wd wp Пошук:

Дзіянісій Хлявінскі

Дзіянісій Хлявінскі (польск.: Dionizy Chlewiński, 1793 — 1870) — беларускі рэлігійны дзеяч, філамат.

Біяграфія

Скончыў Духоўную семінарыю ў Вільні (1816) і прыняў сан святара. Потым служыў ва ўніверсітэцкім касцёле і адначасова вывучаў права. Жыў пры касцёле Св. Яна. У чэрвені 1818 года напісаў працу на конкурс «Пра падаткі», і 31 кастрычніка 1818 года быў прыняты сябрам-карэспандэнтам таварыства філаматаў. Дзейным сябрам таварыства стаў 16 сакавіка 1819 года, а 9 траўня на агульным паседжанні таварыства Тамаш Зан павіншаваў яго з гэтай нагоды. У таварыстве Хлявінскі займаўся рознымі арганізацыйнымі пытаннямі, быў памочнікам бібліятэкара, а затым бібліятэкарам таварыства. Хлявінскі быў адзіным святаром сярод філаматаў.

Памяць пра Хлявінскага засталася ў перапісцы філаматаў. Так у лісце Францішка Малеўскага да Ануфрыя Петрашкевіча ад 19 лістапада 1820 года напісана што інфармацыю пра бібліятэку філаматаў можа даць ксёндз (Хлявінскі). Ян Чачот на імяніны Хлявінскага напісаў знакамітую песню «Ды пакіньце ж горлы драць» на беларускай мове. У лісце да Міцкевіча ад 16 лістапада 1819 года Чачот пісаў: «Ой, мілыя нашы браты! І на вашай мове для нас склаўся вершык. Спявалі мы „Да пакіньце горла драць“. Матыў маем для яе найцудоўны! Тамаш (Зан) з гэтай песняй не толькі ў нас, але і перад спевакамі ў пансіёне выстаўляўся. І здабыў сабе вялікую славу! Старыя былі яшчэ ў большым захапленні. „Ах, як цудоўна! От гэта, — казалі, — сапраўды народны спеў! А які цудоўны матыў! Што там вашы італьянскія ля, ля, ля… як неба ад зямлі!“ … Да імянін Дзіянісія я напісаў некалькі мужыцкіх песень, сярод якіх астатняя „Да пакіньце ж горла драць“, найбольш прыйшлася даспадобы Тамашу; прыдумаў, як ведаеш, да яе матыў і гэтай песняй усюды, як цыган на кірмашы, хваліцца …». А ў лісце да Міцкевіча ад 10 мая 1820 года Тамаш Зан піша пра філаматаў: «Ян (Чачот) страшыць сваімі трывогамі. Міхал (Рукевіч) прапануе меры перасцярогі, наш ксяндзуля (Хлявінскі) дае эканамічныя распараджэнні і парады наконт абраднасці».

Пад канец 1820 года Хлявінскі стаў пробашчам ў парафіі Стараельня пад Наваградкам, парафія была маленькай — 40 дымоў. Пробашч са Стараельні яшчэ нейкі час падтрымліваў кантакты з таварыствам, пра што сведчыць тое, што ён выступіў на паседжанні 7 траўня 1821 года, даваў свае кнігі філаматам. Аднак адлегласць і занятасць аслабілі сяброўскія сувязі. Тым не менш у 1828—1829 гадах Хлявінскі разам з Ігнатам Дамейкам перакладаюць на польскую мову для літоўскіх татараў Каран. Упершыню фрагмент гэтага перакладу (1-7 суры) быў выдадзены ў 1848 годзе ў Познані.

У 1846 годзе ксёндз Хлявінскі стаў пробашчам і дэканам ў Лідзе, дзе і служыў на працягу 20 гадоў. Узнагароджаны медалём і крыжам за вайну 1853—1856 гадоў. Перад паўстаннем 1863 годаў ствараў на Лідчыне таварыствы цвярозасці. Да канца 1859 года 39 408 чалавек на Лідчыне публічна, у храмах, прынялі на сябе абавязак ўстрымлівацца ад ужывання алкаголю.

А ў 1866 годзе ўзнагароджаны залатым наперсным крыжам. У 1866 годзе, нягледзячы на сталы ўзрост, Хлявінскі пераведзены пробашчам касцёла ў вёску Асава Радунскага дэканата Лідскага павета. З 1870 года служыў у Эйшышках і ў гэтым жа годзе памёр ва ўзросце 77 гадоў (з іх 54 гады — святарства).

Ігнат Дамейка ў сваіх мемуарах, называў яго «вельмі руплівым і працавітым святаром».

Зноскі

  1. Dionizy Chlewiński // NUKAT — 2002.
  2. Dionizy Chlewiński // MAK

Літаратура

  • ks. Tadeusz Krahel. Ksiądz filomata. ks. Dionizy Chlewiński, dziekan i proboszcz lidzki // Ziemia lidzka. Listopad, 1998 r., nr 6(34). — S. 9-10.
  • Лаўрэш Л. Ксёндз Дзіянісій Хлявінскі, філамат // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). 2010. — С. 172—175.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Перакладчыкі Карана
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be