Паўль Одэрборн
Паўль Одэрборн (Paul Oderborn; каля 1555, Барт у Заходнім Памор’і — 1604) — дзеяч лютэранскай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім, пісьменнік.
Біяграфія
Нарадзіўся ў мястэчку Барт у Заходняй Памераніі каля 1555 г. Адукацыю атрымаў у Ростаку.
З 1577 года служыў прапаведнікам у лютэранскай кірсе ў Вільні, удзельнічаў у рэлігійных дыспутах і палемічнай перапісцы з прадстаўнікамі іншых канфесіяў, у прыватнасці, з Янам Ласіцкім.
У 1582 годзе ў Ростаку выдаў на лацінскай мове трактат «Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт і адзенне…[3]» (De Russorum religione), у якім выклаў свае ўражанні ад побыту і рэлігійнага жыцця беларусаў, адным з першых сярод заходнееўрапейскіх аўтараў ужыў назву Белая Русь у дачыненні да паўночна-ўсходняй Беларусі. Трактат Одэрборна перавыдаваўся ў складзе падобнай па назве і змесце працы Ласіцкага і іншых выданняў кампілятыўнага зместу.
У сваім трактаце, які можна лічыць адным з першых этнаграфічных зборнікаў пра жыццё беларусаў Полацка-Дзісенскага Паазер’я XVI стагоддзя аўтар апісвае: Рэлігію русаў, Веравучэнне, Храмы, Шлюбны абрад, Пахавальны абрад, Памінкі, Гульні, Адзенне, Ежу і інш.
У частцы «Целасклад» Одэрборн піша: «У вытанчанай музыцы яны не дасведчаныя, зусім не граюць на струнных інструментах, дзеля забавы ў іх звычайна выкарыстоўваецца толькі дуда з мехам. На вяселлях і іншых пачостках вельмі часта водзяць карагоды пад гучнае плясканне ў далоні.»
На беларускай мове тэкст выходзіў у перакладзе Жанны Некрашэвіч-Кароткай, з каментарамі і ўступным словам Генадзя Сагановіча.
У 1587 годзе ў Гродне вітаў абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта III Вазы, атрымаў ад яго пасаду лютэранскага пастара ў Рызе. На аўдыенцыі ў Жыгімонта пазнаёміўся з турэцкім паслом, былым арыянінам з Трансільваніі, і завязаў з ім перапіску па-арабску. Пазней служыў пастарам у сталіцы Курляндыі Мітаве.
Зноскі
- ↑ https://www.ipsb.nina.gov.pl/a/biografia/pawel-oderborn
- ↑ Paul Oderborn // Czech National Authority Database
- ↑ http://www.belhistory.eu/pa%D1%9El-oderborn-pra%D1%9Edzivy-i-grunto%D1%9Eny-apoved-pra-veru-rusa%D1%9E/#ftn14
Літаратура
- Алесь Белы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: БелЭн.
- De Russorum Religione et Ritibus Narratio // Historiae Ruthenicae Scriptores exteri saeculi XVI. T. II. Berolini et Petropoli, 1842.
Спасылкі
- Арыгінальны артыкул(недаступная спасылка)
- Нацыянальная бібліятэка Чэшскай Рэспублікі Архівавана 10 студзеня 2005. (англ.)