/10.1007/BF00390694.pdf
- 1 2 Lundy D. R. The Peerage
- 1 2 Kindred Britain
- 1 2 3 4 5 15 жніўня — 240 гадоў з дня нараджэння англійскага пісьменніка. Вальтэра Скота (1771—1832) Архівавана 14 студзеня 2016.
Літаратура
- Рагачэўская М. С. Скот Вальтэр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 468. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вальтэр Скот
- prajdzisvet.org