wd wp Пошук:

Плацыд Янкоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Янкоўскі. Плакід (Плацыд) Янкоўскі (20 верасня 1810, в. Войская, цяпер Камянецкі раён — 11 сакавіка 1872, Жыровічы; Псеўданімы: Віталіс; John of Dycalp) — святар, празаік, паэт, публіцыст і перакладчык. Пісаў на польскай і рускай мовах. Магістр тэалогіі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і ўніяцкага святара. Яго бацька Габрыэль — удзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, паходзіў з беднай шляхецкай сям’і, пазней стаў уніяцкім святаром. Маці Плакіда Янкоўскага звалі Ганнай, паходзіла з роду Лыткоўскіх. У іх было чацвёра дзяцей: Ян — 1803 года нараджэння, Ганна, Кацярына і самы меншы Плакід. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, з 8 да 14 гадоў навучаўся спачатку ў Свіслацкай гімназіі, а затым (з 1818) у базыльянскай школе ў Брэсце.

У 1826 распачаў навучанне ў Галоўнай семінарыі ў Вільні, якая была пры Віленскім універсітэце на правах багаслоўскага факультэта. Быў прыняты на вучобу за казённы кошт. У Віленскім універсітэце вучыўся таксама родны брат Плакіда Ян Янкоўскі. Ян удзельнічаў у тайным студэнцкім таварыстве філаматаў, за процізаконную дзейнасць быў высланы ў Волагду, дзе і памёр. У 1830 Плакід Янкоўскі з адзнакай скончыў Віленскі ўніверсітэт і Галоўную семінарыю пры ім.

У 1831 ажаніўся з дачкой старшыні Літоўскай кансісторыі Гэленай Тупальскай, з якой пражыў 35 гадоў, меў трох сыноў і двух дачок. Пазней святар узяў на выхаванне яшчэ шасцёра дзяцей роднай сястры Ганны, якая была замужам за Іпалітам Гамаліцкім, рэктарам Літоўскай духоўнай семінарыі і памерла ў 1846.

20 жніўня 1833 Плакід Янкоўскі высвячаны на ўніяцкага святара, потым стаў праваслаўным святаром, протаіерэем. Магістр тэалогіі, прафесар дагматычнай тэалогіі і лацінскай мовы ў Літоўскай духоўнай семінарыі. Віцэ-старшыня Літоўскай кансісторыі. Падпісаў акт аб ліквідацыі Уніяцкай Царквы ў 1839. Протаіерэй Плакід Янкоўскі быў узнагароджаны нагрудным залатым крыжам, ордэнамі Святой Ганны 2-ой і 3-яй ступені.

З пераносам у 1845 з Жыровічаў у Вільню Літоўскай духоўнай кансісторыі і семінарыі жыў у Вільні, з’яўляўся настаяцелем віленскай саборнай царквы Свяціцеля і Цудотворцы Мікалая. Паводле ўласнага жадання ў 1846 пакінуў Вільню. З’яўляўся благачынным, жыў у в. Бялавічы Слонімскага ўезда. З 1858 перабраўся ў Жыровічы, дзе пражыў апошнія 14 гадоў жыцця. Памёр 28 лютага (11 сакавіка) 1872. Яго труна была змешчана ў могілкавай царкве Св. Юрыя ў Жыровічах побач з жонкай.

Пасля смерці яго архіў доўгія гады захоўваўся ў Варшаве ў яго дачкі Тэафіліі (у замужжы Васільевай). Там знаходзіліся лісты да Ю. Крашэўскага, А. Плуга, М. Баброўскага, Г. Ржэвускага.

Валодаў замежнымі мовамі: англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, чэшскай, свабодна карыстаўся рускай, польскай, лацінскай, старажытна-яўрэйскай. З сялянамі размаўляў на беларускай мове, заняткі ў семінарыі праводзіў на рускай, польскай, лацінскай.

Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак (вядомы больш за 20 твораў) і краязнаўчых, біяграфічных і інш. нарысаў, якія былі папулярнымі ў Беларусі і Літве. Выдаў кнігі прозы на польскай мове «Засценак» (1841), «Хвілінка» (1842), «Апавяданні» (1843), «Складзеная аповесць» (1843, разам з Юзафам Крашэўскім), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Крыніцы» (1853), «Адась» (1856), «Фанаберыя пана старосты Канеўскага» (1873), камедыю «Прадчуванне» (1842) і іншыя. Аўтабіяграфічны нарыс «Пасхальныя кулічы» раскрывае пастырскае служэнне протаіерэя Плакіда Янкоўскага ў Бялавічах. Пераклаў на польскую мову асобныя творы Шэкспіра, Гётэ і інш. На рускай мове (у «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях») з 1864 года друкаваў апавяданні, нарысы, жыццяпісы, успаміны.

Псеўданім Янкоўскага — John of Dycalp. Прачытаўшы Dycalp справа налева, атрымаем імя пісьменніка, а John (Ян) — выводзіцца з яго прозвішча — Янкоўскі. Яшчэ адзін літаратурны псеўданім — Віталіс Камаед паходзіць з першага твора Янкоўскага «Хаос, тры пальцы фіміяму, расказаныя рыфмаплётам ад Віталіса Камаеда», выдадзенага ў Вільні ў 1835 годзе.

У 2006 у Беларусі ўпершыню выдадзены «Записки сельского священника» Плакіда Янкоўскага, дзе сабраныя нарысы і ўспаміны з апошняга перыяду жыцця, напісаныя пераважна па-руску.

Зноскі

  1. Placyd Jankowski // International Music Score Library Project — 2006. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Placyd Jankowski // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 Янковский, Плакид Гаврилович // Русский биографический словарь — СПб.: 1913. — Т. 25. — С. 141–143.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Пісьменнікі Польшчы
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be