wd wp Пошук:

Макар Трафімавіч Паслядовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паслядовіч.

Макар Трафімавіч Паслядовіч (21 жніўня 1906, в. Караваева, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць — 30 снежня 1984) — беларускі празаік і перакладчык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Пасля заканчэння сямігодкі (1924) вучыўся на падрыхтоўчых курсах у ВНУ. У 1926 г. як актыўны селькор газеты «Беларуская вёска» запрошаны на штатную працу ў гэту газету. Быў адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1935—1939). Падчас Вялікай Айчыннай вайны — кіраўнік мар’інагорскай падпольнай групы і сувязны асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі ў 1943 г. быў арыштаваны і адпраўлены на катаржныя работы ў Германію. Пасля вызвалення працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Звязда» (1945—1948). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1936).

Творчасць

Дэбютаваў апавяданнем у 1927 г. (часопіс «Паляўнічы Беларусі»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Зруйнаваныя межы» (1930), «Людзі вясны» (1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), «Снайпер» (1937), «Чырвоныя струны» (1988), аповесцей «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933), «Магістральны канал» (1947), «З табою побач» (1960), раманаў «Цёплае дыханне» (1948), «Святло над Ліпскам» (1950, у 1988 г. абодва раманы выйшлі ў адной кнізе). Асобным выданнем выйшлі нарысы «Аляксандра Шаплыка» (1949), «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963) і шэраг апавяданняў. Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964) і дакументальную аповесць «Па воўчых сцежках» (1958), зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Пад дзвюма дойнымі каровамі» (1963), «Двайное дно» (1964), кніжку літаратурных пародый «Наравісты Пегас» (1968), «Аповесці. Апавяданні» (выбранае, 1970). У 1961 г. выйшаў Збор твораў у 2 тамах, у 1986 г. — Выбраныя творы.

Аўтар п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938) і «Шалёная рысь» (1939).

Макар Паслядовіч «Паўстанне. Святло над Ліпскам»

Пераклаў на беларускую мову некаторыя творы А. Пушкіна, А. Чэхава, аповесць М. Гогаля «Тарас Бульба» (з А. Бачылам), раман Р. Джаваньёлі «Спартак», аповесць П. Бажова «Зялёны конік», раман М. Астроўскага «Народжаныя бурай», нарыс М. Горкага «У. І. Ленін», рускія казкі, творы ўкраінскіх, польскіх і інш. пісьменнікаў.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Памяць

Імем Макара Паслядовіча названа вуліца ў г. Мар’іна Горка[1].

Зноскі

  1. Архівавана 23 ліпеня 2014. Архівавана 23 ліпеня 2014. Архівавана 23 ліпеня 2014. ПОСЛЕДОВИЧ Макар Трофимович (руск.)  Архівавана 23 ліпеня 2014.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі СССР Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі СССР Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be