Рыгор Ціханавіч Лынькоў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лынькоў.
Рыгор Ціханавіч Лынькоў (1909, каля в. Старое Сяло, Рагачоўскі павет — 1941. Псеўданімы: Рыгор Суніца, Р. Суніца, Р. Смелы; Крыптанімы: Р. Л-ў, Р. Л-оў, Р. Л-коў, Р. Л.) — беларускі савецкі паэт, перакладчык. Брат беларускага паэта Міхася Лынькова.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, таму маленства правёў у чыгуначнай будцы на Рагачоўшчыне. У 1923 годзе цалкам асірацеў. З 1923 да 1925 года жыў у брата (М. Лынькова) у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна. Вучыўся ў Свержанскай сямігодцы, калі брат пераехаў у Бабруйск, скончыў 8 класаў тамтэйшай сярэдняй школы. У 1928 гадзе працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў адной з вёсак Рагачоўскага раёна. Служыў у Чырвонай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, з 1929 года працаваў у рэдакцыі Бабруйскай газеты «Камуніст». У 1936—1941 гадах — адказны сакратар газеты «Літаратура і мастацтва» ў Мінску. Прапаў без вестак у 1941 годзе на фронце.
Сям’я
Быў у шлюбе з яўрэйкай Геняй Рыгораўнай Лерман, якая была малодшай з сямі дочак у сям’і Рыгора і Рахілі Беркаўны Лерманаў. Адна са старэйшых сясцёр Вольга выйшла замуж за пісьменніка Васіля Вітку. Восенню 1941 года нацысты расстралялі Геню, 22-гадовую настаўніцу, разам з зусім маленькай дачушкай Аленкай каля Старых Дарог. Разам з імі загінулі братава жонка Хана Абрамаўна і іхні сын Марык[1].
Творчасць
Друкаваўся з 1926 года. Пісаў пра подзвігі герояў Грамадзянскай вайны, патрыятычныя імкненні моладзі.
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы рускіх паэтаў: вершы і паэму «Добра!» (саўм. з В. Вітка) У. Маякоўскага, п’есу «Казка» М. Святлова і іншыя.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 383. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 131. — 524 с.; іл.. — ISBN 5-85700-153-6.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — С. 311. — 751 с. — 10 000 экз.