Рыгор Данілавіч Мурашка
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мурашка. Рыгор Данілавіч Мурашка (3 (16) лютага 1902, в. Бязверхавічы, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць — красавік 1944) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў народнай школе. Скончыў 2-класную валасную школу (1916), у 1917—1918 вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Удзельнічаў у барацьбе з польскімі акупантамі на Случчыне (1919—1920). З 1920 г. член РКП(б). У 1920—1921 і 1924—1926 г. служыў у Чырвонай Арміі. У 1921—1924 — на савецкай і партыйнай рабоце. Член «Маладняка». Адказны сакратар часопіса «Бальшавік Беларусі» (1926—1929), загадчык аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1930—1933). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Падчас рэпрэсій 1930-х не пацярпеў, але быў сведкам раскулачвання сваякоў-аднасяльчанаў[1].
Падчас Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў Мінску. У «Беларускай газеце» быў апублікаваны ягоны нарыс пра здачу Мінска Чырвонай Арміяй, уцёкі партыйнага кіраўніцтва, у гэтай жа газеце Р. Мурашка пачаў публікаваць і новую аповесць, але не скончыў яе[1]. З 1943 г. у мінскім падполлі, затым — у партызанскім атрадзе на Лагойшчыне. Загінуў у красавіку 1944 г. у час прарыву блакады.
Творчасць
Дэбютаваў празаічны творам у 1924 г. (допіс селькора ў газеце «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), аповесці «У іхнім доме» (1929), раманаў «Сын» (1929), «Салаўі святога Палікара» (1940, часопіс «Полымя»[1]; 1967). У суаўтарстве з Н. Гарнічам напісаў кнігу «Бацька Бажэнка: Запіскі Тарашчанца» (1935).
Вядомаць да Р. Мурашкі прыйшла пасля рамана «Сын» (1929), дзе пісьменнік апісвае падзеі напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. Галоўны герой — вясковы хлопец, які трапіў у горад, ператвараецца ў пралетара-рэвалюцыянера, вядома, у цэнтры ўвагі выключная роля бальшавікоў. Раман з сакавітай народнай мовай і цікавымі гістарычнымі эпізодамі стаў адным з папулярных і заняў адно з значных месцаў у беларускай савецкай літаратуры. Творы Р. Мурашкі пачалі часта з’яўляцца ў перыядычным друку.[1]
У аповесці Б. Мікуліча «Цяжкая гадзіна» Р. Мурашка выведзены ў вобразе пісьменніка Рыгора Цярэшкі.[1]
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
- Мурашка Рыгор // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — ISBN 5-340-00709-X.
- Мурашка Рыгор // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
- Крушына Р. Праўдзіва і бяз тэндэнцыяў / Фэльетоны // Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ — Эл.рэсурс kamunikat.org
- Мурашка Рыгор Данілавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 505. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Мурашко Григорий Данилович (руск.) // Праект «Партызаны Беларусі»