Леў Юр’евіч Гарошка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гарошка.
Леў Юр’евіч Гарошка (26 лютага (11 сакавіка) 1895, в. Трашчычы, Навагрудскі павет — 28 ліпеня 1977; псеўданімы: Анатоль Жменя; Пракоп Каваль і інш.) — беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. Стрыечны брат беларускага грамадскага дзеяча Міколы Гарошкі[2].
Біяграфія
У 1928—1931 гадах вучыўся ў Навагрудскай беларускай гімназіі, потым да 1936 года ў Львоўскай духоўнай акадэміі, у 1936—1937 у Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя). Пасвячоны ў святары 17 кастрычніка 1937 года ў Львове. У 1937—1939 гг. служыў у Пінскай дыяцэзіі. У 1939 г. загадам Навагрудскага ваяводы быў выселены з пагранічнай паласы і жыў у Збуражы каля Маларыты.
У гады 2-й сусветнай вайны, з 1939 па 1944 год, жыў у Баранавічах, дзе працаваў у гандлёвай і медыцынскай школах. У сувязі з арганізацыяй Беларускага экзархата прызначаны экзархам А. Неманцэвічам сябрам Экзархальнай рады (02.05.1942). Прымаў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе ў Мінску (1944). З 1944 у эміграцыі. У 1945 г. займаўся арганізацыяй беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене (Германія). З восені 1945 ў Рыме. Рашэннем Усходняй кангрэгацыі ў Ватыкане ад 16.10.1946 прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі. Да 1958 жыў у Парыжы. У 1946 г. выдаў малітоўнік «Божым шляхам», а ў 1947—1957 гг. стварыў і выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам» (1947—1957) і быў аўтарам большай часткі артыкулаў. Пісаў пад псеўданімамі Л. Дварэцкі, Анатоль Жменя; Л. Іскра, Пракоп Каваль і іншымі. Аўтар шэрагу брашураў рэлігійнай тэматыкі.
У 1959 выехаў у Рым, дзе ўступіў у навіцыят айцоў марыянаў.
У 1960 біскупам Ч. Сіповічам прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Дзейны член лонданскага аддзела Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). У 1962 г. прыняў манаства ў капліцы Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Да 1969 г. заставаўся рэктарам Місіі і ігуменам законнага Дому ў Лондане. Быў адным з выкладчыкаў у школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага. Уваходзіў у Галоўную ўправу ЗБВБ, быў намеснікам старшыні арганізацыі. Ад імя беларусаў выступаў у Брытанскай радзе дапамогі ўцекачам. У 1964 г. стаў першым старшынём Беларускай харытатыўнай секцыі (фонду). У 1965 г. атрымаў годнасць архімандрыта.
У 1970 г. перабраўся ў Рым, дзе кіраваў Беларускай секцыяй радыё Ватыкана. Адначасова выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.
Памёр у шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Св. Панкрата ў Лондане.
Архіў дзеяча захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.
Ацэнка дзейнасці
На думку гісторыка і культуролага Сяргея Абламейкі, спадчына а. Льва Гарошкі «змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне. (…) Але галоўнай справай айца Льва, бясспрэчна, было адраджэнне Уніяцкай царквы як сродку здабыцця поўнай нацыянальна-культурнай і духоўнай незалежнасці Беларусі і беларускага народу. Свае погляды ён выклаў у гісторыка-публіцыстычнай кнізе «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры», у якой расказваецца, як суседнія краіны стагодздзямі імкнуліся духоўна заняволіць беларускі народ, навязваючы яму свае формы хрысціянскага веравызнаньня[3]».
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 3 мая 2020.
- ↑ Будаўлянін Мікола Гарошка
- ↑ Архівавана 11 сакавіка 2021.
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 489.
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 365 с. ISBN 985-11-0220-2. — С. 72.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1. — C. 511.
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.- Мюнхен : Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3.
- Айцец Леў Гарошка. Гарошка Леў. Праз навальніцы і нягоды. Успаміны з гадоў 1930-1944 (урыўкі) // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. 2016. №38. С. 178-367. // на pawet.net
- Гарошка Леў. Пад знакам “рускае i польскае веры” // Спадчына. 1999. №5-6. С. 177-202.; 2000. №1. С. 142-199. // на pawet.net
- Горошко Лев. Судьба епископа - судьба церкви // Деды № 5, 2010. С. 167-194. // на pawet.net
Спасылкі
- Леў Юр’евіч Гарошка на «Беларускай Палічцы» (бел.)