wd wp Пошук:

Мікалай Мікалаевіч Улашчык

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Улашчык. Мікалай Мікалаевіч Улашчык (1 (14) лютага 1906, в. Віцкаўшчына, Койданаўская воласць, Менскі павет, цяпер Дзяржынскі раён, Мінская вобласць — 14 лістапада 1986, Масква) — беларускі гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, літаратар. Доктар гістарычных навук (1964). Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, паступiў на сацыяльна-гiстарычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. У 1924—30 працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. Удзельнічаў у нацыянальна-культурным (асабліва краязнаўчым) руху, садзейнічаў заснаванню і выпуску «Летапісу беларускага друку». Пачаў публікавацца з 1924. У 1929 годзе з’явiлася яго першая навуковая публiкацыя пад назвай «Беларускi друк у 1927−1928 гадах».

Пасля ўнiверсiтэта М. Улашчыка прызвалi на вайсковую службу ў Ленiнград. Там жа яго арыштавалі 16 чэрвеня 1930 па абвiнавачваннi ў кiраўнiцтве маладзёжным цэнтрам не iснуючага «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобласці. Арыштаваны зноў у ліпені 1932 і 10 чэрвеня 1933 асуджаны паўторна; этапіраваны ў Марыінскі лагер; потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці[1]. Вызвалены вясной 1935 без права вяртання ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі. З 1939 у Ленінградзе. Арыштаваны 23 чэрвеня 1941; высланы ў Златавуст Чалябінскай вобласці.

Пры садзеянні акадэміка Л. Арбелі 28 лістапада 1942 вызвалены, займаўся вывучэннем аграрнай гісторыі Беларусі і Літвы ХІХ ст. У 1948 выкладаў у Маскоўскім універсітэце. У 1949 звольнены з працы. Арыштаваны 23 снежня 1950; этапіраваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25 сакавіка 1955.

Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР. Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

Галоўныя кірункі даследаванняў — праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нацыянальнаму кнігазнаўству, археалагічным раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С. С. Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку аграрнага ладу на літоўска-беларускіх землях, узмацнення там эканамічных і сацыяльных зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да заходнееўрапейскіх краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феадальна-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі.

У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археаграфічных публікацый за 1824—1940, паказаў дзейнасць даследчыкаў І. Грыгаровіча, І. Лабойкі, І. Даніловіча, С. Пташыцкага, П. Бяссонава, Я. Галавацкага, Дз. Даўгялы, М. Доўнар-Запольскага, У. Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай, дакументальна абгрунтаванай карціны беларускай мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалагічную тэндэнцыйнасць тагачасных афіцыйных выданняў, у т.л. Віленскай археаграфічнай камісіі. 2-я частка гэтага твора (захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмярртна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі», уклад. Я. М. Кісялёва, В. У. Скалабан, 1999) прысвечана крытычнаму разгляду зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі 17 — 1-й пал. 19 ст., па руска-беларускіх сувязях 16—17 ст., выданняў Інстытута літаратуры АН БССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па беларускай літаратуры 19 ст., выданняў пра жыццё і творчасць Я. Купалы і Я. Коласа. 3 задуманага 3-га раздзела археаграфічных прац (разгляд публікацый мемуарных крыніц па гісторыі Беларусі 19 — пач. 20 ст.) прааналізаваў успаміны Э. Вайніловіча.

Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966), складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Сістэматызацыя, навуковыя каментарыі, гістарыыяграфічны і археаграфічны аналіз летапісаў вызначаюцца грунтоўнасцю меркаванняў і аб’ектыўнасцю.

Навуковую значнасць маюць і гіпатэтычныя меркаванні М. Улашчыка пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (беларускіх) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага, і інш.

Спалучэнне даследчыцкай дакладнасці з апавядальнай займальнасцю характэрна для гісторыка-этнаграфічных, краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» («Скарыніч», вып. 1—3, 1991—97), «Краязнаўства» («Маладосць», 1999—2000).

Творы

  • Збор твораў: [ у 3 т. ] / Мікалай Улашчык. Т. 1 : Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству. - Смаленск : Інбелкульт, — 2017. — 1359 с.
  • Збор твораў: [ у 3 т. ] / Мікалай Улашчык. Т. 2 : Працы па гісторыі. - Смаленск : Інбелкульт, — 2019. — 1279 с.[2]
  • Даць народу гісторыю: успаміны, лісты / Мікалай Улашчык. - Мн. : Лімарыус, 2016. - 559 с., [6] л. іл. - (Беларуская мемуарная бібліятэка)
  • Деревня Вицковщина 1880-1917 гг.: Историко-этнографический очерк / Н. Н. Улащик. - М. : ИМЛИ, 2003. - 192 с.
  • Выбранае / Мікалай Улашчык. - Мн. : МГА “Бел. кнігазбор”, 2001. - 604 с., [4] л. iл. - (Беларускі кнігазбор. Серыя 2, Гісторыка-літаратурныя помнікі)
  • Мемуары і дзённікі як крыніцы па гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны / Мікалай Улашчык. - Мн. : Пейто, 2000. - 85 с.
  • Краязнаўства: Нататкі пра бадзянні ў 1924-1929 гг.: З рукапіснай спадчыны / Мікалай Улашчык. - Мн. : Пейто, 1999. - 158 с.
  • Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны / Уклад.: Я. М. Кісялёва, В. У. Скалабан. - Мн. : БелНДІДАС, 1999. - 119 с.
  • Была такая вёска: гісторыка-этнаграфічны нарыс / Мікола Улашчык. - Мн. : Мастацкая літаратура, 1989. - 172, [2] с.
  • Введение в изучение белорусско-литовского летописания / Н. Н. Улащик. - М. : Наука, 1985. - 258, [6] с.
  • Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик. - М. : Наука, 1973. - 302, [1] с.
  • Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н. Н. Улащик. - М. : Наука, 1965. - 478, [1] с.

Артыкулы ў перыядычных і серыйных выданнях

  • Введение обязательных инвентарей в Белоруссии и Литве // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1958. — М., 1959. — С. 256—277.
  • Заметки о черной металлургии Белоруссии в начале XIX в. // Из истории рабочего класса и революционного движения: Памяти академика А. М. Панкратовой: Сб. ст. — М., 1958. — С. 122—123.
  • Изменения в хозяйстве крепостной Литвы и Западной Белоруссии в связи с введением новых культур (картофель) // Материалы по истории сельского хозяйства и крестьянства СССР. Сб. 5. — М., 1962. — С. 308—337.
  • Крепостная деревня Литвы и Западной Белоруссии накануне реформы 1861 года // Вопросы истории. — 1948. — № 12. — С. 51-56.
  • Обезземеливание крестьян Литвы и Западной Белоруссии накануне отмены крепостного права // Революционная ситуация в России 1859—1861 г. — М., 1960. — С. 49—61.
  • Орудия производства и системы земледелия в помещичьем хозяйстве Литвы и Западной Белоруссии в период разложения феодально-крепостнического строя // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1959. — М., 1961. — С. 173—185[3].

Ушанаванне памяці

Асабісты архіў М. Улашчыка захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай АН Беларусі, часткова — у БДАМЛіМ, Нацыянальным архіве Беларусі.

У г. Старыя Дарогі М. Улашчыку ўстаноўлены помнік[4].

Літаратура

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.;
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003..
  • Буганов В. Н. Н. Улащик — источниковед и археограф // Источниковедение отечественной истории, 1975. — М., 1976;
  • Ялугин Э. Только камни. — Мн., 1989;
  • Міхнюк У. «Невінаватым ад нас не выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, № 6;
  • М. М. Улашчык: Бібліяграфічны паказальнік. — Мн., 1996;
  • М. М. Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага). — Мн., 1997;
  • Казаў Улашчык // Каўка А. Будам жыць! Пра тое самае. — Мн. — М., 1998;
  • Станішэўскі В. Чатыры арышты Міколы Улашчыка // Спадчына. 1999, № 4;
  • Станішэўскі В. Радавод сям’і Улашчыкаў: Гістарычны нарыс. — Мн., 2001;
  • Каўка А. Мікалай Улашчык як постаць беларускага замежжа: старонка з гісторыі дыяспары ў Маскве // Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снеж. 2000 г.) / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш.. Масква, 2001;

Зноскі

  1. Николай Николаевич Улащик. Мариинск — Суслово
  2. Выйшаў з друку новы том збору твораў знакамітага гісторыка Мікалая Улашчыка // Наша Ніва, 13 мая 2019
  3. Рэцэнзія: Groniowski, K. // Rocznik Białostocki. — 1962. — T. 3. — S. 527—530.
  4. Скульптар А. Шатэрнік. Помнік гісторыку Мікалаю Улашчыку
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be