Павел Гіляравіч Каравайчык
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Каравайчык. Павел Гіляравіч Каравайчык (псеўданімы і крыптанімы: П.Каравай; П.Любецкі; Павал Любецкі; Павел Любэцкі; Павел Любецкі; Paulus; П. К.; П. Л.; К. П.; Л. П.; 3 (15) чэрвеня 1896, Любча, Навагрудскі павет, Мінская губерня, цяпер Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць — 21 лістапада 1937, Чэбаксары, Чувашыя, НКУС) — беларускі культурны дзеяч, літаратуразнавец, крытык, публіцыст, паэт. Член-карэспандэнт Інстытута беларускай культуры (1926).
Біяграфія
Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудку. У 1911 паступіў у Мінскую гімназію, скончыў яе з залатым медалём у 1916 у Маскве, куды гімназія была эвакуіравана падчас Першай сусветнай вайны. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з Таварыствам дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 — у рэдакцыі газ. «Вольная Беларусь», дзе пачаў друкаваць свае творы. Паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Петраградзе. Супрацоўнічаў з Белнацкамам і часопісам «Чырвоны шлях», з Наркаматам нацыянальнасцей РСФСР. На пачатку 1919 загадваў выдавецкім аддзелам Белнацкама і рэдагаваў газету «Дзянніца». У 1919 годзе перавёўся на 3 курс медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, але быў прызваны ў Чырвоную Армію, у якой служыў да 1921 года.
У 1921—23 гг. чытаў лекцыі па беларускай літаратуры на настаўніцкіх курсах у Бабруйску і Мінску. З восені 1922 да канца 1926 года загадчык аддзела замежнага друку газеты «Савецкая Беларусь».
З 1922 года ў Мінску. Паступіў на 3 курс медыцынскага факультэта БДУ, які скончыў у 1925 годзе. У красавіку 1926 года ўдзельнічаў у заснаванні Медыцынскай секцыі Інбелкульта; член-карэспандэнт Інбелкульта (з 1926 г.).
Аўтар даследавання беларускага фальклору, сааўтар падручніка «Выпісы з беларускае літаратуры» (Ч. 1, Мн., 1926).
У 1926—30 працаваў у клініцы нервовых хвароб медыцынскага факультэта БДУ.
Арыштаваны ДПУ БССР 25 ліпеня 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года прыгавораны пазасудовым органам (калегіяй ДПУ) на 5 гадоў высылкі ў Чэбаксары Чувашскай АССР, у 1935 годзе тэрмін высылкі быў падоўжаны на 2 гады. 29 ліпеня 1937 года арыштаваны НКУС Чувашыі, праходзіў па адной справе разам У. Дубоўкам, М. Мамчыцам, І. Савічам. Абвінавачаныя сваёй віны не прызналі. 16 лістапада 1937 года Дубоўка, Савіч і Мамчыц былі прыгавораны пазасудовым органам (спецтройкай НКУС ЧАССР) да 10 гадоў ППЛ, Каравайчык да расстрэлу.
Рэабілітаваны па абодвух справах у 1957 і 1959 гадах.
Успамін
З ліста У. Дубоўкі да Я. Саламевіча ад 05. 01.1975 :
Быў у нас такі дзеяч Павал Гіляравіч Каравайчык. Ён загінуў, мабыць у 1937 г. у г. Чэбаксары, дзе працаваў неўрапатолагам у Чэб. паліклініцы. Гэта быў чалавек выключна высокай адукацыі. Ведаў ён дасканала блізу 10—12 моваў: польскую, чэскую, англійскую, французскую, італьянскую, гішпанскую, латынь, грэчаскую, стар.-яўрэйскую, чувашскую (выв. у Чэбаксарах: «А як жа з хворымі праз перакладчыка размаўляць?!»). Сусветную літаратуру ведаў па першакрыніцах так, як ніводзін прафесар літаратуры. Родам ён з м. Любча (Зах. Бел.). Вучыўся выдатна ў сваёй школе, чаму быў накіраваны ў Пецярбург у гімназію св. Екацярыны на поўную стыпендыю. Пасля заканчэння яе стаў студэнтам Ваен.-Мед. Акадэміі аж да пачатку рэвалюцыі, калі быў пакліканы ў Чырв. Армію. Хадзіў у яе шэрагах пад Варшаву. Пасля – працаваў разам са мной у НКА РСФСР метадыстам Бел. Цэнтр. бюро Глаўсоцвыхавання. Адтуль паехаў у Мінск і стаў студ. мед. факультэту. Канчаючы яго, пісаў навуков. працу «Дуэль і смерць Пушкіна», у якой давёў, што пры тагачасным станов. мед. Пушкін мог застацца жывым, калі б гэта было пажаданым некаму…
Будучы ў Мінску, бадай не ўсе міжнародныя агляды ў газ. «Сав. Белар.» пісаў ён. Раней (у «Вольн. Бел». і іншых выданнях) друкаваў вершы. Пад вершамі збольшага падпісваўся Paulus (Напрыклад: …«Беларусы, беларусы, Жыцця помніце закон – што без руху – то ўміраe» і г. д.) [1]
Зноскі
- ↑ Тэрмапілы: літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс. — Беласток : Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа”. — 2007. — №11. — С. 233—234.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 42. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
- Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 651. — 2000 экз. — ISBN 985-11-0334-9.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — С. 681. — 702 с. — 9 500 экз.
- Каравайчык Павел // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 3. — С. 151.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.