wd wp Пошук:

Валянцін Іванавіч Рабкевіч

Валянцін Іванавіч Рабкевіч (15 лютага 1937, в. Аксаміты, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 6 лютага 1995, Мінск) — беларускі літаратуразнавец, перакладчык, паэт. Кандыдат філалагічных навук (1973)[1]. Належаў да т.зв. «Акадэмічнага асяродка», быў звольнены з працы ў 1974 годзе па абвінавачванні ў беларускім нацыяналізме.

Біяграфія

У 1959 годзе скончыў гістарычна-філалагічны факультэт[удакладніць] Мінскага педінстытута імя Горкага. З 1959 па 1960 год працаваў настаўнікам Іказненскай СШ Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, з 1960 па 1963 год — завучам Барадзеніцкай СШ таго ж раёна, у 1963—1965 гадах — завучам Ракаўскай СШ Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 1965—1968 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце. Член КПСС з 1965 года. З 1968 па 1974 год працаваў старшым рэдактарам, а пасля загадчыкам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1983 года. Рабкевіч перакладаў на беларускую мову творы Міхаіла Зошчанкі, Марка Чарамшына, Коба Абэ, Леа Метсар[et], Муа Марцінсан, Гогаля, Ясеніна, Ахматавай і інш.

У 1970-х стаў ахвярай КДБ БССР, якое наўмысна вынайшла групу «нацыяналістаў», каб паказаць сябе не горшым за ўкраінскае, якое ў той час арганізавала працэсы над нацыялістамі. Яшчэ ў 1973 годзе мінскае КДБ панаслала ў Маскву інфармацыю пра наяўнасць групы нацыяналістычных навукоўцаў з Акадэміі навук, але спачатку справе не быў дадзены ход. У наступным годзе дзеля высвятлення абставін справы з Масквы была прыслана спецыяльная камісія. Пасля разгортвання гэтай т.зв. «справы пяцёх» (гл. «Акадэмічны асяродак») 21 сакавіка 1974 года Рабкевіч быў выключаны з КПСС за «нацыяналістычнае разуменне ленінскай нацыянальнай палітыкі». Валянціна Рабкевіча, а таксама С. Місько, М. Прашковіча, М. Чарняўскага, А. Каўруса звольнілі з працы. Для звальнення Рабкевіча быў выкарыстаны артыкул 34 Б — «скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве адміністрацыі».

Рабкевіч апынуўся ў вельмі складаным становішчы — фактычна, ён апынуўся па-за грамадствам. Пасля шасці месяцаў пошуку працы Рабкевічу і Алесю Каўрусу нечакана прапанаваў працу сакратар ЦК Кузьмін: «Мы вырашылі пакінуць вас у сферы ідэалагічнай працы. Вас і Каўруса»[2]. Рабкевіча ўладкавалі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе ён з 1974 года працаваў рэдактарам, з 1975 года загадчыкам рэдакцыі. З часам Рабкевіч заняў пасаду старшага рэдактара.

У 1957 годзе яго вершы пачынаюць публікаваць у часопісе «Работніца і сялянка». У 1982 годзе выйшаў ужо зборнік вершаў для дзяцей «Ад зімы да зімы», у 1985 годзе — кніга прымавак і прыказак «Паслухай, што людзі кажуць». Шмат артыкулаў Рабкевіча друкавалася ў газетах «ЛіМ», «Наша слова» і часопісе «Нёман». Пераклаў на беларускую мову апавяданне «Салавей» Леаніда Собалева[3].

Зноскі

  1. Валянцін Рабкевіч // Капыльская раённая бібліятэка (бел.)
  2. Рабкевіч В. «Група пяцёх» // Наша Ніва. 1995, № 3.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 72. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Паэты Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be