Жалейка (зборнік)
«Жалейка» — першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» тыражом 4300 асобнікаў, дзе былі надрукаваныя 95 лірычных вершаў 1905—1907 гг. і паэма «Адплата кахання».
У зборніку ўпершыню публікуецца праграмны верш паэта «А хто там ідзе?», які заняў асаблівае месца ў творчасці Купалы, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам і з’яўляецца перакладзеным на 82 мовы свету[1]. Зборнік двойчы канфіскоўваўся царскімі ўладамі[1][2]. Публікацыя «Жалейкі» адыграла надзвычайную ролю ў станаўленні беларускай літаратуры і творчага крэда яе аўтара[2]. Літаратурны крытык Леў Клейнбарт адзначыў, што «Жалейка» выражала нацыянальны ўздым тагачаснага грамадства[3].
Крытычныя водгукі
Зборнік быў з энтузыязмам успрыняты беларускім культурным асяродкам[2]. У сваім 17-м нумары газета «Наша Ніва» адгукнулася на выхад кнігі рэцэнзіяй Владака з Казіміраўкі (Уладзіміра Самойлы), які акрэсліў своечасовасць і значэнне гэтага зборніка тагачаснай Беларусі:
Творы Янука Купалы дагэтуль друкавала толькі «Наша Ніва», але цяпер песні яго выйшлі ў свет у асобнай кніжцэ, каторую малады пясняр наш назваў «Жалейкай». Песні Купалы — гэта люстра, ў каторым свеціцца душа беларуса, яго жыцце, яго родны край; гэта праўдзівы, непадроблены голас, што выходзіць з самай глыбі народнай душы, гэта — «крык, што жыве Беларусь!»[4]
Тагачасны аналітык беларускай літаратуры Максім Багдановіч у сваім літаратуразнаўчым артыкуле «Глыбы і слаі» быў больш стрыманым у ацэнках ранняй купалаўскай паэзіі:
Як і ў 1909 годзе, найбольш увагі звяртае на сябе Я. Купала; звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця <…> Каб даць паняцце аб усёй моцы жыццёвых сокаў яго таленту, мы на мінуту вернемся аж да першых крокаў яго пісьменніцкай працы.
Пачаў ён з шурпатых вершаў, амаль не зусім зліваўшыхся з тагачасным слоем беларускай паэзіі; напісаныя пад Бурачка, залішне расцягненыя, слаба апрацаваныя з боку формы і мовы, яны ўвесь час перапявалі некалькі адных і тых жа тэм[5].
Цікавыя факты
- Першапачаткова псеўданімам Івана Луцэвіча, пад якім павінен быў выйсці яго першы зборнік, мусіў быць «Янук Купала», але рэдактар зборніка Браніслаў Эпімах-Шыпіла падчас публікацыі памылкова напісаў яго як «Янка Купала». З таго часу Іван Дамінікавіч Луцэвіч пачаў карыстацца псеўданімам менавіта ў такой форме[1].
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 3 Янка Купала: асоба і творчасць // Архивы Беларуси Архівавана 19 жніўня 2011.
- 1 2 3 Ірына Багдановіч. «Жалейка» Янкі Купалы як прадвесце маладой Беларусі // Роднае слова. 2008. № 3. С. 3—6
- ↑ Клейнборт, Л. М. Янка Купала // ЛМЯНК. — Фонд У. — Воп. Vp-1. — Адз. зах. 78. — 265 арк.
- ↑ Владак з Казіміроукі. «Жалейка», песні Янука Купалы // Наша Ніва, № 17, 15 жніўня 1908
- ↑ Максім Багдановіч. Глыбы і слаі // Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993.— С. 186
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Жалейка» / Аўтар — А.Лойка. — C. 214—215.
Спасылкі
- Янка Купала. «Жалейка» на сайце Родныя Вобразы
- Зборнік вершаў «Жалейка» на сайце Архівы Беларусі Архівавана 19 жніўня 2011.
- Апазіцыя «сваё—чужое» ў ранняй лірыцы Янкі Купалы: нацыятворчы аспект / Аўтар Таццяна Вабішчэвіч. — Літературознавчі обріï. Випуск 16. — С.106—111.(недаступная спасылка)