wd wp Пошук:

Міхась Блісцінаў

Міхась (Міхаіл Міхайлавіч) Блісцінаў[2] (19 кастрычніка 1909, вёска Іванкава, Мяшчоўскі павет, цяпер Калужская вобласць — 24 снежня 1982) — беларускі сцэнарыст, перакладчык. Псеўданімы: Лісцінаў М., Міхась Чаромха[2].

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1910 годзе з бацькамі пераехаў у Беларусь. Вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1928 г. пачаў працаваць вясковым настаўнікам. У 1930—1932 гг. — студэнт Мінскага педагагічнага інстытута. У 1933—1936 гадах — адказны сакратар рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў сцэнарны факультэт Кінаакадэміі ў Маскве (1938). Працаваў рэдактарам на кінастудыі «Савецкая Беларусь». У час Вялікай Айчыннай вайны быў на штабной і палітрабоце ў 53-й арміі Паўночна-Заходняга і Стэпавага франтоў, з 1943 г. — у дывізійнай газеце 2-га Украінскага і Забайкальскага франтоў. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах кінематаграфіі ў Мінску.

Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1939 года.

Творчасць

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 годзе з вершаў. З 1929 года пісаў апавяданні і нарысы. Аўтар п’ес «Агні Палесся» (1931), «Трактар» (1931), «Мох» (1932), інсцэніровак «Ленінцы» і «Кастрычнік» (1932), «Грунт» (пастаўлена ў 1934), аповесці «Хітрасць» (альманах «Бальшавіцкая моладзь», 1934).

Напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Строгая жанчына» (пастаўлены ў 1959), а таксама васемнаццаць сцэнарыяў дакументальных і навукова-папулярных фільмаў (фільм «Каларадскі жук» у 1965 г. адзначаны на Міжнародным кінафестывалі ў Браціславе дыпломам).

У перыядычным друку выступаў з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях кіно.

Пераклаў на беларускую мову «Крэнкебіль» А. Франса (1936), «Пятра Першага» А. Талстога (1940, скарочанае выданне для дзяцей), п’есу «Як гартавалася сталь» (паводле рамана М. Астроўскага, 1937), паасобныя п’есы А. Бруштэйн, Б. Тур, В. Любімавай і інш.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны».

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 19 сакавіка 2022.
  2. 1 2 Блісцінаў Міхась (Міхаіл Міхайлавіч) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя·Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be