Паранімфус
«Паранімфус» (польск.: Paranimphus) — віншавальны верш Я. Пратасовіча з нагоды шлюбу Януша Скуміна-Тышкевіча з Барбарай Нарушэвіч, выдадзены ў Вільні ў 1595 годзе, дзе паэт выконваў ролю свата (па-грэчаску: paranimphus — сват).
Апісанне
Вершаваная прамова Я. Пратасовіча вылучаецца прадуманай кампазіцыяй і прыгожым, хоць і простым стылем. Нагадаўшы ў невялікай прадмове пра сваю ролю і абавязкі, аўтар-прамоўца просіць гасцей з прыхільнасцю выслухаць яго словы. Як сват ён па чарзе звяртаецца да бацькоў маладых (просіць, каб яны багаславілі сына і дачку), да жаніха з нявестай (жадае ім дачакацца не толькі дзяцей, але ўнукаў ды праўнукаў) і да прысутнай на вяселлі моладзі (тлумачыць мэты хрысціянскага шлюбу і заклікае хлопцаў хутчэй узяць прыклад з Януша).
З гэтага твора відаць, што аўтар добра ведаў Біблію i герояў Старога запавету, «Іліяду» Гамера, творы Сафокла, Герадота, старажытнагрэчаскую міфалогію. Напрыклад, ён прыраўноўвае Фёдара Скуміна Тышкевіча, які аддаў свайго сына ў рукі Барбары, з Аўраамам, які збіраўся ахвяраваць свайго сына Богу. У фінальнай частцы верша, запрашаючы гасцей да спеваў і скокаў, Я. Пратасовіч згадвае бога Апалона і іншых міфалагічных персанажаў. Свой заклік узняць келіхі за здароўе маладых падмацоўвае спасылкай на аўтарытэт Саламона.
Літаратура
- Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 307.