Пятро Стэфановіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Стэфановіч. Пятро Стэфановіч, поўнае імя Пётр Францавіч Стэфановіч (28 чэрвеня 1922, Сёмкаў Гарадок, Мінскі раён — 2006[1]) — беларускі пісьменнік, перакладчык. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Біяграфія
Скончыў гімназію ў Ашмянах (1939). На пачатку 1941 г. пачаў працаваць літсупрацоўнікам ашмянскай раённай газеты «Знамя свободы». Падчас вайны скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у Забайкальскай ваеннай акрузе і курсы «Выстрел» Міністэрства Узброеных Сіл СССР. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым фронце. У 1943 г. быў паранены. Восенню 1944 г. адкліканы з Карэльскага фронту і накіраваны ў Войска Польскае, дзе служыў начальнікам аддзела штаба 10-й дывізіі пяхоты. З 1950 г. працаваў на будоўлях — прарабам, начальнікам участка, галоўным інжынерам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва, у 1969—1979 гг. — інжынер Беларускага аддзялення Літфонду СССР, у 1979—1984 гг. — літаратурны рэдактар часопіса «Вожык». Член Саюз пісьменнікаў СССР з 1990 г.
Творчасць
У друку выступае з 1941 года. Перакладае з польскай на беларускую і рускую мовы, з беларускай на польскую.
На польскую мову пераклаў кнігі для дзяцей А. Лойкі «Дзе хто начуе» (1981), П. Марціновіча «Паспяшайся ў наш звярынец» (1981), А. Вольскага «Еду ў госці да слана» (1981) і «Сцяпан — вялікі пан» (1983), І. Бурсава «Казкі, поўныя цудаў» (1983), беларускія народныя казкі «Лісіца-хітрыца» (1982), «Удовін сын» (1985).
На беларускую мову пераклаў асобныя творы Я. Бжэхвы, Я. Гушчы, В. Жукроўскага, З. Кабатца, У. Махэека, Г. Марцінка, Ю. Озгі-Міхальскага, Я. Парандоўскага, Е. Путраманта, У. Рэйманта, Т. Ружэвіча і інш.
На рускую мову пераклаў асобныя творы З. Сафяна, Г. Гаворскага, Е. Адыгея.
Склаў анталогіі «Ад Буга да Одры» (апавяданні сучасных польскіх пісьменнікаў, 1969) і «Вясёлы калейдаскоп» (гумар і сатыра сучасных польскіх пісьменнікаў, 1979).
Узнагароды
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім медалём «Заслужаны перад польскай культурай».
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).