Людвік Адам Дзям’янавіч Юцэвіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Юцэвіч. Людвік Адам Дзям’янавіч Юцэвіч (псеўд. Людвік з Покева, літ.: Liudvikas Adomas Jucevičius; 15 снежня 1813 — 12 сакавіка 1846) — літоўскі i беларускі этнограф i фалькларыст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў в. Пакевіс Кельмескага раёна Літвы. 3 літоўскай шляхты. Скончыў у 1836 годзе Віленскую духоўную акадэмію. У 1831—1834 гадах працаваў хатнім настаўнікам i гувернёрам, у 1837—1842 гадах вікарый Свянцянскага i Свядосцкага(літ.) бел. прыходаў.
Уступіў у любоўную сувязь з адной з вучаніц Мальвінай Жураўскай і ў сувязі з яе цяжарнасцю перайшоў з каталіцтва ў праваслаўе, ажаніўся з Жураўскай і выехаў у Беларусь. У 1842 годзе афіцыйна адрокся ад духоўнага сану. 3 1843 выкладчык Лепельскага дваранскага вучылішча.
Навуковая дзейнасць
Лічыцца адным з піянераў літоўскага нацыянальнага адраджэння. Пісаў галоўным чынам на польскай мове. Першую кнігу «Piśma Ludwika Adama Jucewicza» («Сачыненні Людвіка Адама Юцэвіча», Вільня, 1834) склалі пераклады твораў А. С. Пушкіна, М. М. Карамзіна, В. А. Жукоўскага, К. М. Бацюшкова, Фенелона.
Аўтар артыкулаў «Камяні літоўскіх багінь» (1836), «Вялікія горы i гарадзішчы ў Літве» (1837), кнігі «Выслоўі i думкі» (1837, у дадатку да кнігі выказаў свае адносіны да народнай мовы i нацыянальнай культуры). Матэрыяльнай i духоўнай культуры літоўскага i беларускага народаў прысвечаны працы «Другая гара» (фрагменты з рукапісу «Даследаванні даўніны літоўскай i беларускай»), «Гульні i забавы літоўскага народа на Жмудзі», «Літоўскія звычаі, дапасаваныя да пэўных дзён года» (усе 1839), «Прыказкі літоўскага народа», «Рысы Літвы», «Інструкцыя Якуба Сабескага…» (усе 1840), «Некалькі слоў да пана Крашэўскага…» (1841). У 1841 выпусціў у Вільні літаратурны альманах на польскай мове «Linksmine».
У 1842 выдаў кнігу этнаграфічных, гістарычных i геаграфічных нарысаў «Паданні Літвы». У дадатку прывёў звесткі пра гісторыю семінарыі ў Жмудзі, судовыя прыгаворы чараўнікам, змясціў вясковыя песні. У зборніку «Літоўскія песні ў перакладзе Людвіка з Покева» (1844) уключыў 35 песень, да некаторых з ix напісаў каментарыі. Адна з самых значных i грунтоўных прац — «Літва з пункту погляду рэштак старажытнасці, звычаяў i нораваў» (1846). У ёй вялікі i разнастайны матэрыял пра народную міфалогію, адносіны чалавека да прыроды, звычаі, забавы, язычніцкія перажыткі, побыт, народную медыцыну i інш.
Карыстаўся крыптонімамі і псеўданімамі L. A. J., L. J., Ludwik z Pokiewia, N. N.
Сачыненні
- Piśma Ludwika Adama Jucewicza. Wilno, 1834.
- Historyja litewska dla dzieci przez L.A.J. Wilno, 1836.
- Wyjątki z nowoczesnych poetów polskich. Wilno, 1837.
- Prysłowia ludu litewskiego. Wilno, 1840.
- Rysy Żmudzi. Wilno, 1840.
- Pieśni litewskie, 1844.
- Litwa pod względem starożytnych zabytków, obyczajów i zwyczajów skreślona przez Ludwika z Pokiewia. Wilno, 1846.
- Raštai. Vilnius: Valstybinė grožinės literatūros leidykla, 1959.
Літаратура
- Юцэвіч Людвік Адам Дзям’янавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- История литовской литературы. Вильнюс: Vaga, 1977. С. 21—22.
- Юцевич, Людвик-Адам // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.) . — СПб., 1890—1907.
- Lietuvių rašytojai. Biobibliografinis žodynas: A—J. Vilnius: Vaga, 1979. С. 742—746.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France Liudvikas Adomas Jucevičius // data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011.