wd wp Пошук:

Ян Ласіцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ласіцкі.

Ян Ласі́цкі (польск.: Jan Łasicki; каля 1534 — не раней за 1599) — польскі гісторык, бібліёграф, рэлігійны пісьменнік-палеміст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Ласіцы Сахачоўскага павета Раўскага ваяводства (Мазовія). Паходзіў з дробнай мазавецкай шляхты. Кальвініст. У 1556—1561 гадах вучыўся ў гімназіях і ўніверсітэтах Страсбургу, Жэневы, Лазаны, Цюрыху, Падуі, пазней вандраваў па Швейцарыі, Францыі, Нідэрландах, Англіі; у Парыжы ледзь пазбегнуў гібелі ў Варфаламееўскую ноч (24 жніўня 1572).

Актыўна ўдзельнічаў у міжканфесійнай палеміцы, перапісваўся з вядучымі дзеячамі еўрапейскай Рэфармацыі. Меў разнастайныя навуковыя інтарэсы: напісаў шэраг прац па гісторыі рэлігіі, гісторыі панавання Стэфана Баторыя, нарыс гісторыі Францыі (першы польскі твор такога кшталту), і іншыя (усе на лацінскай мове); цікавіўся дакладнымі навукамі. Лічыцца заснавальнікам польскай бібліяграфіі.

У 1581 годзе вярнуўся з апошняй вандроўкі за межы Рэчы Паспалітай, у 1582 годзе пазнаёміўся з літоўскім падскарбіям, кашталянам менскім Янам Глябовічам (кальвіністам), які запрасіў яго ў ВКЛ; выхоўваў дзяцей Глябовіча Яна і Мікалая, жывучы то ў Вільні, то ў рэзідэнцыі Глябовічаў у Заслаўі. Увайшоў у рознаверны асяродак віленскіх інтэлектуалаў (Цыпрыян Базылік, Андрэй Волан, Паўль Одэрборн і іншыя). У 1582 годзе выдаў у Шпаеры (Германія) зборнік прац розных аўтараў «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў» (назва пазычаная з трактата Одэрборна), у які ўвайшоў і арыгінальны твор Ласіцкага. Апісаў народныя адзенне, стравы, абрады беларусаў, архітэктуру Вільні, Полацка, беларускіх вёсак; крытычна ставіўся да перажыткаў паганства, забабонаў, неадукаванасці насельніцтва ВКЛ. У рэлігійнай палеміцы выступаў як супраць каталіцкай рэакцыі (у 1584 годзе бараніў Андрэя Волана ад Пятра Скаргі), так і супраць радыкальных пратэстанцкіх плыняў (асуджаў антытрынітарыяў, Фаўста Соцына).

Апошнія звесткі пра Ласіцкага паходзяць з Заслаўя (ліпень 1599). Пасмяротна выйшаў яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (Базель, 1615) — першы сістэматычны выклад балцкіх язычніцкіх вераванняў.

Творы

  • De Russorum, Moscovitarum et Tartarorum religione… Spirae, 1582.
  • De diis Samogitarum caeterorumque Sarmatarum… Basileae, 1615.

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #129010596 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
  3. Jan Łasicki // Early Modern Letters Online Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. 1 2 3 Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі Польшчы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be