Луі Арагон
Луі Арагон (фр.: Louis Aragon, народжаны Louis-Marie Andrieux, Луі-Мары Андрэ; 3 кастрычніка 1897, Парыж — 24 снежня 1982, Парыж) — французскі паэт і празаік, член Ганкураўскай акадэміі; дзеяч Французскай камуністычнай партыі, лаўрэат Міжнароднай Ленінскай прэміі «За ўмацаванне міру паміж народамі» (1957).
Біяграфія
Луі Арагон нарадзіўся 3 кастрычніка 1897 г. у Парыжы. Ён быў пазашлюбным сынам Маргарыты Тука, якая запісала яго як прыёмнага сына сваёй маці і ойчыма, палітычнага дзеяча Андрыё. Пасля Луі абраў сабе псеўданім Арагон па назве іспанскай гістарычнай вобласці.
З 1915 года ён вучыўся на медыцынскім факультэце ў Парыжы. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне санітарам.
У маладосці быў блізкі да кола дадаістаў і сюррэалістаў.
У 1927 паэт уступіў у Французскую камуністычную партыю і пачаў актыўна займацца журналістыкай.
У жніўні 1932 Луі Арагон наведаў СССР у складзе інтэрнацыянальнай брыгады пісьменнікаў, якая вывучала новабудоўлі сацыялістычнага Урала, у тым ліку — гарады Магнітагорск, Чалябінск і Кабакоўск (цяпер Сяроў). Свае ўражанні ад паездкі Арагон адбіў ў напісаным па гарачых слядах цыкле вершаў «Ура, Урал!».
У 1929 годзе ажаніўся з пісьменніцай Эльзай Трыале (сястрой Лілі Брык), якой прысвячаў многія свае вершы.
Падчас Другой сусветнай вайны Арагон удзельнічаў у руху Супраціву.
У 1957 стаў лаўрэатам Міжнароднай Ленінскай прэміі «За ўмацаванне міру паміж народамі». Рэдагаваў газету «Les Lettres françaises». У наступныя гады рэзка выступае супраць аўтарытарызму савецкага камунізму. Асуджае працэсы супраць пісьменнікаў у СССР, у прыватнасці Справа Сіняўскага і Даніэля ў 1966 годзе. У 1968-м рэзка пратэстуе супраць уводу войскаў у Чэхаславакію.
Быў знаёмы з Якубам Коласам, пераклаў на французскую ўрыўкі з «Новай зямлі», а таксама «А хто там ідзе» Янкі Купалы.
Творы Арагона на беларускую мову перакладалі Эдзі Агняцвет, Рыгор Барадулін, Зміцер Колас, Сцяпан Ліхадзіеўскі, Ніна Мацяш.
Паэт памёр 24 снежня 1982 года ў Парыжы.
Беларускія пераклады
- Базельскія званы. — Мн., 1937.
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118503774 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 9 красавіка 2014.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Fichier des personnes décédées Праверана 12 красавіка 2021.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118503774 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
- ↑ (unspecified title) Праверана 2 чэрвеня 2020.
- ↑ LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Луі Арагон