Нікому
«Нікому» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 1906 годзе і ўпершыню апублікаваная ў 1926 годзе.[1].
У аснове паэмы — пачутае Купалам зімой 1906 года падчас працы на бровары ў вёсцы Яхімоўшчына ад селяніна В. Л. Парфёна апавяданне пра жорсткасць былога мясцовага пана, які загубіў жыццё маладога хлопца і дзяўчыны.
Паэт ад імя старога селяніна распавядае пра трагічны выпадак. Пакахаліся вясковы хлопец Тамаш з дзяўчынай Аленай. Пайшлі ў двор да пана прасіць дазволу згуляць вяселле. Дазвол быў дадзены, але «Аленку-красуню пан на воку меў». Далейшае дзеянне быццам бы палярызуецца паказам дзвюх процілеглых карцін: вяселля ў вёсцы і панскага гульбішча ў двары. П’янаму панскаму зброду захацелася глуму, здзеку і ўцехі. Дзесяць гайдукоў кінуліся выконваць загад пана: забраць з вяселля маладую «на гулі» ў панскі двор. На шляху гвалтаўнікоў стаў Тамаш. У парыве адчаю і безвыходнасці Тамаш сякерай забівае сваю каханую: лепш няхай прыме смерць, чым будзе над ёй глуміцца «распасвены звер».
Структурна твор арганізаваны складана: кожная з 14 частак паэмы складаецца з 5 строф, у якіх эмацыянальна—зрокава ўзнаўляецца асобная сцэнка-карціна. Тым самым Я.Купала пазбягае манатоннасці, традыцыйнай расцягнутасці. Апавядальнасць набывае напружаны вонкавы і ўнутраны драматызм[2].
Зноскі
- ↑ Надрукавана ў часопісе «Чырвоны сейбіт» (№ 1, 2, 1926 г.) з падзагалоўкам «З часоў прыгону»
- ↑ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Артыкул «Нікому». — C. 439—440.
Спасылкі
Літаратура
- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Нікому» / Аўтар — М. М. Арочка. — C. 439—440.